Як вынікае з матэрыялаў «чырвонай тэчкі» Рота, беларускі прэзыдэнт, які на той час быў афіцыйна аб’яўлены Брусэлем пэрсонай нон-грата, быў запрошаны ў альпійскую рэспубліку як старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Запрашаў яго тагачасны кіраўнік НАК Аўстрыі і адначасна ўладальнік сеткі аўстрыйскіх казыно Леа Вальнэр. Аўстрыйскі бок аплаціў гэты візыт Лукашэнкі і яго сьвіты з сакрэтнага рахунку НАК, у абыход законаў Аўстрыйскай рэспублікі. Цяпер матэрыяламі васьмігадовай даўніны займаецца мясцовая пракуратура.
Аднак, падае АРА-OTS, кампанія Casinos Austria ўхіляецца ад таго, каб выказаць сваю пазыцыю на гэты конт. Паводле дадзеных Міжнароднага алімпійскага камітэту, ягонай камісіі па этыцы, НАК Аўстрыі, пакуль так і ня выступіў з афіцыйнай справаздачай у гэтай сувязі. Што да цяперашняга кіраўніка Аўстрыйскага алімпійскага камітэту, то ён абараняе свайго мэнтара Леа Вальнэра.
Тым часам журналісцкае расьсьледаваньне Эрвіна Рота выклікала вялікі рэзананс у прэсе. Як перадае АРА-OTS, цяперашнія тэмы журналісцкага расьсьледаваньня Рота, наступныя:
- Адкуль былі ўзятыя сродкі, якія пайшлі на аплату адпачынку беларускай дэлегацыі? Як сьцьвярджалі пазьней прадстаўнікі
- Casinos Austria, якія аплачвалі ўсе рахункі, гэта не былі грошы кампаніі.
- Хто тыя «зацікаўленыя бізнэсоўцы», якія аплачвалі гэты рахунак?
- З кім канкрэтна сустракаўся Лукашэнка ў часе ягонай патаемнай паездкі ў Аўстрыю?
- Хто быў запрошаны на розныя прыёмы, перамовы, вячэры?
Усе гэтыя ды іншыя пытаньні Эрвін Рот накіраваў сёньня непасрэдна Леа Вальнэру і іншым прадстаўнікам Casinos Austria, чые подпісы значацца ў фінансавых матэрыялах. Аўстрыйскі журналіст дужа просіць адказаць яму на гэтыя пытаньні не пазьней за 10 траўня.