Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У будынку "Новага жыцьця" шукалі харчы


Раніцай 24 жніўня каля будынку царквы "Новае жыцьцё" зьявіліся праўдстаўнікі розных ведамстваў.

Дзясяткі вернікаў, якія сабраліся каля будынку, запатрабавалі ад людзей у пагонах тлумачэньняў. Высьветлілася, што гэта былі прадстаўнікі Міністэрства надзвычайных становішчаў, падатковай інспэкцыі, санэпідэмстанцыі і міліцыі.

Усе гэтыя органы нібыта атрымалі інфармацыю, што ў будынку царквы гандлююць прадуктамі харчаваньня. Вернікі назвалі гэта абсурдам і ніводнага з прадстаўнікоў гэтых ведамстваў у свой храм не пусьцілі.

Вернікі царквы лічаць, што прадстаўнікам уладаў загадана зруйнаваць будынак царквы, каб паставіць кропку ў працяглым канфлікце паміж вернікамі і ўладамі.

Прадстаўнікі "Новага жыцьця" прайгралі некалькі судовых працэсаў, і цяпер вымушаныя плаціць вялікія штрафы. Паводле судовага рашэньня, вернікаў мусяць выдаліць з памяшканьня царквы і гэта можа здарыцца ў любы момант цягам месяца.

14 жніўня набыло законную моц рашэньне Гаспадарчага суда Менску пра спагнаньне зь менскай царквы «Новае жыцьцё» 249 млн. рублёў у якасьці кампэнсацыі за нанясеньне шкоды навакольнаму асяродзьдзю.

29 ліпеня Гаспадарчы суд сталіцы прызнаў царкву «Новае жыцьцё» Рэлігійнага аб’яднаньня абшчын хрысьціян поўнага Эвангельля ў Рэспубліцы Беларусь вінаватай ў нанясеньні шкоды навакольнаму асяродзьдзю — забруджаньні тэрыторыі царквы нафтапрадуктамі.

Камэнтуючы рашэньне суду адразу пасьля яго абвяшчэньня, юрыст царквы Сяргей Луканін заявіў, што прадстаўнікі «Новага жыцьця» не прызнаюць сябе вінаватымі, паколькі пробы зямлі на праверку забруджаньня адбіраліся супрацоўнікамі гарадзкога экалягічнага ведамства без запрашэньня зацікаўленых асоб. «Мы ня можам быць упэўненыя ў тым, што гэта пробы зямлі каля царквы, і ў тым, што ў іх перавышана норма забруджаньня», — падкрэсьліў юрыст.

Канфлікт паміж уладамі Менску і “Новага жыцьця” цягнецца болей за 5 гадоў.

Вернікі судзяцца з уладамі ад 2005 году, калі ў іх забралі зямельны надзел і будынак (былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску). Яны трымалі галадоўку пратэсту і вялі перамовы з уладам. Улады паабяцалі вырашыць пытаньне вернікаў станоўча, але праз 2 гады вернікі прайгралі суды па ўсіх пазыцыях.

Вернікі заяўляюць, што ўлады перайшлі да эканамічных санкцый, каб зьнішчыць непажаданую пратэстанцкую суполку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG