Расея захавае мытны кантроль на мяжы зь Беларусьсю на некаторыя групы тавараў да 1 студзеня 2011 году. Пра гэта, як перадае БЕЛТА, паведаміў сёньня начальнік аналітычнага ўпраўленьня Фэдэральнай мытнай службы Расеі Ўладзімір Івін.
Паводле Івіна, на цяперашні момант вызначана тры выняткі з свабоднага перамяшчэньня тавараў зь Беларусі ў Расею. Першы – гэта тавары, у адносінах да якіх у Расеі дзеюць антыдэмпінгавыя і кампэнсацыйныя меры.
Другі вынятак датычыць увозу транспартных сродкаў фізычнымі асобамі. Уладзімір Івін падкрэсьліў, што Расея не пярэчыць супраць існаваньня больш нізкага мыта на аўтамабілі ў Беларусі, але ў тым разе, калі яны ня будуць завозіцца для продажу ў Расею. Пры гэтым, як заявіў Івін, абмежаваньні на перамяшчэньне аўтамабіляў ня ўводзяцца: грамадзяне Беларусі змогуць перамяшчацца на тэрыторыі Мытнага саюзу на сваім аўтамабілі на працягу любога тэрміну, аднак ня змогуць перадаваць правы распараджацца і кіраваць машынаю іншым асобам.
І, нарэшце, трэці вынятак. Ён, паводле прадстаўніка Фэдэральнай мытнай службы Расеі, найбольш істотны – датычыць экспарту тавараў.