Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчык подпісаў: “5 гадоў таму я б тут ужо не стаяў!”


Ці лягчэй стала зьбіраць подпісы за кандыдатаў у прэзыдэнты? Зьбіральнікі подпісаў параўноўваюць умовы цяперашняй кампаніі з тым, што было 5 гадоў таму. Параўнаньні робіць і міліцыя.

Юры Фабішэўскі сёньня зьбірае подпісы за Ўладзімера Някляева ў падземным пераходзе каля мэтро «Пушкінская». Кажа, што 5 гадоў таму з гэтага месца яго адразу выгналі б: калі не міліцыянты і не супрацоўнікі мэтро, дык гандляры падземных крамаў. Не таму, што ім тады замінаў зьбіральнік подпісаў за Аляксандра Казуліна, а проста зьверху быў такі загад і даводзілася яго выконваць, інакш пазбавяць гандлёвага месца:

«Нашмат лягчэй працаваць, калі паглядзець на працу рэпрэсіўнага апарату. Няма ўжо тых праблемаў зь міліцыяй, якія былі тады. Тады маглі затрымаць і прыпісаць дробнае хуліганства, быццам лаяліся матам».

Хаця і тады сапраўдныя настроі людзей адрозьніваліся ад іхніх паводзін, заўважае Юры Фабішэўскі. Актывіст згадаў, як аднойчы да пікету падышлі супрацоўнікі ў цывільным і прапанавалі на паўгадзіны сысьці — пакуль Беларускае тэлебачаньне здыме сюжэт пра пікет за Аляксандра Лукашэнку. Маўляў, пасьля здымак вяртайцеся, ніхто вас ня будзе чапаць. «Цяпер усе зьбіраюць побач без праблем, хто хоча, здымае гэта на камэры — нікому ніхто не замінае», — кажа актывіст.

А вось актывіст ініцыятыўнай групы Юрась Алейнік кажа, што ня ўсё гэтак добра і ў Менску:

«На мінулым тыдні было, што затрымалі нашага актывіста на выхадзе з кватэры, дзе мы базуемся. Адвезьлі ў міліцыю і абшукалі. Два міліцыянты і людзі ў цывільным. Як потым высьветлілася, яны шукалі нейкія ўлёткі, якія быццам распаўсюджвае ініцыятыўная група Някляева».

Вось як патлумачыў сытуацыю Яўген Сачак з прэсавай службы менскай гарадзкой міліцыі:
Што заўважылі, відаць, усе, — гэта значна вышэйшая актыўнасьць людзей.

«Што тычыцца сыгналаў пра тое, што ў месцах збору подпісаў нібыта парушаецца парадак, у тым ліку — што вядзецца недазволеная яшчэ агітацыя за кандыдатаў у прэзыдэнты, — міліцыя мусіць гэта правяраць, і гэта ўсё, безумоўна, правяраецца. Але такіх выпадкаў не было зафіксавана».

Паводле Яўгена Сачака з прэсавай службы менскай міліцыі, збор подпісаў падчас мінулай выбарчай кампаніі праходзіў больш складана, паколькі было больш абмежаваньняў на месцы, дзе можна ставіць пікеты.

А што за менскай кальцавой аўтадарогай? Паводле Алеся Атрошчанкава з ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава, чым далей ад Менску, тым больш выпадкаў ціску на зьбіральнікаў подпісаў. Актывіст прывёў прыклад учорашняга інцыдэнту ў Дзяржынску, дзе мясцовыя міліцыянты затрымалі зьбіральніка подпісаў Аляксандра Старнагуцкага і склалі на яго пратакол зь «яўна надуманай прычыны — што ня носіць флікер». Яшчэ адно нематываванае затрыманьне было ў Наваполацку. Што да параўнаньня з кампаніяй пяцігадовай даўніны, то, паводле Алеся Атрошчанкава, ёсьць яшчэ адно істотнае адрозьненьне:

«Што заўважылі, відаць, усе, — гэта значна вышэйшая актыўнасьць людзей. Людзі літаральна выстройваюцца ў чэргі, каб падпісацца за дэмакратычных кандыдатаў, і абсалютна пустыя пікеты за Лукашэнку. Гэты кантраст уражвае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG