Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад акцыяй салідарнасьці затрымалі каля 20 актывістаў


Каля касьцёла сьвятога Язэпа ў Менску адбылася акцыя салідарнасьці. Перад яе пачаткам міліцыянты затрымалі каля 20 актывістаў.

Сярод затрыманых — маладзёвыя актывісты Зьміцер Дашкевіч, Мікалай Дземідзенка, Уладзімер Яроменка, Антон Койпіш і Вячаслаў Сіўчык, а таксама актывісты кампаніі «Гавары праўду».

Паводле сустаршыні Партыі БХД Паўла Севярынца, цяпер яны знаходзяцца ў Цэнтральным РАУС. Міліцыянты кажуць, што зь імі разьбіраюцца. Пакуль з затрыманымі няма тэлефоннай сувязі. Аднак саму акцыю міліцыянты ў цывільным не разганялі, толькі назіралі за ёй і здымалі апэратыўнае відэа.

Акцыя каля касьцёла сьвятога Язэпа пачалася а 19-й гадзіне. Некалькі дзясяткаў актывістаў, сярод якіх сябры Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і Маладога фронту, запалілі зьнічы, якія трымалі ў руках разам з фотаздымкамі касьцёла.

У некаторых удзельнікаў акцыі былі партрэты актывіста «Гавары праўду» Міхася Башуры. Партрэты зьніклых — палітыка Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, журналіста Зьмітра Завадзкага і нядаўна загінулага журналіста Алега Бябеніна не патрапілі пранесьці да касьцёлу.

Акцыя салідарнасьці ля касьцёлу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:40 0:00
Наўпроставы лінк


У сваіх выступах каля касьцёлу Павал Севярынец, Наста Палажанка і Франак Вячорка згадалі імёны зьніклых апанэнтаў рэжыму і адзначылі, што памяць пра іх і абарона касьцёлу ўзаемазьвязаныя. Павал Севярынец адзначыў, што адстаяць сьвятыню можна толькі супольна. Падчас акцыі на кляштары працягваліся будаўнічыя працы.

«Мы чуем гукі разбурэньня — разбураюць кляштар, разбураюць сьвятыню. Мы зьбіраемся разам з вамі. Плошча Волі для беларусаў — гэта месца сьвятое. Касьцёл, перад якім мы зьбіраемся, калісьці быў адной з галоўных сьвятыняў Беларусі. Мы зьбіраемся тут ня толькі таму, каб вярнуць гэты касьцёл. 16 верасьня, 11 гадоў таму, былі выкрадзеныя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Некалькі дзён таму мы пахавалі Алега Бябеніна. І мы зьбіраемся тут, бо гэтыя рэчы вельмі зьвязаныя».

Мы пачынаем Плошчу зь сёньняшняга дня салідарнасьці.
Маладзёвы актывіст Франак Вячорка ў сваім выступе падчас акцыі адзначыў:

«Мы пачынаем пратэст. Мы пачынаем Плошчу зь сёньняшняга дня салідарнасьці. Гэтая ўлада ня зьменіцца мірным шляхам. Яна ня зьменіцца шляхам выбараў. Але яна зьменіцца вулічнымі пратэстамі. І гэтыя вулічныя пратэсты пачынаюцца тут і цяпер».

Удзельнікі акцыі чыталі малітвы, прасьпявалі гімн «Магутны Божа».

Павал Севярынец абвясьціў, што кожны дзень каля касьцёлу будзе працягвацца бестэрміновая кампанія па вяртаньні сьвятыні вернікам. Будуць ладзіцца акцыі рознага фармату. Падводзячы вынікі акцыі, Наста Палажанка сказала, што акцыя атрымалася:

«На вялікі жаль, зноў затрыманыя людзі. Але для іх гэта сьведчыць толькі аб пачатку прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Абарона гэтага касьцёлу — гэта сьведчаньне гатоўнасьці да абароны Беларусі».

Удзельнік акцыі, патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ад БХД, Віталь Рымашэўскі адзначыў:

«Гэта якраз сьведчаньне таго, што гэтыя пытаньні трэба і магчыма падымаць якраз падчас выбараў. Тое, што гэтую акцыю сёньня якраз не разагналі, пацьвярджае нашу пазыцыю, што гэтыя акцыі трэба рабіць. І падчас выбараў трэба ўздымаць менавіта тыя пытаньні, якія найбольш балючыя для беларускага народу».

Павал Севярынец і Віталь Рымшэўскі
З партрэтамі Міхася Башуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG