Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтычны трамвай кандыдата Някляева


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Сёньня ў ЦВК прымалі сьпісы ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Паэт і лідэр кампаніі "Гавары праўду" Уладзімер Някляеў абраў незвычайны варыянт паездкі да Дома ўраду, у якім разьмешчаны Цэнтравыбаркам, — разам з паплечнікамі і журналістамі ён паехаў на трамваі ад плошчы Перамогі да плошчы Мясьнікова і па дарозе правёў для прэсы сваю экскурсію па горадзе.

Уладзімер Някляеў патлумачыў, што абраў трамвай як самы дэмакратычны транспарт, як сымбаль блізкасьці будучай улады да народу ў выпадку ягонай перамогі і згадаў, як калісьці на тралейбусе езьдзіў будучы расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын. Кожнае месца, якое мінаў трамвай, спадар Някляеў апісваў па-свойму:

"Вось першы сымбаль — плошча Перамогі, што ён абазначае? Што мы ад перамог да перамог — так і пойдзем… Мы праяжджаем вуліцы, адну зь іх, ва ўсялякім выпадку, якую мы прапаноўвалі перайменаваць іменем Васіля Быкава, мы сабралі для гэтага 105 тысяч подпісаў, аднесьлі іх у гарвыканкам. Учора, дарэчы, пачалася сэсія гарсавету, і нам паабяцалі, што гэтае пытаньне будзе ўключанае ў парадак дня ".

Спадар Някляеў са сваімі паплечнікамі і журналістамі занялі палову трамвая. Іншыя пасажыры насьцярожана прыслухоўваліся да словаў Някляева:

Сталая жанчына: "Я баюся, што яны стаўленікі Масквы, і таму не хачу за іншых галасаваць. Бо ўсё ў нас будзе куплена Масквою, калі будзе іх стаўленік. Таму толькі за Лукашэнку".

Дзяўчына: "Някляеў мне цікавы. Але ня больш за тое. Перамены заўсёды магчымыя. Нават цяпер".

У ЦВК Уладзімер Някляеў разам з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы Андрэем Дзьмітрыевым прынёс сьпіс на 2575 чалавек, а таксама даведкі з ЖЭСаў аб месцы свайго жыхарства ў Беларусі за апошнія 10 гадоў. Гэтая тэма вельмі зацікавіла супрацоўніцу ЦВК Надзею Кісялёву. Спадар Някляеў патлумачыў:

"Так, я выяжджаў за мяжу. У 1999 годзе я прабыў спачатку ў Польшчы 6 месяцаў, потым вярнуўся афармляць пашпарт. Потым я паехаў у Фінляндыю і прабыў там каля паўгода. Гэта былі як камандзіроўкі. Я там працаваў па запрашэньні міжнароднага ПЭН-цэнтру, ёсьць такая міжнародная пісьменьніцкая арганізацыя, якая дае невялікі грант, каб чалавек меў за што жыць… І я ўвесь час езьдзіў сюды, я ўдзельнічаў ва ўсіх акцыях".

У ЦВК Някляеву патлумачылі, што цягам 5 дзён да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ён мае права ўносіць зьмяненьні ў яе склад. Паводле спадарыні Кісялёвай, пытаньне рэгістрацыі ініцыятыўных груп хутчэй за ўсё будзе разгледжанае Цэнтравыбаркамам у панядзелак.

Пасьля перадачы сьпісу ініцыятыўнай групы Уладзімер Някляеў выказаў перакананьне, што ўлада будзе рабіць усё, каб не дапусьціць вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі і заявіў, што гатовы гутарыць з усімі апазыцыйнымі прэтэндэнтамі на ўдзел у выбарах, нягледзячы на абразьлівыя заявы.

Спадар Някляеў таксама абверг ягоныя азначэньні як нейкага прарасейскага кандыдата:

"Гэта вельмі на руку Лукашэнку. Калі на мінулых выбарах А. Лукашэнку была празаходняя апазыцыя, праэўрапейская, і ўсё было зроблена для таго каб гэтая апазыцыя ў вобразе Мілінкевіча на палітычным полі была, то на гэтых выбарах яму патрэбная прарасейская апазыцыя. Таму што ў яго цяпер найбольш напружаныя адносіны з Расеяй. І што ўлада мае на ўвазе пад прарасейскай апазыцыяй? Тое, што вось, маўляў, гэтая Расея ўжо тут стараецца зьляпіць зь нейкага паэта свайго кандыдата, стараецца ўлезьці ў нашыя ўнутраныя справы, а мы гэтага ўсяго не дапусьцім, гэта будзе кансалідацыя народу на супрацьстаяньні расейскай экспансіі".

Гутарку са сваімі паплечнікамі і прэсай спадар Някляеў завяршыў наступнымі словамі:

"Усім дзякуй! Будзем разам! Праўда пераможа! Жыве Беларусь!"


ФОТАРЭПАРТАЖ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG