Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго хоча Мілінкевіч

абноўлена

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Рух "За свабоду" прэзэнтуе новыя тэзісы. Прэзэнтацыя адбудзецца 3-га траўня ў менскім гатэлі "Эўропа". Чакаецца, што Аляксандар Мілінкевіч заявіць пра свой намер удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі.


30 красавіка рада арганізацыі вырашыла вылучыць Мілінкевіча прэтэндэнтам на кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі.

Кіраўніцтву руху "За Свабоду" правядзе кансультацыі з партнэрамі па Беларускім незалежніцкім блёку і кіраўнікамі іншых палітычных структураў пра магчымым супрацоўніцтве падчас выбарчай кампаніі.

Пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі ўжо заявілі палітыкі Віталь Рымашэўскі, Алесь Міхалевіч, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч, Сяргей Гайдукевіч.

Падрабязнасьці – пазьней на сайце Свабоды


Тэзісы да праграмы А. Мілінкевіча. “Зробім Беларусь сапраўднай Эўропай!”


"Дзяржава мусіць служыць кожнаму з нас, а не чыноўнікам. Мы адновім дэмакратычныя прынцыпы падзелу ўлады, замацаваныя ў Канстытуцыі 1994 г., і правядзем выбары ва ўсе органы ўлады па міжнародных дэмакратычных стандартах", — напісана ў праграмных тэзіcах.

Эканоміка:

Эканамічны рост для ўсіх. Мы будзем асьцярожна ставіцца да прыватызацыі стратэгічна важных прадпрыемстваў, транзытнай інфраструктуры і іншых сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня.

Гарантуем празрысты бюджэт. Заканадаўча будуць замацаваныя нормы, якія патрабуюць збалянсаваньня ўсіх бюджэтаў у краіне. Мы замацуем за адукацыяй і аховай здароўя статус прыярытэтных накірункаў бюджэтнай палітыкі.

Падтрымаем прыватны бізнэс. Мы зьдзейсьнім лібэралізацыю не для дзесяці працэнтаў беларускай эканомікі, якую зараз стварае прыватны бізнэс, а для ўсёй народнай гаспадаркі, забясьпечыўшы роўнасьць умоваў гаспадараньня для прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў… Мы створым максымальна спрыяльныя ўмовы для крэдытаваньня прыватнага бізнэсу праз разьвіцьцё мікрафінансаваньня, стварэньне канкурэнцыі на рынку банкаўскіх паслугаў, у тым ліку праз прыцягваньне замежнага банкаўскага капіталу.

Выкарыстаем транзытны патэнцыял. Наша задача — палепшыць імідж Беларусі як надзейнага і адказнага транзытэра, заахвоціць буйнейшыя лягістычныя кампаніі працаваць з нашай краінай праз стварэньне спрыяльных умоваў вядзеньня бізнэсу, сучаснай інфраструктуры і гарантаваньне правоў уласнасьці.

Замест АЭС — энэргазьберажэньне. Мы адмовімся ад пляну будаўніцтва Беларускай АЭС і інвэстуем ашчаджаныя грошы ў мадэрнізацыю існуючых магутнасьцяў па генэрацыі цеплавой і электрычнай энэргіі.

Эфэктыўная сельская гаспадарка. У падтрымцы аграрнага сэктару трэба перайсьці ад кампанейшчыны і бессыстэмнага фінансаваньня стратных дзяржаўных прадпрыемстваў да доўгатэрміновага крэдытаваньня ўсіх вытворцаў сельгаспрадукцыі, незалежна ад формы ўласнасьці, пад поўны тэхналягічны цыкль. Будуць створаны спрыяльныя ўмовы для шырокага выхаду беларускіх сельгасвытворцаў на эўрапейскія рынкі.

Сацыяльная палітыка:

Мы вернемся да пытаньня пра сацыяльныя ільготы для школьнікаў, студэнтаў, пэнсіянэраў і іншых сацыяльна неабароненых груп грамадзянаў. Мы зьменшым выдаткі на дзяржаўны апарат, заканадаўча абмежаваўшы колькасьць дзяржслужбоўцаў, якім бюджэт можа плаціць заробкі.

Дамо беларускай моладзі эўрапейскую адукацыю. Мы скасуем усе абмежаваньні на міжнародныя кантакты беларускіх ВНУ, выкладчыкаў і студэнтаў і будзем заахвочваць стажыроўкі, абмены і сумесныя праекты для прыцягваньня ў Беларусь сучасных ведаў і тэхналёгіяў. Прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў будзе заменена на права выбару першага працоўнага месца… Мы інвэстуем у матэрыяльную і тэхнічную базу беларускіх ВНУ і дасьледчых установаў для стварэньня ўмоваў для дасьледаваньняў і інавацыяў, забясьпечым больш высокі ўзровень выкладаньня замежных моваў.

Рэформа жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Мы зьдзейсьнім пераход ад дзяржаўнай манаполіі на абслугоўваньне жыльлёвага фонду да стварэньня канкурэнтаздольных прыватных абслугоўваючых кампаніяў, таварыстваў уласьнікаў і іншых прадпрыемстваў з мэтай паляпшэньня якасьці паслуг і зьніжэньня выдаткаў на ўтрыманьне жылога фонду.

Даступная мэдыцына. Сыстэма аховы здароўя будзе ўпарадкавана такім чынам, каб яна была даступная для ўсіх катэгорыяў грамадзян. Ня варта рабіць перашкодаў для разьвіцьця прыватнай мэдыцыны, але ў ёй павінна існаваць канкурэнцыя; людзі будуць мець магчымасьць абіраць, дзе і ў каго ім атрымліваць мэдыцынскія паслугі.

Паклапоцімся пра пэнсіі сёньня. Будзем паступова ажыцьцяўляць пераход да назапашвальнай сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня, бо зараз пэнсіянэраў утрымлівае працуючае насельніцтва, але яно з кожным годам скарачаецца. Таму, каб нашы дзеці і ўнукі мелі пэнсійнае забесьпячэньне, нам трэба своечасова паклапаціцца аб правядзеньні пэнсійнай рэформы.

Зьнешняя палітыка:

За эўрапейскую інтэграцыю. Стратэгічная мэта — поўная інтэграцыя Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз… У кароткатэрміновай пэрспэктыве Аляксандар Мілінкевіч будзе працаваць дзеля стварэньня бязьвізавай прасторы з ЭЗ, зоны вольнага гандлю, а таксама магчымасьці для працы і навучаньня беларусаў у краінах ЭЗ.

За добрасуседзкія адносіны з Расіяй. Беларусь і Расія як дзьве незалежныя дзяржавы павінны мець добрасуседзкія і ўзаемавыгадныя адносіны. Яны будуць засноўвацца на здаровым прагматызьме і ўзаемнай павазе да нацыянальных інтарэсаў нашых краін.

Беларусь — нэўтральная дзяржава. Мы бачым Беларусь нэўтральнай дзяржавай і выступаем за выхад краіны з ваенных блёкаў і недалучэньне да іх у будучым.

Для захаваньня незалежнасьці і палітычнай стабільнасьці нашай краіне патрэбна сучаснае баяздольнае і прафэсійнае войска. Мы выступаем за паступовы пераход да прафэсійнай арміі і паступовую адмену абавязковага вайсковага прызыву.

Аляксандар Мілінкевіч


Аляксандар Мілінкевіч
Нарадзіўся ў 1947 годзе ў Горадні.

Скончыў Гарадзенскі пэдінстытут і асьпірантуру Інстытуту фізыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Кандыдат фізыка-матэматычных навук.

Стажыраваўся ва ўнівэрсытэце Монпэлье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім унівэрсытэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучаньня у эўрапейскім цэнтры дасьледаваньня праблемаў бясьпекі ў Гарміш-Партэнкірхэне (ФРН, 2000).

У 1980-1984 гадох загадваў катэдрай Сэтыфскага ўнівэрсытэту (Альжыр), быў дацэнтам Гарадзенскага ўнівэрсытэту (1978-1980, 1984-2000).

Быў намесьнікам старшыні гарвыканкаму Горадні з 1990 па 1996. Заснавальнік і кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Ратуша”.

У 2001 годзе быў кіраўніком перадвыбарчага штабу кандыдата на прэзыдэнта Сямёна Домаша.

Краязнаўца, знайшоў пахаваньне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, рэстаўраваў найстаражытнейшы ў Эўропе гарадзенскі вежавы гадзіньнік.

Валодае ангельскай, францускай і польскай мовамі.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2006 году.

Старшыня руху “За свабоду”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG