Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянт: “Я замінаў яму біцца галавой аб дзьверы машыны”


Алег Сурган
Алег Сурган

Адвакат затрыманага за бел-чырвона-белы сьцяг Алега Сургана, Вячаслаў Праскаловіч, заявіў хадайніцтва, каб быў праведзены сьледчы экспэрымэнт з мэтай высьветліць, ці мог ягоны падсудны ўкусіць міліцыянта. Але судзьдзя хадайніцтва не задаволіў.

На думку судзьдзі Кастрычніцкага райсуду Яўгена Бурунова, экспэрымэнт праводзіць немэтазгодна, бо ў кожнага чалавека свае фізычныя мажлівасьці. Таму ў аднаго можа атрымацца ўкусіць міліцыянта за палец, лежачы ў машыне тварам уніз, а ў другога — не.

Пацярпелы лейтэнант міліцыі Сяргей Дудкевіч па-ранейшаму цьвердзіць, што падсудны Алег Сурган укусіў яго за мезенец левай рукі, калі яго везьлі ў Кастрычніцкі РАУС, бо міліцыянт “замінаў яму церціся шчокамі аб падлогу” і “біцца галавой аб дзьверы машыны”.

Алег Сурган кажа, што нікога не кусаў, бо нават ня меў магчымасьці зрабіць гэта – у кайданках, кінуты ў машыну ўніз тварам. Ён распавядае таксама, што міліцыянт Сяргей Дудкевіч паставіў ногі яму на шыю і не даваў нават варухнуцца.
Калі ён прыйшоў у пастарунак пешкі, то ўбачыў брата са зьбітым у кроў тварам ...

Брат падсуднага Тарас Сурган, выкліканы ў якасьці сьведкі, распавёў пра акалічнасьці затрыманьня. Інцыдэнт здарыўся ў Віцебску на праспэкце Фрунзэ, дзе браты вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. У Тараса Сургана пры сабе быў пашпарт, і яго ў пастарунак не павезьлі. Калі ён прыйшоў у пастарунак пешкі, то ўбачыў брата са зьбітым у кроў тварам. Брат распавёў, што ў машыне яго зьбілі міліцыянты.

Дачка Алега Сургана, 22-гадовая Кацярына Аляксеева, таксама пацьвердзіла, што бацька быў моцна зьбіты, а міліцыянты адмаўляліся выклікаць “хуткую дапамогу”. Зрабілі гэта толькі тады, калі Алег Сурган страціў прытомнасьць. Кацярына Аляксеева таксама падкрэсьліла, што ейны бацька мае спакойны і дужа стрыманы характар, а таму словы міліцыянтаў пра тое, што ён паводзіў сябе буйна, кідаўся біцца і нецэнзурна выказваўся, лічыць хлусьнёй.

У пастарунку на яго спачатку склалі пратакол за вывешваньне сьцяга, але гэты пратакол некуды зьнік і ў справе больш не фігуруе. Цяпер Алега Сургана вінавацяць у нападзе на міліцыянта. Паводле Крымінальнага кодэксу, за гэта падсуднаму можа пагражаць да 6 гадоў турмы.

На думку Тараса Сургана, крымінальная справа супраць брата зьявілася пасьля таго, як той напісаў у пракуратуру скаргу пра перавышэньне міліцыянтамі службовых паўнамоцтваў — пра зьбіцьцё ў машыне і зьдзекі ў пастарунку.

Сёньня ў калідоры суду Алег Сурган пры сьведках заявіў міліцыянту Сяргею Дудкевічу, што лічыць яго не пацярпелым, а злачынцам. Міліцыянт зьняў гэта на відэакамэру мабільнага тэлефона. І Тарас Сурган не выключае, што ў якасьці помсты Сяргей Дудкевіч зьвернецца ў суд чарговы раз — заявіўшы, што былі зьняважаны ягоныя гонар, годнасьць і дзелавая рэпутацыя.

Здымкі ў судзе забароненыя, але іх бесьперашкодна рабілі і Сяргей Дудкевіч, і невядомыя людзі ў цывільным: яны здымалі сьведкаў — сваякоў актывіста пад дзьвярыма залі суду. Журналістам нічога здымаць не дазволілі, нават судовы будынак з-за плоту: дзяжурны міліцыянт заявіў, што рабіць гэта можна толькі з дазволу старшыні суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG