Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Раней людзі хвалілі Лукашэнку за мяжой, а як разабраліся, то спачуваюць нам...”


Што трэба зрабіць Лукашэнку, каб памірыцца з Крамлём? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.


Спадар: «Я нават ня ведаю, што яму трэба зрабіць, але было б найлепей, каб ён прайграў выбары і сышоў, бо ён ня цар, хопіць ужо кіраваць намі. І няхай жыве мірна з усімі, як цывілізаваны эўрапейскі чалавек».

Спадар: «Ня ведаю, ня ведаю, які сэнс яму нешта рабіць? Расея яго цісьне, і яны ня маюць рацыі. А яму не патрэбна нічога рабіць, галоўнае не станавіцца перад імі на калені. Гэта мая думка».

Спадар: «Пытаньне сур’ёзнае. Думаю, што кіраўнікі дзяржаў павінны памірыцца самі паміж сабой. Мы ж усё ж браты, хоць нейкія, але браты. Выйсьце ёсьць заўсёды, галоўнае — правільны падыход».

Спадар: «Па-праўдзе кажучы, нас Расея цісьне, а „бацька“ ня хоча танчыць пад іхнюю дуду. Гэта мая думка».

Спадарыня: «Я не ўяўляю на што здольныя гэтыя палітыкі, але думаю, што народы, калі возьмуцца, то самі залагодзяць гэты канфлікт».

Спадар: «Ён павінен выканаць усе ўмовы расейскага кіраўніцтва, але гэта, думаю, будзе цяжка для яго».

Спадарыня: «Дзеля гэтага трэба быць дыпляматам, а гэты... Няхай разьбіраюцца».

Спадар: «Трэба быць яму разумнейшым, а ён займаецца ерундой, з усімі лаецца. Нельга так сябе паводзіць. Я жыву тут, а працую за мяжой. Раней людзі хвалілі яго там, казалі, што ў нас добры прэзыдэнт, а як разабраліся, то цяпер толькі спачуваюць...».

Спадар: «Мне здаецца, што яму трэба яшчэ больш жорстка паводзіць сябе з Расеяй, бо яны ўвесь час ціснуць на нас, а ім трэба адказаць. А яму патрэбна сувязі зь імі зьвярнуць і ісьці ў Эўразьвяз».

Ягоная жонка: «Так, патрэбна ісьці ў Эўропу».

Спадар: «Я не магу адназначна сказаць, ці ёсьць там нейкі канфлікт. А можа, гэта проста шоў, тэатар для людзей, падаткаплацельшчыкаў, каб паказаць, што вось так адпрацоўваю вашыя грошы. Узровень гэтых палітыкаў як быў 10 гадоў таму, такім і застаўся і заўважце, кіруюць адныя і тыя ж людзі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG