Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў – "халасты стрэл" Менску?


Чаму прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў даволі рэзка выказаўся з нагоды дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі ў справе кіргіскага канфлікту? Якіх палітычных вынікаў дабіваецца прэзыдэнт Беларусі, даючы ў Менску прытулак адстаўленаму кіргіскаму лідэру Курманбеку Бакіеву?

Якія наступствы з боку Расеі можа цяпер чакаць беларускае кіраўніцтва? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць галоўны рэдактар часопіса "Архэ" Валер Булгакаў і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш.

Віталь Цыганкоў
Валерка Булгакаў
Кірыл Коктыш


Цыганкоў: "Адна справа — рэальнае партнэрства, а іншая справа — дэкляраваньне намераў; адна справа — дамаўляцца аб тым, каб сур'ёзна працаваць, ісьці насустрач адзін аднаму, дапамагаць адзін аднаму, а іншая справа — прымаць рашэньні аб прыёме на пастаяннае месца жыхарства людзей, якія згубілі працу", -- заявіў прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў. Намёк тут надта празрысты ў бок кіраўніцтва Беларусі, якое дае прытулак Бакіеву. Раней гучалі меркаваньні, што ўся гісторыя з Бакіевым магла быць узгодненай з Масквой, але паводле рэакцыі Мядзьведзева выглядае, што гэта не зусім так.

"Менск спрабуе атрымаць ключы ад стабільнасьці ў Сярэдняй Азіі"


Коктыш: Безумоўна, яна не магла быць узгодненай, бо расейскія стаўкі былі іншымі. Праблема ня ў тым, што Бакіеў знойдзе прытулак у Беларусі, а ў тым, што Менск, маючы Бакіева як нейкі актыў, можа паспрабаваць гуляць у дэстабілізацыю становішча ў Кіргізіі і дэкляраваць, што мае нейкія ключы ад стабільнасьці ў сярэднеазіяцкім рэгіёне. Гэта, вядома, ня можа задавальняць і Маскву і Вашынгтон, і гэта патэнцыйна можа перерасьці ў даволі значную праблему двухбаковых адносінаў Беларусі з Расеяй і ЗША.
Цыганкоў: Валер, на вашу думку, якіх палітычных вынікаў дабіваецца Аляксандар Лукашэнка, даючы ў Менску прытулак Бакіеву?
Булгакаў: Гаворка ідзе пра павялічэньне палітычнага капіталу. Крок гэты відавочна дэманстрацыйны і мусіць, паводле ягонай лёгікі, надаваць новыя палітычныя пункты беларускаму кіраўніку.

Што тычыцца раздражненьня Крамля, то, мяркую, вынікае яно не ад таго, што гэтым крокам Беларусь можа нейкім чынам уплываць на сытуацыю ў Сярэдняй Азіі – патэнцыял уплыву Менску вельмі абмежаваны. Проста Аляксандар Лукашэнка сваім крокам бурыць нефармальныя правілы ўзаемаадносінаў паміж былой мэтраполіяй і былымі правінцыямі. Яшчэ ад савецкага часу была традыцыя, калі зрынутыя лідэры "сацыялістычнага блёку" выяжджалі на пэнсію дажываць свае гады ў Маскву. Таму крок Лукашэнкі не кладзецца ў звычайны табэль рангаў. Узьнікае сытуацыя фармаваньня альтэрнатыўнага палітычнага цэнтру, што можа мець непрадказальныя палітычныя наступствы і траекторыі.

Цыганкоў: Вы сказалі, што Лукашэнка імкнецца набіраць палітычныя пункты. Дзеля якіх "гледачоў" ён найперш дзейнічае – сваіх, беларускіх, ці замежных, найперш, расейскіх?

Булгакаў: Я схільны тлумачыць гэтыя дзеяньні ўнутраным кантэкстам. Мне цяжка даўмецца, якім чынам Беларусь можа дэстабілізаваць сытуацыю ў Кіргізію. Беларусь для гэтага надта малая краіна з малымі палітычнымі рэсурсамі. Прыезд Бакіева ў Менск, і пашырэньне гэтай падзеі ў дзяржаўных беларускіх СМІ – варта ўспрымаць як разгорнуты сьцяг беларускай афіцыйнай ідэалёгіі, якая стаіць на прынцыпах рэстаўрацыі старога парадку і контррэвалюцыі, маючы на ўвазе каляровыя рэвалюцыі.

Цыганкоў: Кірыл, а як вы бачыце палітычныя рацыянальныя прычыны паводзінаў Лукашэнкі? Аргумэнт пра "дыктатарскую салідарнасьць" відавочна, гучыць пераканаўча, але напэўна, гэтага мала, ёсьць і палітычныя прычыны ў дзеяньняў кіраўніка Беларусі..

Коктыш:
Вядома, ёсьць. Больш за тое, яны – першасныя. Структура беларускай эканомікі мае на ўвазе даволі актыўную замежную палітыку Беларусі. Бо палітыка ёсьць тым сродкам, з-за якога ў Беларусь прыходзяць грошы. І "апэрацыя з Бакіевым" тут не выключэньне, бо Кіргізія – даволі складаная краіна, падзеленая па поўнач і поўдзень.

Маючы Бакіева ў Менску, Беларусь робіць заяўку на тое, што можа трымаць ключы ад сярэднеазіяцкай стабільнасьці. Бо тут і Аўганістан, і наркатрафік, і небясьпека дэстабілізацыі. І вядома, пасьля таго, як Масква і Вашынгтон прызналі зьвяржэньне Бакіева, казаць, што Бакіеў будзе змагацца з беларускай тэрыторыі за аднаўленьне свайго прэзыдэнцтва – гэта прамы выклік Маскве і Вашынгтону, каб яны з гэтым статусам лічыліся і чымсьці яго выкуплялі.


"Рубікон у адносінах з Расеяй пакуль не пяройдзены"


Цыганкоў: Як Расеі можа рэагаваць на ўсю гэтую сытуацыю? Словы Мядзьведзева – гэта толькі пачатак. Што можа зрабіць Масква, як яна будзе вытрымліваць мяжу паміж адэкватнай і залішняй рэакцыяй?


Коктыш: Мне здаецца, што Расея пакуль будзе чакаць. Чакаць да тае пары, пакуль ня стане відавочна, наколькі вялікі рэсурс Бакіева, які Лукашэнка трымае ў сваіх руках. І калі гэты рэсурс будзе вялікім, і Бакіеў стане дастаткова ўплывовай пэрсонай, то для Масквы таньней будзе з гэтым лічыцца і неяк гэта выкупаць. Але калі высьветліцца, што Бакіеў – гэта "халасты стрэл", то Масква гэта не даруе. І гэта крыўда будзе выражацца праз газавыя кошты ды іншае.

Булгакаў: Я схільны меркаваць, што Бакіеў у Менску – "халасты стрэл" і ніякіх палітычных наступстваў для Кіргізіі гэта мець ня будзе. Гэта, хутчэй, "жывы труп" кіргізскай палітыкі.

Але рэакцыя Расеі будзе прывязана да тых дзеяньняў, якія будзе рабіць беларуская ўлада і афіцыйная прапаганда. Калі мы пабачым, што чыньнік Бакіева нейкім чынам выкарыстоўваецца Менскам для ўплыву на Расею, на Сярэднюю Азію, для нейкіх антырасейскіх палітычных гульняў -- то, безумоўна, рэакцыя будзе сур'ёзная.

Але пакуль рубікон не пяройдзены. Сам факт прыезду Бакіева выклікаў горкі асадак у расейскага кіраўніцтва. Але ці можа гэта стаць пускавым мэханізмам для пагаршэньня адносінаў з Расеяй – на мой погляд, пытаньне адкрытае.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG