Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 500 рублёў за пікет супраць сьмяротнага пакараньня


Ірына Тоўсьцік Валянцін Стэфановіч
Ірына Тоўсьцік Валянцін Стэфановіч

Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менску разглядаліся адміністрацыйныя справы праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсьцік. За правядзеньне несанкцыянаванага пікету супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі іх пакаралі штрафамі па 17 тысяч 500 рублёў. Ноч праваабаронцы правялі ў турме на Акрэсьціна.


Праваабаронцаў абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Паводле міліцэйскага пратаколу, 23 сакавіка а 14:45 яны разгарнулі перад прэзыдэнцкай адміністрацыяй расьцяжку “Не — сьмяротнаму пакараньню” памерам 0,5 х 4 мэтры. У судзе абвінавачаныя прызналі сваю віну і выказалі гатоўнасьць пагасіць штраф. Пасьля такіх заяваў, згодна з новым заканадаўствам, ім прызначылі мінімальнае пакараньне: штраф у палову базавай велічыні. Алесь Бяляцкі пракамэнтаваў рашэньне суду:

Алесь Бяляцкі
“Прысуд мінімальны ў гэтай сытуацыі. У прынцыпе, мы задаволеныя вынікам. І з другога боку, канечне, мы моцна задаволеныя тым, што прыцягнулі ўвагу да праблемы сьмяротнага пакараньня, якая сёньня існуе ў Беларусі”.

Падчас суду Алесь Бяляцкі запатрабаваў, каб працэс вёўся на беларускай мове, а калі судзьдзя адмовіла, то запатрабаваў перакладчыка. Судзьдзя адхіліла хадайніцтва і сказала, што будзе старацца весьці працэс па-беларуску.

Да суду праваабаронцаў трымалі ў пастарунку міліцыі Ленінскага раёна, а потым, а другой гадзіне ночы, даставілі ў турму на Акрэсьціна. Ірына Тоўсьцік сказала, што ня лічыць сваё затрыманьне такім істотным.

Ірына Тоўсьцік
“На першым пляне для мяне ўсё ж такі тыя выкананыя дзяржавай прысуды і наяўнасьць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Таму я хацела засяродзіць менавіта на гэтым увагу. Важна, што мы ўзьнялі гэтую праблему перад адміністрацыяй прэзыдэнта, куды літаральна ўчора наведвалася маці аднаго з расстраляных, Андрэя Жука. І ёй там нічога не паведамілі. Мы проста ня бачым, у прынцыпе, як можна абараніць свае правы, сваё жыцьцё, калі нават дзяржава, парушыўшы ўсе свае міжнародныя абавязаньні, выканала сьмяротныя прысуды, не дачакаўшыся разгляду ў Камітэце ААН па правах чалавека скаргаў людзей, прыгавораных да сьмяротнага пакараньня. Гэтымі расстрэламі яны паставілі вельмі вялікую кропку, што яны ня хочуць выконваць свае міжнародныя абавязаньні”.

Падтрымаць у судзе праваабаронцаў прыйшлі Жана Літвіна, Іна Кулей, Алег Гулак, Вінцук Вячорка і яшчэ каля дзясятка актывістаў. Валянцін Стэфановіч сказаў, што прысуд за пікет адпавядае новаму заканадаўству і праваабаронцы хацелі пабачыць, як гэта спрацуе.

Валянцін Стэфановіч разам з Алегам Гулаком
“Было бачна, што судзьдзя ня ведаў гэтых зьменаў, але, тым ня менш, паглядзеў потым і вынес адпаведнае рашэньне. Гэта спрацавала, і гэта ёсьць прыклад, як гэта можна будзе выкарыстоўваць у будучыні.

Я не адмаўляў віны, што наўмысна парушаў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, бо я хацеў выказаць сваю пазыцыю, сваё меркаваньне па праблеме сьмяротнага пакараньня. Міжнародныя нормы і Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах дазваляюць мне выказваць сваё меркаваньне, тым больш па такіх грамадзка важных праблемах. Я лічу, тыя абставіны, якія склаліся, вымагалі ад нас такога кроку”.



Праваабаронцаў вязуць пазьней

Ірына Тоўсьцік

Алесь Бяляцкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG