Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты на прэзыдэнта заступаюцца за "Новае жыцьцё"


Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Андрэй Саньнікаў, Аляксей Міхалевіч і Рыгор Кастусёў падпісаліся пад зваротам у абарону царквы "Новае Жыцьцё" і ў абарону права на свабоду веравызнаньня.

"Банкаўскі рахунак царквы арыштаваны, абрэзаны ўсе камунікацыі (у тым ліку электрычнасьць і вада), у любы момант супраць пастара царквы могуць быць распачатыя крымінальныя справы паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэксу — за адмову падпарадкоўвацца патрабаваньням чыноўнікаў, за адмову выконваць рашэньні судоў, за забруджваньне прыроды ў асабліва буйным памеры", — гаворыцца ў звароце.

Падпісанты заклікаюць улады спыніць ціск на пастара і вернікаў царквы "Новае Жыцьцё" і забясьпечыць канстытуцыйнае права на свабоду сумленьня.

Гэты зварот будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзыдэнта, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, упаўнаважанаму па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, у офіс АБСЭ ў Рэспубліцы Беларусь, Эўрапейскі Парлямэнт.

Канфлікт паміж уладамі Менску і вернікамі "Новага жыцьця" цягнецца больш за 5 гадоў.

У 2005 годзе вернікаў "Новага жыцьця" пазбавілі зямельнага надзелу і будынку царквы.

У 2006 годзе яны трымалі пост-галадоўку.

Улады паабяцалі вырашыць пытаньне вернікаў станоўча, але праз 2 гады тыя прайгралі суды па ўсіх пазыцыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG