ПАХОД НА СТАЛІЦУ
Памятаеце, нашы героі-майстроўцы казалі, што першы імпульс беларушчыны яны атрымалі ад сваіх вясковых бабуль – захавальніц нацыянальных каштоўнасьцяў: мовы, песьні, традыцыйнае этыкі? Па сутнасьці калядны цуд трыццаць гадоў таму і быў паўстаньнем бабуль праз унукаў.
Па сутнасьці калядны цуд трыццаць гадоў таму быў паўстаньнем бабуль праз унукаў.
Тагачасны Менск выглядаў самым дэнацыяналізаваным і зрусіфікаваным горадам краіны. У гэтым яму стараліся адпавядаць абласныя, а пасьля й раённыя цэнтры. Чынавенства, якое ачольвала гэтыя працэсы, адпаведна субардынацыі раўнялася на сталіцу. А беларушчына, наадварот, чым далей ад сталіцы, пачувалася больш жывой і натуральнай. І тое, што для майстроўцаў-менчукоў выглядала адкрыцьцём, для іх аднагодкаў зь вёскі або мястэчка было шанцам скінуць з уласнае беларушчыны правінцыйны комплекс непаўнавартасьці.
Прыклад гэтаму – гісторыя Тані Лаўрыновіч зь мястэчка Гальшаны. Менск ніколі й ня быў у яе ўяўленьні самым важным горадам. Самым важным была Вільня, бо Гальшаны – гэта гістарычная Віленшчына. Працаваць, вучыцца ці гандляваць гальшанскія людзі спрадвеку ехалі ў сталіцу ВКЛ. І толькі пасьля апошняй вайны сьвет перакроіўся такім чынам, што Гальшаны апынуліся на тэрыторыі БССР, дзе сталіцай быў іншы горад – Менск. І Таня адправілася вучыцца архітэктуры ў менскі політэхнічны інстытут.
Таня: “Кожны прыходзіў у Майстроўню сваім шляхам. Як Вэрця распавядала, для яе гэта было зьнянацку. Раптам яна ўбачыла аднаклясьніцу, якая размаўляе па-беларуску... Для мяне гэтага зьнянацку не было. Беларуская мова ў мяне зь дзяцінства, я вырасла ў Гальшанах, школа ў нас была беларуская. І з самае першае клясы ўсе прадметы йшлі на беларускай мове. Я ведала лічнік-назоўнік. І калі трэба было ехаць на алімпіяду па матэматыцы ў Ашмяны, а там заданьне давалі па-расейску, дык мне яшчэ трэба было падумаць, чаго ад мяне хочуць. “Числитель-знаменатель”... Я ведала, што такое “вытворнае”, але ня ведала, што такое “производное”. І калі б мне давялося здаваць экзамэны ў інстытут... Праўда, я здавала толькі малюнак, бо ў мяне быў мэдаль.
Так што беларуская мова была. Выкладчыкі нядрэнныя былі. Адзінае, што ў нас у школе гэта ўсё давалі, але ня выхавалі гонар за гэта. Троху саромеліся. І ўсе імкнуліся, як сканчалі школу ды ехалі ў горад, быць гарадзкімі. І ўсе рабіліся рускімі.
Усе імкнуліся, як сканчалі школу ды ехалі ў горад, быць гарадзкімі. І ўсе рабіліся рускімі
Дубавец: Выходзіла так, што маладыя людзі зь вёскі, дзе беларускае асяродзьдзе было натуральным, і з гораду, дзе такога асяродзьдзя не было, у Майстроўні знаходзілі агульны інтарэс не ў фармальных прыкметах мовы, этнаграфіі і фальклёру, а менавіта ў адносінах да беларушчыны. Першыя адчулі гонар за тое, што мелі, а другія – за тое, што ім раптам адкрылася як сваё, як уласная сутнасьць. Праўда, у Тані Лаўрыновіч гэты працэс пачаўся яшчэ да знаёмства з Майстроўняй і да прыезду ў Менск. Рэч у тым, што зь Менску ў Гальшаны прыяжджалі мастакі.
Таня: “Атрымалася так на маім шляху, што ў Гальшаны прыяжджалі на практыку мастакі. Савіч Уладзімер Пятровіч прывозіў практыкантаў студэнтаў. Яны зьявіліся калі я заканчвала школу і калі я пасьля першага курсу прыяжджала дадому. І мы зь імі пасябраваліся. Гэта былі аднагодкі мае. Панцялееў і ягоныя аднаклясьнікі, хто ў Майстроўню хадзіў. Мы зь імі пазнаёміліся і ўжо ад іх перанялі тое, што трэба ганарыцца і паважаць. І што Гальшаны трэба любіць. Бо мы ведалі – Гальшаны, але яны тады толькі рабіліся гэтай пэрлінкай беларускай. Для нас яны былі проста вёска, мястэчка, сельсавет, калгас і ўсё. Ведалі, што ёсьць замак, у нас выдатны быў у школе музэйчык, аднак неяк яно... Так што тое, што цяпер Гальшаны, тады мы гэтага не атрымлівалі...”
ЛЮБІ СВАЁ
Дубавец: Самая кароткая формула нацыянальнага ўзгадаваньня – любі сваё – беларусам заўсёды давалася няпроста. Зусім не таму, што яны не хацелі або ня ўмелі любіць. Цяжкасьці сыходзілі ад магутнага русіфікатарскага ўзьдзеяньня суседняй краіны і ад уласных, выхаваных гэтым узьдзеяньнем начальнікаў. Так было за савецкім часам, так працягваецца яшчэ й сёньня. Варта зазірнуць у самы магутны сродак узьдзеяньня на публіку – беларускае тэлебачаньне: што там падаецца як сваё і што як сваё прапануецца любіць? Пераважна гэта расейская мова, культура і расейскія культурныя героі. Прычым героі часта сумнеўнае якасьці, але раскручаныя, да таго ж маскоўскія, гэта значыць, нібы цэнтральныя, сталічныя для нашай пэрыфэрыі. І справа зноў жа ня ў форме, ня ў тым, што гэта ўсё расейскае, а ў адносінах, у той любові да гэтага, якую беларусам навязвае і расейская і ўласная прапаганда.
Трыццаць гадоў таму ў Беларускай Майстроўні адбывалася зьмена акцэнтаў зь любі тое, што патрабуе любіць прапаганда, на любі сваё. Вэрця Лазоўская згадвала ў “Вострай Браме”, што гэта яна прывяла Таню Лаўрыновіч у Майстроўню. Але атрымалася так, што “вясковая” Таня сама гатовая была шмат чаму “майстроўскаму” навучыць “гарадзкую” Вэрцю.
Таня: “Я прыйшла праз Вэрцю. На трэцім курсе Вэрця заўважыла, што ў мяне такі самы інтарэс. Аднак ужо тады я “Літаратуру і мастацтва” чытала, “Голас Радзімы”, гэта былі такія незвычайныя газэты. І на выставы хадзіла. Але адзін у полі ня воін, як кажуць. Я такая адна і была. А ўжо як Вэрця ў Майстроўні зьявілася, дык яна й мяне туды заклікала.
І заўвагі ёй рабіла моўныя. І гэта ж я яе назвала Вэрцяй. Бо яна была Верка. Яе ў інстытуце звалі Верка-Верка. А ў мяне цёця была Вера, а бабуля яе называла Вэрця. Я кажу – якая ты Верка, ты Вэрця. Ёй так спадабалася...
І пайшла Майстроўня. Гэта такое асяродзьдзе было добрае, незвычайнае. Што цягнула? Людзі былі ўсе такія розныя, усе такія цікавыя. І нейкая там атмасфэра была дабрыні, дабразычлівасьці. У гэтым калектыве ні злосьці не было, ні зайздросьці, нельга было сказаць брыдкога слова. Там узаемапавага была.
Майстроўня навучыла весяліцца. Дзе гэта ў моладзі дваццацігадовай каб карагод вадзіць ці ручаёк і радавацца? А тут проста асалоду атрымліваў ад такіх, можна сказаць, па-дзіцячы наіўных танцаў”.
Дубавец: Майстроўцы крытычна, нават прыдзірліва ставіліся да ўсяго, што рабілі. Цэлыя дыскусіі разгортваліся вакол тэзы “мы ня ўмеем весяліцца”. Як навучыцца весяліцца так, каб гэта было зусім непасрэдна й натуральна? Вядома, для гэтага трэба пачувацца свабоднымі. І майстроўцы пачуваліся такімі, бо дзеля маладосьці маглі сабе гэта дазволіць, бо, як кажа Генадзь Мацур, былі нябітыя.
Мацур: “Можа, яшчэ й таму што ня білі, не было такога досьведу. А паколькі нябітыя, дык і сьмелыя. Але канечне ўнутрана было, што мы абсалютна ня робім ніякай дрэннай справы. І можна было лягічна неяк зь міліцыянтамі размаўляць. Мы казалі: тут хто-небудзь п’яны? Яны кажуць: не. Мы кажам: а за што можна забіраць? Яны: вы парушаеце... Ну мы больш ня будзем так сьпяваць. А як можна сьпяваць? Ціха можна сьпяваць? І яны ў такой нейкай разгубленасьці казалі: ну ўсё роўна, ведаеце, позьні час... Я разумею, што і ў іх досьведу не было”.
КГБ
Дубавец: Цяжэй было размаўляць з супрацоўнікамі КГБ. Майстроўня, якая “не рабіла дрэннай справы”, вучылася любіць сваё, што для КГБ выглядала справай калі ня дрэннай, дык бясконца падазронай. Таму майстроўцаў цераз аднаго цягалі на гутаркі, што пасьля абмяркоўвалася ў майстроўскіх кулюарах. Нябітая моладзь, на думку гэбістаў, ня мусіла пачувацца свабоднай, а таму павінна была стаць бітай. Вось чаму “прафіляктычныя гутаркі” адбываліся часьцяком ў пагрозьлівым тоне.
Гэнік Лойка: “Калі нас пачалі ў КДБ цягаць і на мяне выйшаў кадэбіст, я першае, што -- пайшоў Вячорку расказаў: што рабіць?.. Кадэбіст, вядома, псыхоляг, кранае за гэта, за тое возьме цябе, пашчупае там, там. І вось ён пытаецца: у цябе сястра, брат ёсьць? Ёсьць сястра, тут жыве. Тут і працуе, так? Так, старэйшая... Я так ляпнуў пра сястру, і ён за гэта ўзяўся. А ты ня думаеш, што ёй будзе на рабоце з-за гэтага? Я думаю: ну ўсё, гэта самае страшнае, што можа быць. І сяджу і не варушуся. Ён далей: а друзья есьць? І я пайшоў пра сяброў гаварыць. А што яны падумаюць, што ты тут са мной, куды ты ўплёўся? А я тут -- раз, зрабіў выгляд, што мяне гэта хвалюе, заёрзаў. І ён зачапіўся. І давай-давай... Тую жылку намацаў. І давай мяне тут раскручваць. А мне сьмех! Ён сястру маю прапусьціў, а тут пра сяброў, думае, будзе ціснуць. Ды пляваць мне, я ў сябрах абсалютна ўпэўнены. І мне сьмешна, што ён, здавалася б псыхоляг такі, маёр! – і не знайшоў тую жылку патрэбную...
Кажу Вінцуку: калі кадэбісты такія, давай я пайду штырліцам туды...
Дубавец: Чаму такая ўсемагутная кантора як КГБ не спыніла нараджэньня Майстроўні і ператварэньня яе ў грамадзкі рух? Таму што майстроўцы займаліся зьнешне бяскрыўднымі для рэжыму справамі? Ці таму, што нехта ў КГБ проста не захацеў паставіць на Майстроўні тлусты крыж? Сёньняшнія гэбісты парадаксальным чынам выстаўляюць сябе пасьлядоўнікамі тых, што былі трыццаць гадоў таму і змагаліся супраць самай страшнай крамолы – незалежнасьці Беларусі, пры тым, што яны, сёньняшнія, мусяць гэтую незалежнасьць берагчы як зрэнку вока. Што за дзіўныя трансфармацыі адбываюцца з самай тайнай і самай страшнай у Беларусі ўстановай? А можа, нічога й не адбываецца? Ёсьць вызначаны курс – душыць усё нефармальнае ды несанкцыянаванае дзяржавай, а пры тым людзі – яны паўсюль людзі, у тым ліку і ў КГБ. Адзін выслужваецца і пагражае, другі незаўважна сабатуе рэпрэсіі, трэці – проста раіць аб’екту магчымых рэпрэсіяў, каб паводзіўся больш абачліва. Як гэта было ў выпадку Тані Лаўрыновіч:
Таня: “Бацька мяне падтрымаў, яму было цікава, што я хаджу сюды. Я прыяжджала, сьпявала яму песьні. “Гутата-гулялё...” Я яму ўсё цікавае распавядала, і ён слухаў і падтрымліваў мяне. Праўда, некалі да яго прыехаў быў сябра адзін, журналіст зь Менску, і ён меў справы з КГБ. Ён пачуў, што я размаўляю па-беларуску і тады задаў пару пытаньняў: ці ведаю я таго, ці ведаю я гэтага? І тады бацьку майго папярэдзіў, і мне тут сеў лекцыю прачытаў, што -- будзь асьцярожная, глядзі, сабе не нашкодзь... Гэта мяне не спалохала, я сама ведала, куды хаджу і з кім падтрымліваю сувязі. Мы пасядзелі на лавачцы, ён назваў прозьвішчы ўдзельнікаў Майстроўні...
Таня з уласным партрэтам, які на дзень нараджэньня падарыў ёй майстровец Андрэй Радзівонаў, 1982 год.
ДЗЕВЯЦЬ ЗЬВЁНАЎ У ЛАНЦУЖКУ РОДУ
Бацькі -- лекары. Бацька мой добры доктар быў, заслужаны лекар Беларусі. Яны ўсё жыцьцё адпрацавалі ў Гальшанах. Як прыехалі ў Гальшаны, так там і жылі. Не ад каранёў. Мае карані на Астравеччыне, там Спонды такая вёска ёсьць, у тых краях. І аказалася, што ў архіве столькі матэрыялаў! З 1761 году ў нас ланцужок ёсьць. Лаўрыновіч наша прозьвішча. І ў гэтай вёсцы ў нас ужо дзевяць пакаленьняў ёсьць генэалёгія.
У мяне зараз такі графік, што я два дні працую, два не. І я раз на месяц хаджу ў гістарычны архіў. І там у сваё задавальненьне чытаю, корпаюся, замаўляю на месяц наперад тое, што мне трэба. Шмат матэрыялаў па Гальшанах знайшла. Нават некалькі артыкулаў надрукавала ў ашмянскай раёнцы. Але потым некалькі не надрукавалі, дык ахвота адпала.
У архіве перазьняла, што змагла, у школьны музэй у Гальшаны аддала, нешта ў Ашмяны ў музэй аддала. Шмат ёсьць матэрыялаў. Справа ў тым, што каб корпацца ў гэтых архівах, трэба тут сядзець. А зь Менску прыехаць ці зь Беларусі – гэта на дзень-два прыехаць і ўсё. А трэба тут жыць. І я ў сваё задавальненьне хаджу. Мы з стрыечнай сястрой знайшлі зямлю, якая ў прадзеда майго дзеда была. І нават плян гэтых вёсак ёсьць. Жэлядзь называўся маёнтак. І там Лаўрыновічы нашы жылі”.
Дубавец: У гісторыі Тані пэрыяд вучобы ў Менску супаў з майстроўскім. Выехаўшы з Гальшан у сталіцу, яна па сканчэньні вучобы больш у Менск не вярталася. Быццам нягледзячы на ўсе новыя геапалітычныя рэаліі, спрацавалі адвечныя цэнтраімклівыя сілы. Таня выйшла замуж за віленчука Вінцука Лясьніцкага і з тых часоў стала вільнянкаю сама. Вясельле гулялі ў Гальшанах, куды прыехалі і сябры з Майстроўні.
Таня: “Вясельле было праз год як зь Менску зьехалі. Яшчэ ўсе кантакты з майстроўцамі падтрымліваліся. На гэтым вясельлі такі звычай, калі жаніх прыяжджае нявесту выкупляць, яму даецца нявеста фальшывая, несапраўдная. І трэба было выбраць нявесту. Каго выбраць? Вырашылі Гэніка Лойку. Яму надзелі фату, размалявалі, вусны нафарбавалі. Праўда, замест букету яму далі мятлу ў рукі. І прыходзіць мой Вінцук, чакае, што яму Тацяну прывядуць, а тут Гэніка. Дык аж сьлёзы цяклі ва ўсіх гасьцей ад сьмеху.
Вясельле ў Гальшанах. Гэнік у ролі фальшывай нявесты. 7 ліпеня 1984 году.
Муж віленчук. Паходзіць зь Меднікаў. Яны ж там па-беларуску размаўляюць. Кажуць -- па-тутэйшаму, але ж там звычайная беларуская мова, самая сапраўдная. Проста маладзейшае пакаленьне – яны вучыліся ў польскай школе, дык яны больш польскую ведаюць. А старэйшае пакаленьне – яны па-беларуску размаўляюць.
А нарадзіўся Вінцук мой на Віленскай вуліцы, у самым сэрцы Вільні. Вільню ведае – кожны каменьчык.
І я ўжо люблю Вільню. Мне кажуць, чаго ты туды паехала, а я ўжо не ўяўляю сябе бязь Вільні. Яна мая. І дзеці тут мае. Чацьвёра дзетак. Тры хлопцы і Алінка. Зараз Алінка паступіла на першы курс мэдычнага факультэту Віленскага ўнівэрсытэту. Радасьць мая, бо бацькі былі лекарамі. А хлопцы працуюць, не захацелі вучыцца. А адзін яшчэ школьнік, малодшы”.
ЭТЫЧНЫ РУХ
Дубавец: Майстроўня зьмяняла адносіны да многіх рэчаў. Зразумела, што самі рэчы ад гэтага не зьмяняліся. Справа была менавіта ў адносінах да іх. Нешта яшчэ ўчора няважнае й непатрэбнае раптам станавілася для цябе найдаражэйшай каштоўнасьцю. Гэтак мяняўся сьветапогляд, а ў прадстаўнікоў пакаленьня зьяўлялася этыка, чаго немагчыма было прыдбаць ані на занятках, ані з газэт.
Таня: “Пасьля гэтага ўсяго зьмяніліся адносіны, напрыклад, да рэлігіі. Я тады пачала цікавіцца гісторыяй рэлігіі. Праўда, вера, яна прыйшла пазьней. Я памятаю, прыяжджала ў Гальшаны і брала ў бібліятэцы атэістычныя брашуркі. Не для таго, каб свае атэістычныя погляды ўмацоўваць, а таму што адтуль інфармацыю можна было браць. А ў бібліятэцы супрацоўнікі радуюцца – вось як добра, бо атэістычную літаратуру ніхто не бярэ.
Этнаграфічныя прадметы зьбіраць захацелася – ткацтва, вырабы... Неяк было прыгажэй у гэтым жыць. Гэта былі і элемэнты інтэр’еру. І ў прынцыпе гэта быў самы танны спосаб зрабіць свой інтэр’ер арыгінальным. Тым больш, што ў маёй калекцыі кожная рэч мае сваю гісторыю.
У нас ёсьць такая міска-мядніца. Яе Вінцука бабулі падарылі габрэі. У часе вайны. У Вільні было гета і габрэі ўцякалі адтуль у лясы. Якраз у той бок, у бок Рудоміны. Яны бегалі бедныя па лясах, ну і дзе яны маглі заначаваць? Вядома, на хутарах, якія там былі. І там Вінцука бабуля зь дзедам прытулілі габрэяў. І яны там ці месяц ці некалькі месяцаў жылі. І за тое ў знак падзякі пакінулі бабулі гэтую мядніцу. Потым ручнік адзін ёсьць, дык гэта мая бабуля ткала, будучы дзеўкай. Яна ткала, а ніткі прала ўжо мая прабабуля. І кубачак ёсьць, зроблены зь гільзы першай сусьветнай вайны. Гэта ўжо ад майго дзеда засталося. Кожная рэч – сямейная рэліквія. Дзецям застанецца. А яны ведаюць кошт такім рэчам. Яны ўжо міма ня пройдуць, калі дзе якая каштоўная рэч.
... Мне сорак дзевяць. Я Тацяна Лаўрыновіч, цяпер Лясьніцкая. Артыкулы я падпісваю праз рысачку Лаўрыновіч-Лясьніцкая, бо ў Ашмянскім раёне мяне ведаюць як Лаўрыновіч.
У час Майстроўні мяне называлі Гальшаначкай і яшчэ называлі шынкаркай. А чаму шынкаркай? Як мы былі ў Міры на раскопках, вядома, ніхто ня піў, але так атрымалася, што аднекуль бутэлька гарэлкі зьявілася. І гэта было чалавек на пятнаццаць, на такі калектыў. І трэба было падзяліць. Мы пайшлі на нейкую палянку. І быў у нас кавалачак сала, кавалак хлеба і вось гэтая бутэлька гарэлкі. І мы рабілі бутэрбродзік маленькі і кожнаму па чарзе падносілі выпіць. І гэтая роля падносіць выпала мне. І як я нясу, усе сьпяваюць: “Ты, шынкарка маладая, па чом у цябе пляшка гарэлкі”. І пакуль кожнаму данесла і гэтую песеньку дасьпявалі разоў пятнаццаць, то і шынкарка. І пасьля каму ні скажы Тацяна Лаўрыновіч, маглі й ня ведаць, а шынкарка-шынкарачка, то ведалі, што гэта я".