Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія хостынг-правайдэры напісалі ў Мінсувязі і ААЦ


Беларускія хостынг-правайдэры 8 чэрвеня накіравалі калектыўны зварот у Мінсувязі і Апэратыўн-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце (ААЦ).

Аўтар звароту прапануюць "панізіць цэны на зьнешні трафік да сярэднеэўрапейскіх і адмяніць патрабаваньне да юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў (рэзыдэнтаў Рэспублікі Беларусь) разьмяшчаць свае інфармацыйныя рэсурсы толькі на абсталяваньні, якое фізычна знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

"Галоўная прычына, па якой частка сайтаў, якія належаць рэзыдэнтам Беларусі, па-ранейшаму знаходзіцца на абсталяваньні, якое фізычна разьмешчана за межамі Беларусі, зьяўляецца значна больш высокі кошт замежнага трафіку ў Беларусь у параўнаньні з краінамі заходняй Эўропы", — адзначаюць правайдэры.

Уведзеныя тэрытарыяльныя абмежаваньні на разьмяшчэньне сайтаў "прывядуць да немагчымасьці выкарыстаньня шмат якіх новых інтэрнэт-тэхналёгіяў, што, у сваю чаргу, нэгатыўна адаб'ецца на якасьці паслугаў, якія аказваюцца беларускімі хостынг-правайдэрамі". Гэта "напрамую супярэчыць асноўным мэтам указа № 60 — павышэньне якасьці інтэрнэт-паслугаў", адзначаюць аўтары звароту.

Яны прапануюць дазволіць беларускім хостынг-правайдэрам абслугоўваць фізычных асобаў (рэзідэнтаў РБ) на абсталяваньні, якое фізычна знаходзіцца за мяжой.

Правайдэры лічаць мэтазгодным замяніць рэгістрацыю сайтаў абавязкам хостынг-правайдэраў.

"Зусім відавочна, што рэгіструючая арганізацыя цяпер ня мае магчымасьці зарэгістраваць у сьціслы тэрмін усе беларускія сайты, а гэта ня меней як 30000 сайтаў", - напісана ў звароце, які цытуе БелаПАН.

"Калі усё ж існуюць схаваныя і вельмі важныя прычыны для рэгістрацыі сайтаў", аўтары прапануюць "дазволіць хостынг-правайдэрам аказваць кліентам паслугі хостынгу для разьмяшчэньня сайта да яго рэгістрацыі з абавязкам падаць зьвесткі ў рэгіструючую арганізацыю пра гэты сайт на працягу месяца з моманту пачатку аказаньня паслугі".

Падпісанты таксама прапануюць перанесьці тэрмін рэгістрацыі сайтаў з 1 ліпеня на 1 кастрычніка.

Зварот, які тычыцца ўказу № 60 ад 1 лютага "Аб захадах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт" і пастановы Саўміну № 644 ад 29 красавіка "Аб некаторых пытаньнях удасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт", падпісаны хостынг-правайдэрамі, якія "сукупна абслугоўваюць больш як 80% усіх беларускіх сайтаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG