Зьмяніць дату ў квітках дадому змусіў італьянцаў амаль што наш чалавек — славак Уладзімір Вайс. Ён з футбольнай дынастыі: яго бацька (таксама Ўладзімір Вайс) гуляў за зборную Чэхаславакіі. Надзяваў майку зборнай і Ўладзімір Вайс II, а пасьля ён пачаў трэніраваць зборную ўжо Славакіі. Сын цяперашняга Вайса-трэнэра — таксама футбаліст, ён таксама на мундыялі ў складзе зборнай. І таксама завецца Ўладзімір Вайс. Трэці.
Калі вам сьніцца Залатая Багіня, калі яна ў снах гаворыць з вамі на вашай мове, то шанцаў на тое, каб дакрануцца да яе наяве, у вас становіцца нязьмерна болей. За чатыры гады, якія прамінулі з апошняга чэмпіянату сьвету, італьянцы перасталі размаўляць з Залатой Багіняй у снах. Як мужчыны аслабляюць увагу да жанчыны, якую заваявалі. Залатая Багіня не даруе такога стаўленьня і пачынае заляцацца да таго, хто апынаецца побач зь няўдзячным мужам. У вырашальным матчы побач з італьянцамі апынуліся славакі. І Залатая Багіня загаварыла па-славацку.
Наколькі трывалым стане гэты раман Уладзіміра Вайса і Залатой Багіні? Хутчэй за ўсё, гэта будзе каханьне на адну ноч. У панядзелак 28 чэрвеня на стадыі 1/8 фіналу Славакія сустрэнецца зь Нідэрляндамі. Дакладна, што Залатая Багіня, апрача славацкай, ведае і галяндзкую мову. Ці вывучыць яна калі-небудзь беларускую? Напэўна, не раней, чым па-беларуску загаворыць галоўны трэнэр нашай зборнай.