Уладзімер, ці верыце Вы ў тое, што называюць натхненьнем?
Віталь Шастакоў
Польскі пісьменьнік Ян Парандоўскі ў сваім вядомым трактаце «Альхімія слова», прысьвечаным пісьменьніцкаму мастацтву і псыхалёгіі творчасьці, сьцьвярджаў, што натхненьне выйшла з моды. У такім разе я — чалавек старамодны, бо ў тое, што называюць натхненьнем, сапраўды веру. Прычым ня толькі ў літаратуры й мастацтве, але, натуральна, і ў філязофіі, навуцы, каханьні…
Антычныя грэкі наогул слушна лічылі натхненьне станам духу, што не паддаецца ўцямнаму вытлумачэньню
У эпоху рамантызму існавала нешта кшталту культу натхненьня. Творцы ўзахапы паведамлялі пра самыя розныя формы сваёй сувязі з вышэйшымі сфэрамі. Юліюшу Славацкаму ягоныя радкі нашэптвалі анёлы. Паэт і мастак Ўільям Блэйк сьціпла мянаваў сябе сакратаром нябесных сілаў, якія дыктуюць яму строфы і вобразы.
Адно з найлепшых вызначэньняў невызначальнага здолеў даць Фрыдрых Шылер, што назваў натхненьне «неспадзяванкаю душы». Праўда, часам такія неспадзяванкі ставілі чалавека на мяжу вар’яцтва, а то й жыцьця ды сьмерці.
Адам Міцкевіч, палохаючы слухачоў, губляў пасьля імправізацыяў прытомнасьць. А адзін сучасны празаік падчас адліву натхненьня, выпіўшы вогненнай вады, выходзіць на вуліцу і можа аддацца глыбокаму здароваму сну ў якім заўгодна месцы — ад ліфту да пясочніцы ў дзіцячым садку. Прычым як чалавек культурны заўсёды — незалежна ад сэзону — распранаецца да майткоў і акуратна кладзе адзеньне пад голаў. Кажуць, яму вельмі даспадобы Флябэр, які апусьціў натхненьне на зямлю, зазначыўшы, што яно палягае адно ў тым, каб штодня ў адзін і той самы час сядаць за рукапіс.
Сучасьнікі, дарэчы, любілі параўноўваць творчыя мэтоды аўтараў «Спадарыні Бавары» і «Трох мушкецёраў» наступным чынам: Флябэр, маўляў, на краёчку пісьмовага стала абедае, а Дзюма на краёчку абедзеннага піша. (Магчыма, Дзюма лічыў, што натхненьне палягае ў тым, каб штодня ў адзін і той самы час абедаць).
Прымазаўшыся да алімпійцаў, скажу колькі слоў і пра сябе любімага.
Пошум анёльскіх крылаў чуў адно на апэрацыйным стале перад наркозам. Славуты ньютанаўскі яблык на макаўку мне ня падаў. Прытомнасьці, як Міцкевіч, не губляў. Да майткоў распранаўся ў іншых сытуацыях.
Але здаралася… Здаралася…
Неяк пісаў гістарычную аповесьць. Праўдзівей, не пісаў, а сядзеў, як конь над пустым цэбрам. І раптам — тая неспадзяванка. Адмахаў старонак дваццаць, не заўважыўшы, што вечар даўно скончыўся, і ад ночы таксама нічога не засталося. Але ўразіла іншае: зірнуў у вакно, а там па вуліцы дзяўчына заместа ядвабнай сукні з гарсажам і чаравікаў-цаколі ў нейкіх блакітных абцёрханых нагавіцах сунецца. Так і з глузду зьехаць нядоўга.
Я вам апавядаю вельмі інтымныя рэчы. Але, калі ўзяўся, скажу і пра самую нядаўнюю неспадзяванку. Ім, гэтым неспадзяванкам, між іншым, зазвычай папярэднічаюць дні, калі галава абсалютна пустая, а думкі сьпяць, як кацяняты на печы. Хіба, можа, адна тузанецца наконт таго, ці не схадзіць у краму па што-небудзь чырвоненькае
Карацей, ганяў цэлы дзень паражняка, потым хуценька паспаў, а калі прачнуўся — з начнога смарагдавага багавіньня срэбнай рыбінкаю вылузаўся першы радок. А на дне талеркі з аўсянкаю ўжо чакаў верш. Зусім нелегкадумны.
Будзеце ягонымі першымі слухачамі і чытачамі
1864
я паміраў
а ты
сьпявала песьні
трымаючы нямоглую руку
канала наша воля
напрадвесьні
у мураўёўскім тым сакавіку
міне стагодзьдзе
рэінкарнаваны
прачнуся зноўку
сьвечка у райку
тваім успыхне
прыкладзеш да раны
мне вусны
на гаючым скразьняку
о déjà vu
у сьвеце нашым цесным!
о тайніцы
ў фіранках ветрам гнаных!
мой інсургент пяшчотны —
увасрэсьні!
я паміраў
а ты
сьпявала песьні
я паміраў
а ты
сьпявала песьні
трымаючы нямоглую руку
канала наша воля
напрадвесьні
у мураўёўскім тым сакавіку
міне стагодзьдзе
рэінкарнаваны
прачнуся зноўку
сьвечка у райку
тваім успыхне
прыкладзеш да раны
мне вусны
на гаючым скразьняку
о déjà vu
у сьвеце нашым цесным!
о тайніцы
ў фіранках ветрам гнаных!
мой інсургент пяшчотны —
увасрэсьні!
я паміраў
а ты
сьпявала песьні
УСЕ ТЭКСТЫ СЭРЫІ “ПАКУЛЬ ЛЯЦІЦЬ СТРАЛА”