Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамана Пратасевіча ўзялі вядоўцам на СТБ


Раман Пратасевіч, архіўнае фота
Раман Пратасевіч, архіўнае фота

У першай праграме пад назвай «Без прыкрыцьця» Раман Пратасевіч раскрытыкаваў Літву за тое, што яна нібыта схавала надзвычайную сытуацыю на Ігналінскай АЭС.

Пра гэта паведамляе «Наша ніва».

Выданьне нагадвае, што Пратасевіч у свой час набыў шырокую вядомасьць як адзін з рэдактараў папулярнага тэлеграм-канала Nexta, які адыграў важную ролю ў каардынацыі беларускіх пратэстаў у 2020 годзе.

23 мая 2021 года Пратасевіч разам са сваёй сяброўкай Сафіяй Сапегай быў затрыманы ў выніку арганізаванай беларускімі ўладамі вымушанай пасадкі ў Менску самалёту Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Пасьля таго ён пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам, дзякуючы чаму ягоныя ўмовы ўтрыманьня пад вартай былі значна мякчэйшыя за звычайных палітвязьняў.

Менскі абласны суд 3 траўня 2023 года прысудзіў Пратасевіча да 8 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 22 траўня 2023 года Пратасевіч быў памілаваны.

Пасьля таго ён нейкі час працаваў зваршчыкам на Менскім электратэхнічным заводзе імя Казлова, пасьля велакур’ерам і бармэнам. Але пры гэтым сьцьвярджаў, што мае вялікія цяжкасьці з пошукам працы і браць яго нікуды ня хочуць.

Улады неаднаразова выкарыстоўвалі Пратасевіча ў сваёй прапагандзе. Ён стварыў адмысловы тэлеграм-канал, пэўны час ён першым агучваў прозьвішчы палітвязьняў, якія былі памілаваныя. адзін час даручалі называць прозьвішчы палітвязьняў, якіх вызвалялі.

Невядома, як доўга ён будзе весьці сваю праграму на СТБ, дзе таксама працуе Рыгор Азаронак.

31 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Пратасевіч нават падчас пасадкі самалёта Ryanair у Менску ў траўні 2021 года зьяўляўся супрацоўнікам беларускай выведкі пад прыкрыцьцём. Сам Пратасевіч пасьля гэта пацьвердзіў, не ўдаючыся ў падрабязнасьці. Магчыма, назва ягонай цяперашняй праграмы «Без прыкрыцьця» апэлюе да тлумачэньня Лукашэнкі наконт Пратасевіча. Многія экспэрты выказваюць сумневы ў тым, што Пратасевіч у 2021 годзе быў супрацоўнікам беларускай выведкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG