11 траўня зь Мікалаем Аўтуховічам, які па-ранейшаму знаходзіцца ў менскім сьледчым ізалятары, сустрэўся ягоны адвакат Павал Сапелка. Паводле Паўла Сапелкі, скарга на прысуд будзе абавязкова пададзеная цягам бліжэйшых дзён. Затрымку адвакат патлумачыў тым, што ні ён, ні ягоны падабаронны Мікалай Аўтуховіч дагэтуль не атрымалі копіі прысуду. Вось што адвакат паведаміў карэспандэнту «Свабоды»:
«Мы чакаем прысуду і падалі заяву на азнаямленьне з пратаколам, рыхтуемся да абскарджваньня незаконнага і неабгрунтаванага прысуду. Будзем выкарыстоўваць усе магчымасьці, нават такія абмежаваныя, каб адшукаць праўду».
Паводле Паўла Сапелкі, у сьледчым ізалятары Мікалай Аўтуховіч падаў скаргу на тое, што яму не даюць магчымасьці прайсьці курс лячэньня зубоў. «Гэтая праблема цягнецца ўжо некалькі месяцаў і ніяк не вырашаецца», — кажа адвакат Сапелка.
Тым часам 10 траўня пасольства Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе ў Беларусі Гішпанію, краіну-старшыню Эўразьвязу, зрабіла заяву адносна працэсу над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі. Судовы разбор у справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі і Міхаіла Казлова характарызаваўся «сур’ёзнымі працэдурнымі парушэньнямі» і «можа разглядацца ў якасьці палітычна матываванага», гаворыцца ў заяве. Адносна некаторых паказаньняў сьведак у заяве сказана, што яны «былі атрыманыя пад фізычным і псыхалягічным ціскам». «Беручы пад увагу папярэдні актыўны ўдзел Аўтуховіча ў абароне правоў прадпрымальнікаў і вэтэранаў вайны ў Аўганістане, а таксама яго публічныя заявы пра выпадкі карупцыі, якія, на яго думку, мелі месца, гэты працэс можа разглядацца ў якасьці палітычна матываванага», — адзначае прадстаўнік старшыні ЭЗ.
Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што такая ацэнка працэсу над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам і Міхаілам Казловым супадае з пунктам гледжаньня беларускіх праваабаронцаў і можа паскорыць вызваленьне асуджаных.
Гэта асабліва важна цяпер, каб больш не было такога, каб людзей на падставе невядома якіх паказаньняў абвінавачвалі ў такім сур’ёзным злачынстве.
Адвакат Уладзімера Асіпенкі Тамара Сідарэнка сёньня будзе сустракацца з сваім падабаронным у сьледчым ізалятары і вырашаць, ці будуць яны падаваць скаргу на прысуд. Вось як Тамара Сідарэнка пракамэнтавала заяву амбасады Вялікабрытаніі:
«Гэта асабліва важна цяпер, каб больш не было такога, каб людзей на падставе невядома якіх паказаньняў абвінавачвалі ў такім сур’ёзным злачынстве».
Нагадаем, 6 мая Вярхоўны суд Беларусі асудзіў Мікалая Аўтуховіча на пяць гадоў і два месяцы пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму, Уладзіміра Асіпенку — на тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, яшчэ двух абвінавачаных — былога работніка фірмы Аўтуховіча Аляксандра Ларына і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова — адпаведна на тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму без пазбаўленьня права займаць кіраўнічыя пасады.