Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Далучыўся да апазыцыі — значыць, ня выправіўся”


Тарас Сурган у будынку суду.
Тарас Сурган у будынку суду.

Паводле ініцыятывы Чыгуначнага РАУС за актывістам Тарасам Сурганам будзе ажыцьцяўляцца прэвэнтыўны нагляд. Прычына — пэрыядычны ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Сьвятлана Варатынская сёньня пастанавіла, што такую меру абмежаваньня волі, як прэвэнтыўны нагляд, увесьці ў адносінах да Тараса Сургана цалкам лягічна. Яна ўзяла пад увагу ўсе аргумэнты намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Чыгуначнага раёну Віктара Кохтава.

Прадстаўнік райаддзелу казаў, што цягам 2009 году Тарас Сурган быў тройчы затрыманы і асуджаны за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. А гэта значыць, што замест таго, каб выправіцца пасьля мінулых крымінальных судзімасьцяў, ён зрабіўся яшчэ больш небясьпечным для грамадзтва.
Тарас Сурган і Сяргей Каваленка

Актывіст, які не хавае свайго крымінальнага мінулага, пазыцыю міліцыянта тлумачыць так:

«Калі б мае паводзіны былі па-ранейшаму асацыяльныя, каб я падтрымліваў зносіны з крымінальнікамі, з наркаманамі, то, я ўпэўнены, прэтэнзій у міліцыі да мяне б не было. А я прыйшоў у апазыцыю дзякуючы Сяргею Каваленку, пазнаёміўся зь вельмі разумнымі людзьмі. І зносіны зь імі проста не дазваляюць мне трапляць ізноў у тую самую міліцыю — ці за п’янкі, ці за нешта яшчэ. Таму прэтэнзіі ў міліцыі да мяне менавіта праз тое, што я кантактую з апазыцыянэрамі і бяру ўдзел у акцыях».

Тараса Сургана і ягонага сябра Сяргея Каваленку неаднаразова каралі арыштамі і штрафамі. Супраць Сяргея Каваленкі нядаўна распачалі крымінальную справу за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы.

А што да штрафаў, то іх Тарас Сурган ня плаціць сьвядома. Ён кажа, што свае віны за акцыі са сьцягамі не прызнае, і зьбіраецца аспрэчваць пастановы мясцовых судоў ва ўсіх вышэйшых інстанцыях.

Сябры Тараса Сургана сабраліся каля Чыгуначнага райсуду.
Згодна з пастановай суду, Тарас Сурган цягам году будзе знаходзіцца пад міліцэйскім наглядам — цяпер ён ня мае права выяжджаць зь Віцебску без узгадненьня ў міліцыі, ня можа пакідаць месца жыхарства з 22:00 да 6:00, наведваць крамы, рэстарацыі, дзе прадаецца алькаголь, ды іншыя грамадзкія месцы.

Прысутныя ў судзе мясцовыя актывісты і прадстаўнікі «Маладой Беларусі», якія прыехалі зь Менску, пасьля таго, як была прачытана судовая пастанова, тройчы выгукнулі «Ганьба!»

Сёньня ж у Віцебску меўся быць працягнуты судовы працэс над яшчэ двума актывістамі — Валерам Раманенкам і Алесем Галаванем. Хлопцаў затрымалі 15-га сьнежня і адабралі ў спадара Раманенкі чатыры бел-чырвона-белыя сьцягі. У пратаколах затрыманьня напісана, што абодва былі ў нецьвярозым стане і непрыстойна лаяліся. Аспрэчыць гэта ў Першамайскім райсудзе пакуль не ўдалося — працэс ізноў адкладзены, бо Валер Раманенка захварэў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG