Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейнасьць ініцыятыўнай групы Някляева разгледзяць на ЦВК


У ініцыятыўнай групе Ўладзімера Някляева сёньня заявілі, што сабралі больш за сто тысяч подпісаў. А ў Цэнтравыбаркаме рыхтуюцца разгледзець пытаньне аб дзейнасьці гэтай групы. Як ідзе збор подпісаў за іншых прэтэндэнтаў?

Сябры ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева плянавалі да 10 кастрычніка сабраць сто тысяч подпісаў. Але, паводле спадара Някляева, даводзілася адцягваць сілы на іншыя клопаты.

«Суды ўсялякія — над Башурам, над кампаніяй „Гавары праўду“. І мы прыходзілі амаль з усімі нашымі людзьмі, каб падтрымаць Башуру, пастаяць перад судом, у судзе. Але, тым ня менш, затрымаўшыся на пару дзён, мы гэтыя сто тысяч, як і меркавалі, сабралі. Ня так проста зьбіраюцца гэтыя подпісы, як здаецца. Ва ўсялякім выпадку, на пікетах іх сабраць немагчыма. Асноўнае з таго, што мы сабралі — адсоткаў 85 — сабрана па кватэрах. А вось 15% — гэта пікеты. Далей, ведаючы, што ў нашай краіне не ў таго права і закон, у каго подпісы, а ў таго, хто іх лічыць, мы зьбяром яшчэ. Але ня будзем гнацца за вялікай колькасьцю».

Паводле спадара Някляева, дзеля бясьпекі мяркуецца сабраць яшчэ 20-30 тысяч подпісаў.

Ня ўсе ініцыятыўныя групы паведамляюць лічбы для прэсы. Да прыкладу, у ініцыятыўнай групе Андрэя Саньнікава. Сябра групы Віктар Івашкевіч адзначыў, што «ўсе лічбы, якія гучаць з рэгіёнаў па тэлефоне — прагнозныя»:

«Мы вырашылі агучыць лічбы, якія здадзеныя ў камісіі. Мы цяпер подпісы правяраем, некаторыя лісты аддаем на выпраўленьне, некаторыя бракуем. Мы дадзім інфармацыю па рэальных выніках, па подпісах, якія здадзеныя ў камісіі. Цяпер ніхто гэтыя подпісы ў поўным аб’ёме ў камісіі ня здаў. Уся астатняя інфармацыя — папярэдняя. Але мы вырашылі гэтымі папярэднімі лічбамі не размахваць, тым больш што засталося яшчэ два тыдні да завяршэньня збору подпісаў».
Някляеў: Мы ня дзеля таго паклалі столькі высілкаў на гэтую кампанію, каб на такой драбязе, як нейкая лістоўка, кінутая ў паштовую скрынку, усю нашу справу ўзяць і спаліць на агні.

Паводле Анатоля Паўлава, кіраўніка штабу Яраслава Раманчука, за іхняга вылучэнца сабрана больш як 70 тысяч подпісаў. Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі і Мікалай Статкевіч, паводле папярэдніх дадзеных, ужо сабралі палову неабходных подпісаў.

У Цэнтравыбаркаме паведамілі, што ініцыятыўныя групы працуюць карэктна, ніякіх заўвагаў няма. Апроч групы Ўладзімера Някляева. На бліжэйшым пасяджэньні ЦВК будзе разглядацца пытаньне ў зьвязку з распаўсюдам друкаванай прадукцыі, вырабленай за мяжой. За гэта Ўладзімеру Някляеву пагражаюць папярэджаньнем. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік хацеў бы, каб усе працягвалі збор подпісаў, у тым ліку група Ўладзімера Някляева:

«Яго ўдзел ажыўляе выбарчы працэс, робіць кампанію больш маляўнічай, і нам хацелася б, каб сябры ініцыятыўнай групы не рабілі мядзьведзевай паслугі Ўладзімеру Някляеву».

Уладзімер Някляеў заявіў, што ні ён, ні яго ініцыятыўная група ня маюць ніякага дачыненьня да распаўсюду ўлётак:

«Нехта вельмі хоча, каб за нейкія парушэньні прэтэндэнта на кандыдата ў прэзыдэнты Някляева зьнялі, і займаецца тым, чым займаецца. Сёньня надрукаваць любое выданьне зь лягатыпам кампаніі „Гавары праўду“ ці з заклікам „За Някляева“ — не праблема. Не праблема кінуць у скрыню. То бок наша ініцыятыўная група гэтым не займаецца. Мы ня дзеля таго паклалі столькі высілкаў на гэтую кампанію, каб на такой драбязе, як нейкая лістоўка, кінутая ў паштовую скрынку, усю нашу справу ўзяць і спаліць на агні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG