Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчаць вынікі фармаваньня ўчастковых выбарчых камісій?


Завершаны чарговы этап выбарчай кампаніі: фармаваньне ўчастковых камісій. Як ацаніць узровень прадстаўніцтва там апазыцыі? Ці ёсьць прыкметы лібэралізацыі ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі? Якія ўвогуле тэндэнцыі можна адзначыць у фармаваньні выбарчых камісій?

Удзельнікі: экспэрт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер зь Менску і намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў з Магілёва.

Рыгор Кастусёў
Сяргей Альфер
Валер Карбалевіч


Узровень прадстаўніцтва апазыцыі


Валер Карбалевіч: «Паводле папярэдніх дадзеных, ва ўчастковыя выбарчыя камісіі трапіла 76 прадстаўнікоў апазыцыйных партый. Гэта складае 10% ад прапанаванай апазыцыяй колькасьці. У той час як ад праўладных партый было ўключана каля 90% прапанаваных кандыдатаў. Напрыклад, ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі ў камісіі ўвайшлі ўсе 100% вылучаных партыяў прадстаўнікоў. Як можна ацаніць такую дыскрымінацыю? Як яе тлумачаць улады?»

Сяргей Альфер: «Я б адзначыў, што гэтым разам мае месца вялікае прадстаўніцтва апазыцыйных партый ва ўчастковых выбарчых камісіях у параўнаньні зь мінулымі выбарчымі кампаніямі. Улады хочуць разабрацца, ці існуе вялікая небясьпека ад прысутнасьці апазыцыі ў камісіях.

Паводле зьменаў у выбарчым заканадаўстве, цяпер у выбарчых камісіях павінна прысутнічаць траціна прадстаўнікоў партый і грамадзкіх арганізацый. Таму такое вялікае прадстаўніцтва ад праўладных партый. Напрыклад, невядома, ці ёсьць такая колькасьць сяброў у Сацыяльна-спартыўнай партыі ці ў Партыі працы і справядлівасьці.

А што тычыцца дыскрымінацыі апазыцыі, то яе прадстаўнікоў уключылі больш, чым раней, але столькі, каб яны не маглі кантраляваць выбары ў ніводнай выбарчай акрузе.

Закон не патрабуе, каб улады матывавалі, чаму прадстаўнікоў гэтай партыі ўключылі ў камісію, а той — не. Хоць апазыцыйныя партыі вылучылі рэальных людзей, большасьць якіх ужо ўдзельнічалі ў выбарах».

Рыгор Кастусёў: «Тэндэнцыя фармаваньня выбарчых камісій сёлета не зьмянілася. У некаторым сэнсе ўлады нават паводзяць сябе больш жорстка. З 208 прадстаўнікоў Партыі БНФ, вылучаных рознымі шляхамі, у камісіі ўключана каля 10%. У Слоніме вылучана 25 сябраў нашай партыі, але ўлады дасюль не даюць інфармацыі, ці хто зь іх уключаны ў камісіі. Такая ж сытуацыя ў Гомелі. Такой сакрэтнасьці раней не было. У Шклове ўлады пачалі весьці антыагітацыю супраць нашага сябра Пятра Мігурскага пасьля спробы вылучэньня яго ў тэрытарыяльную камісію.

Але ёсьць і «выспы дэмакратыі». У Рэчыцы з шасьці прадстаўнікоў, вылучаных партыяй у камісіі, уключаныя тры, плюс яшчэ адзін — ад грамадзкай арганізацыі «БНФ „Адраджэньне“». Прычым адзін зь іх нават абраны намесьнікам старшыні ўчастковай камісіі. У Магілёўскай вобласьці сябра нашай партыі Мікола Яцкоў нават стаў старшынёй камісіі. Але гэта выключэньні».

Ці ёсьць прагрэс?


Карбалевіч: «76 прадстаўнікоў апазыцыйных партый — гэта мала. Але гэта больш, чым на мінулых выбарах, калі быў толькі 1 чалавек. Сп. Альфер кажа, што ёсьць прагрэс. Магчыма так гэта ацэняць і замежныя назіральнікі. А вось сп. Кастусёў лічыць, што ў некаторым сэнсе ўлады нават паводзяць сябе больш жорстка. Дык ці можна лічыць, што гэтыя выбары адбываюцца ў больш лібэральных умовах, чым папярэднія?»

Альфер: «Для ацэнкі трэба браць пад увагу ўсе элемэнты выбарчай кампаніі. На сёньня карціна трохі больш лібэральная ў параўнаньні зь мясцовымі выбарамі 2007 году і парлямэнцкімі выбарамі 2008 году. Бо ў выбарчыя камісіі ўключана істотна больш сяброў дэмакратычных арганізацый. Калі ва ўчастковай камісіі знаходзіцца прадстаўнік апазыцыі, гэта дае магчымасьць атрымаць больш-менш рэальную карціну вынікаў галасаваньня. Бо паводле статыстыкі вынікі выбараў на розных участках адной акругі не павінны адрозьнівацца больш, чым на 2-3%.

Калі раней апазыцыянэраў было ў камісіях 0,3%, а цяпер няхай нават 1%, то ці можна казаць пра прагрэс?
Далей, зарэгістраваныя ўсе ініцыятыўныя групы апазыцыйных кандыдатаў. Пакуль улады ў мінімальнай ступені перашкаджаюць правядзеньню кампаніі.

Але адначасова зьявіліся і новыя формы ціску на апазыцыю, якія раней не выкарыстоўваліся так маштабна. Гэта ціск па месцы працы, дзе ад людзей патрабуюць пад пагрозай звальненьня спыніць удзел у выбарах. І шмат людзей здымаецца з кампаніі. Таму казаць пра значную лібэралізацыю цяжка».

Кастусёў: «Пагаджуся з апошнім тэзісам сп. Альфера. Зьмяненьне мэтадаў ціску абумоўлена тым, што новыя мэтады менш заўважныя для вонкавага назіральніка. Вонкава павялічылася колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіях, але і пасьля гэтага іх будзе вельмі мала. Калі раней апазыцыянэраў было ў камісіях 0,3%, а цяпер няхай нават 1%, то ці можна казаць пра прагрэс? Яны ж ня могуць кантраляваць выбарчы працэс».

Тэндэнцыі фармаваньня выбарчых камісій


Карбалевіч: «Якія яшчэ тэндэнцыі можна адзначыць у фармаваньні выбарчых камісій? Я зьвярнуў увагу, што моцна актывізаваліся праўладныя партыі. Вось, напрыклад, нікому невядомая Сацыяльна-спартовая партыя вылучыла больш за чатыры сотні сваіх кандыдатаў, і большасьць зь іх сталі сябрамі ўчастковых камісій».

Альфер: «Уладам трэба запоўніць квоту ў трэць камісій. Запаўняць іх толькі за кошт праўладных грамадзкіх арганізацый кшталту ФПБ, БРСМ, „Белай Русі“ ці Саюзу жанчын не зусім карэктна. Патрэбна прадстаўніцтва і ад партый. Таму і мабілізавалі праўладныя партыі, якія дасюль здаваліся нежывымі.

Яшчэ адзін нюанс. Раней партыі маглі вылучаць у выбарчыя камісіі толькі сваіх сябраў. Цяпер, пасьля зьменаў у заканадаўстве, партыі могуць вылучаць і беспартыйных грамадзян. Вось гэтым і скарысталіся такія цікавыя партыі, як, напрыклад, Сацыяльна-спартыўная партыя. А статыстыка выглядае прыгожа, нібыта ў нас нармальная партыйная сыстэма. Насамрэч партыі знаходзяцца ў загоне. Прычым як апазыцыйныя, так і праўладныя».

Кастусёў: «Згодзен з сп. Альферам. Сапраўды, невядома, адкуль узялося столькі сябраў ці прыхільнікаў гэтых невядомых партый. Можна здагадацца, па чыёй камандзе гэта робіцца дзеля вонкавай статыстыкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG