Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАРЭ Беларусі зноў прыгадалі сьмяротнае пакараньне


Пазытыўных крокаў з боку Беларусі ў кірунку Рады Эўропы няма, заявіў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Мэўлют Чавушаглу.

4 кастрычніка ў францускім Страсбургу адкрылася чарговая, восеньская сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.


На прэсавай канфэрэнцыі перад пачаткам сэсіі прэзыдэнт ПАРЭ Мэўлют Чавушаглу, адказваючы на пытаньне пра стасункі зь Беларусьсю, адзначыў, што апошнім часам яны ня бачаць пазытыўных крокаў з боку нашай краіны.

"ПАРЭ прыняла станоўчую рэзалюцыю па Беларусі. У Нацыянальным сходзе створана рабочая група па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня. Аднак пасьля гэтага ў Беларусі прыводзяцца ў выкананьне два сьмяротныя прысуды", — адзначыў прэзыдэнт ПАРЭ.

У сакавіку было расстраляна двое асуджаных, у верасьні вынесены яшчэ адзін сьмяротны прысуд. Тым часам увядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне — асноўная ўмова, каб узнавіць для Беларусі статус спэцыяльна запрошанай у ПАРЭ.

Паводле слоў Чавушаглу, апошнія сьмяротныя прысуды значна пагоршылі атмасфэру стасункаў паміж Беларусьсю і Радай Эўропы.

Пры гэтым палітык дадаў, што да прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў сьнежні, пераменаў ад Беларусі чакаць ня варта. Ён спадзяецца, што нешта зьменіцца пасьля выбарчай кампаніі.

"Я хачу чарговым разам падкрэсьліць неабходнасьць паляпшэньня стасункаў Беларусі з Радай Эўропы. Мы спадзяемся, што наш дыялёг будзе працягнуты і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Мы гатовыя і надалей рабіць намаганьні дзеля таго, каб уцягнуць Беларусь у Раду Эўропы. Аднак і Беларусь павінна нам дапамагчы", — адзначыў Мэўлют Чавушаглу.

Мэўлют Чавушаглу паведаміў, што сярод іншых пытаньняў парадку дня плянуецца абмеркаваць і сытуацыю ў Беларусі, перадае TUT.BY.

Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне.

29 красавіка 2010 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыпыніла кантакты зь Беларусьсю ў сувязі зь "недастатковым прагрэсам" краіны ў галіне адпаведнасьці стандартам Рады Эўропы.

Паводле праваабаронцаў, ад часу абвяшчэньня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе сьмяротных прысудаў было вынесена больш за 400.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG