Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: “Рух наперад” будзе доўжыцца, кампанія будзе працаваць


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
12 кастрычніка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Менгарвыканкаму аб пазбаўленьні дзяржаўнай рэгістрацыі дасьледча-асьветніцкай установы «Рух наперад», якая праводзіць грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!» Кіраўнік «Руху наперад» — прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Някляеў.

Гэты судовы працэс доўжыцца зь ліпеня, калі Менгарвыканкам выступіў з пазовам, каб прызнаць дамову «Руху наперад» з ТАА «Tina Vlati» аб арэндзе памяшканьня на праспэкце Машэрава, 54-5 нікчэмнай. Маўляў, гэтыя плошчы — гандлёвыя і ня могуць выкарыстоўвацца пад офіс. 29 ліпеня Гаспадарчы суд задаволіў гэты пазоў Менгарвыканкаму.

Паводле слоў прадстаўніка «Руху наперад» Віктара Сазонава, у заканадаўстве няма ніякай нормы, якая б вызначала, якія памяшканьні могуць выкарыстоўвацца для адміністрацыйных мэтаў. Да таго ж у кампаніі «Tina Vlati» рух арандаваў не гандлёвыя, а менавіта адміністрацыйныя плошчы. Але 12 кастрычніка судзьдзя Андрэй Рыбалкін пастанавіў ліквідаваць рэгістрацыю «Руху наперад».

Выканаўчы дырэктар «Руху наперад» Ніна Пахлопка заявіла, што абавязкова будзе абскарджваць гэтае рашэньне:

«Мы сёньня суд прайгралі — на паперы. Але мы абавязкова будзем апэляцыйную скаргу падаваць і ў калегію Гаспадарчага суду, і касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Здавацца ніхто не зьбіраецца, як гаварылі праўду, так і будзем гаварыць. Усё шыта белымі ніткамі, доказаў ніякіх няма, што мы парушылі закон. Але разам з тым рашэньне такое прынятае».

Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» паэт Уладзімер Някляеў такім чынам пракамэнтаваў рашэньне Гаспадарчага суду:

Кампанія аб’яўленая па-за законам. Гэта ня стала для нас нечаканкай.
«Кампанія дзяржавы супраць кампаніі „Гавары праўду!“ прыйшла, што называецца, да свайго лягічнага фіналу. Кампанія аб’яўленая па-за законам. Гэта ня стала для нас нечаканкай. Было б горш, калі б гэта ўдалося зрабіць у ліпені, на першым судзе. Але тады мы прыклалі ўсе намаганьні, каб кампанію захаваць, бо не былі яшчэ гатовыя да рэзкіх зьменаў. А цяпер мы падрыхтавалі ўжо пазыцыі, прычым гэтыя пазыцыі знаходзяцца ня ззаду, а паперадзе. Так што „Рух наперад“, які яны закрылі, усё адно будзе доўжыцца, кампанія будзе працаваць у тым жа рэжыме.

Амаль усе сябры „Гавары праўду!“ уваходзяць у ініцыятыўную групу Ўладзімера Някляева, так што кожны зь іх мае пасьведчаньне, абаронены законам».

Ці паўплывае наагул судовае рашэньне на вашу выбарчую кампанію, ці будзеце мяняць стратэгію, тактыку?

«Стратэгію і тактыку мы будзем мяняць не ў зьвязку з тым, што будзе прыдумляць суд, дзяржава. Мы будзем мяняць у зьвязку з тым, што самі прыдумаем, каб кампанія праходзіла больш актыўна, больш крэатыўна, больш цікава, што мы і робім штодня».

На 14 кастрычніка Ўладзімера Някляева выклікаюць на паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі для разбору, чаму па паштовых скрынках раскідаюцца агітацыйныя ўлёткі за яго. Спадар Някляеў лічыць, што гэта чарговая спроба перашкодзіць ягонай выбарчай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG