Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз палякаў: у чаканьні зьменаў


Саюз палякаў па-ранейшаму падзелены: існуюць зарэгістраваная, праўладная арганізацыя і незалежная, якая дзейнічае напаўлегальна.

Першай належаць шаснаццаць Дамоў польскіх па ўсёй Беларусі, другая мусіць праводзіць свае імпрэзы ў іншых памяшканьнях. Днямі замест Анжалікі Борыс на чале незарэгістраванага Саюзу палякаў стала яе былая намесьніца Анжаліка Арэхва. Ці можа гэта паўплываць на становішча СПБ?

У Саюзе палякаў паведамілі, што і Анжаліка Арэхва, і яе намесьнікі — у раз’ездах. Іхнія тэлефоны адключаныя. Пытаньне да сябры Галоўнай рады СПБ Анджэя Пісальніка: ці можа зьмена кіраўніцтва паспрыяць нейкім зьменам у сытуацыі?

Анджэй Пісальнік
"Што тычыцца зьмены курсу ці палітыкі Саюзу палякаў, то трэба давяраць новай старшыні, якая кажа, што ніякай зьмены курсу ня будзе, што Саюз палякаў пад яе кіраўніцтвам будзе працягваць тую самую дзейнасьць і палітыку. І тут няма падставаў думаць інакш. Ці ўлады ўспрымаюць гэта як сыгнал, што не прызнаваны імі Саюз палякаў будзе схільны да нейкіх кампрамісаў, то тут трэба чакаць нейкага кроку ўладаў. Калі ўлады нейкі сыгнал дадуць, што гатовыя размаўляць аб дасягненьні кампрамісаў, аб легалізацыі Саюзу палякаў, то тады трэба будзе чакаць рэакцыі новага кіраўніцтва, калі яна будзе. У мяне нейкіх прагнозаў на гэтую тэму няма".

Польскі рух моцны ў Лідзе, але там палякі належаць адразу да трох лягераў: ёсьць два саюзы палякаў, а таксама Таварыства польскай культуры Лідчыны, якое заўжды існавала асобна. Ім кіруе Аляксандар Колышка. Яго погляд на будучыню незарэгістраванага саюзу палякаў:
Хай будзе некалькі арганізацый, а праца пакажа — хто лепшы або горшы ...

"Па-першае, можна пажадаць Анжаліцы Арэхве, каб ёй працавалася як найлепей, яна нашая — лідзянка. Напэўна, ёй будзе цяжка. Усё залежыць ад уладаў. Як на мяне, то можа існаваць некалькі польскіх арганізацый. Як я разумею, Саюз палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Арэхвы гатовы легалізавацца. Хай будзе некалькі арганізацый, а праца пакажа — хто лепшы або горшы".

У Лідзе адзін з найлепшых Дамоў польскіх. Ён быў збудаваны на грошы, атрыманыя з Польшчы. Аднак там не бываюць ня толькі паплечнікі Анжалікі Арэхвы, але і Аляксандар Колышка са сваімі прыхільнікамі.

Колышка: "Калі гаварыць пра Ліду, мы робім сваю справу. Пакуль пытаньне з Саюзам палякаў ня вырашанае, пакуль Дом польскі ў Лідзе ня зьменіць свайго характару, ня будзе служыць усім палякам, усім польскім арганізацыям і пакуль гэта ня будзе гарантавана нейкім статутам гэтага дома, да таго часу мы ня будзем гатовыя нейкім чынам супрацоўнічаць з гэтым домам".

Такім чынам, Дом польскі не аб’ядноўвае ўсіх палякаў у Лідзе — ён належыць афіцыйнаму Саюзу палякаў на чале са Станіславам Сямашкам.

Колышка: "Зь іх боку прапановаў не паступала, я ня думаю, што яны зацікаўленыя ў тым, каб супрацоўнічаць з намі. Пакуль такіх прапановаў не паступала, мне цяжка гаварыць пра нашую рэакцыю. Але пакуль ёсьць гэты канфлікт, мы хацелі б быць убаку ад гэтага канфлікту, не ангажавацца ні па адным, ні па другім баку".

24—25 чэрвеня ў Беластоку адбываецца міжнародная канфэрэнцыя з нагоды 20-годзьдзя ўтварэньня Саюзу палякаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG