Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прывязе Лукашэнка Бакіева на саміт СНД?


Што азначае заява Дзьмітрыя Мядзьведзева, зробленая ў Харкаве, наконт “прыёму на сталае жыхарства асобаў, якія страцілі працу”? Што можа зрабіць Менск, калі Масква рэалізуе пагрозы, якія ўтрымліваюцца ў намёках Мядзьведзева? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да рэдактара часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдара Лук’янава.


Дракахруст: Што азначае заява прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева пра тое, што "адна справа — дамаўляцца аб тым, каб сур'ёзна працаваць, ісьці насустрач адзін аднаму, дапамагаць адзін аднаму, а іншая справа — прымаць рашэньні аб прыёме на пастаяннае месца жыхарства людзей, якія згубілі працу"? Гэта поўнамаштабнае супрацьстаяньне? Вось Бі-Бі-Сі паведаміла пра тэлефонную размову паміж Бакіевым і Пуціным. Да таго сам Мядзьведзеў у размове з узбэцкім лідэрам Ісламам Карымавым казаў пра пагрозу ператварэньня Кіргізстану ў "другі Аўганістан". Бакіеў яшчэ ў гульні, як і Лукашэнка?

Лук’янаў: Бакіеў і Лукашэнка ў розных становішчах. Бакіеў у прысутнасьці старшыні АБСЭ падпісаў адрачэньне ад пасады. Сам ён
У Бакіева няма рэальнай улады і, хутчэй за ўсё, ніколі ўжо ня будзе.
проста праігнараваў гэты свой подпіс, а Лукашэнка патлумачыў, што гэта было зроблена пад ціскам. Калі прыняць такое тлумачэньне, то атрымліваецца, што ў Кіргізстане няма ніякіх легітымных інстытутаў, акрамя скінутага прэзыдэнта. Новы ўрад зрабіў памылку, распусьціўшы парлямэнт. У гэтай сытуацыі ў Бакіева няма рэальнай улады і, хутчэй за ўсё, ніколі ўжо ня будзе, але магчымасьці правакаваць унутраныя забурэньні вельмі добрыя, бо калі ён абвяшчае, што ён законны прэзыдэнт, ёсьць падставы вэрбаваць пад гэты сьцяг незадаволеных. Таму цяжка яго проста ігнараваць.

Дракахруст:
А якое становішча Лукашэнкі?

Лук'янаў: Зь ім іншая сытуацыя. Ці ён сам дзейнічае, вырашыўшы пагуляць у самую вялікую палітыку, ці атрымаў сыгналы ад кагосьці, але атрымліваецца так, што ён з шэрагам іншых постсавецкіх лідэраў, такімі як І. Карымаў, Э.Рахмон, Г.Бэрдымухамэдаў, у пэўнай ступені і Н.Назарбаеў, выступае "законьнікам", выступае на баку права, Канстытуцыі і нават дэмакратыі, бо робіцца акцэнт на тое, што гэта дэмакратычна абраны прэзыдэнт. Расея, якая заўсёды выступала як абаронца status quo, цяпер упершыню выступіла ў ролі рэвізіяніста, падтрымаўшы скіданьне ўлады. Паводле правілаў той гульні з нулявой сумай, якая, нягледзячы на адмаўленьні ўсіх, вядзецца на постсавецкай прасторы, калі Расея за перамены, то атрымліваецца, што канкурэнты, найперш ЗША, павінны быць за status quo. І атрымліваецца парадаксальная сытуацыя, калі Расея збліжаецца з Украінай, а Беларусь аб'ектыўна трапляе ледзь не ў саюзьнікі ЗША. І выказваньне Мядзьведзева пра асобаў, якія страцілі працу, безумоўна намёк на гэта.

Дракахруст:
А якія наступствы гэты намёк можа мець? Усё ж цяпер Беларусь атрымлівае расейскі газ таньней, чым будзе атрымліваць Украіна нават пасьля апошніх дамоўленасьцяў паміж Януковічам і Мядзьведзевым. І можа Мядзьведзеў проста сарваў злосьць на Лукашэнку, якія разбурае Крамлю геапалітычную гульню?

Лук'янаў: Я ня думаю. што проста сарваў злосьць. Асабліва таму, што Расея цяпер адчувае прыток драйву. І перамены ў Кіргізстане
Сытуацыя спрыяе таму, каб Расея паспрабавала выкарыстаць рычагі ўплыву падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.
цяпер не ў інтарэсах ЗША і Захаду ў цэлым, і дамова з Украінай -- сымбалічная перамога Масквы. Ува што гэтая перамога выльецца -- гэта асобнае пытаньне, але сымбалічна гэта рэванш за гады амаль уступленьня Ўкраіны ў НАТО. На гэтай хвалі можа ўзьнікнуць жаданьне паказаць саюзьніку, што гульні канчаюцца і Расея будзе ставіць умовы, а не наадварот.

Сытуацыя спрыяе таму, каб Расея паспрабавала выкарыстаць рычагі ўплыву – як палітычныя, гэтак і эканамічныя -- падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Праблема Лукашэнкі палягае ў тым, што незразумела, паміж кім яму лявіраваць. Яго рэвэрансы апошніх гадоў у бок Эўразьвязу цяпер ня надта эфэктыўныя з прычыны недзеяздольнасьці Эўразьвязу. Ён настолькі патануў у сваіх уласных трансфармацыях, што ён цяпер не гулец у гэтыя гульні. А вось ці зможа Лукашэнка зацікавіць ЗША -- гэта пытаньне, бо яны хаця і вядомыя сваім прагматызмам, маюць пэўныя ідэалягічныя абмежаваньні па публічнай падтрымцы рэжымаў.

Дракахруст:
А якім інструмэнты контаргульні ёсьць у Лукашэнкі на постсавецкай прасторы? Летась падчас малочнай "вайны" ён фактычна заблякаваў утварэньне Корпусу сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. Ці можа Лукашэнка тарпэдаваць працу СНД, АДКБ, мытнага саюзу, калі Расея рэалізуе тыя пагрозы, якія Мядзьведзеў агучыў у Харкаве? Скажам, на наступны саміт СНД прыедзе ад Кіргізстану Роза Атунбаева, а Лукашэнка прывязе з сабой Бакіева.

Лук'янаў:
Я мяркую, што гэта магчыма. Ён можа выступіць арганізатарам кансалідаванага супраціву тых лідэраў, якім вельмі не
Што да АДКБ, то там наагул незразумела, зь якой радасьці там павінны быць Армэнія і Беларусь.
спадабалася новая рэвізіянісцкая палітыка Расеі. З мытным саюзам сытуацыя больш складная, бо гэта буйны прыярытэтны праект Расеі. Тут ёсьць сур'ёзная глеба для таго, каб сапсаваць настрой Расеі і сапсаваць яе высілкі.

Што да АДКБ, то там наагул незразумела, зь якой радасьці там павінны быць Армэнія і Беларусь, калі відавочна гэтая арганізацыя пераарыентуецца на праблемы Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі.
Мы зараз будзем назіраць вайну нэрваў паміж Мядзьведзевым, Пуціным і Лукашэнкам, бо шмат тут грунтуецца не на рацыянальных фактарах, а на фактарах прэстыжу і статусу. У гэтую гульню Аляксандар Рыгоравіч гуляць умее, але ў прынцыпе Расея мае больш сур'ёзныя козыры.

Да таго ж яна ўмацавала свае тылы дамоўленасьцю з Украінай. Козыр, які мела Беларусь у выглядзе адзінага, акрамя ўкраінскага, шляху газу ў Эўропу -- зараз гэты козыр гуляць ня будзе, бо газавыя стасункі з Украінай рэзка пацяплеюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG