Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроўская: “Улады шануюць Касьцюшку толькі таму, што ён герой ЗША”


Памятны камень у Мерачоўшчыне
Памятны камень у Мерачоўшчыне

4 лютага ў сядзібе-музэі Тадэвуша Касьцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына недалёка ад Косава, што ў Івацэвіцкім раёне, дзеячы культуры, пісьменьнікі, гісторыкі, лідэры палітычных партыяў і рухаў адзначаць 264-я ўгодкі аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху канца XVIII стагодзьдзя.


Аляксандар Мех, старшыня арганізацыйнага камітэту для падрыхтоўкі да сьвяткаваньня ўгодкаў Тадэвуша Касьцюшкі, апавядае, хто запрошаны на ўрачыстасьці:

“На сьвята 4 лютага запрошаныя Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Казулін, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, іншыя вядомыя ў палітычным жыцьці краіны асобы. Таксама запрошана шмат гісторыкаў, павінен прыехаць Уладзімер Арлоў, прыедзе бард Зьміцер Бартосік…”

Паводле спадара Меха, мясцовыя ўлады гэтаксама выявілі цікавасьць да дня нараджэньня Касьцюшкі. Аднак досыць аднабакова:
Усе мерапрыемствы падрыхтаваныя выключна пад прыезд дыпляматаў...


“Афіцыйная ўлада рыхтуе прыезд дыпляматаў. Самае цікавае ў гэтай сувязі тое, што я якраз быў у Івацэвіцкім райвыканкаме і пабачыў мерапрыемствы, якія яны прынагодна ладзяць. Мяне проста зьдзівіў той факт, што для грамадзянаў краіны – для нас, шараговых людзей – у плянах няма нічога. Усе мерапрыемствы падрыхтаваныя выключна пад прыезд дыпляматаў. Напярэдадні ў праграме было наведваньне Кобрына – паказвалі ўсё тое, што набудавалі да “Дажынак”. Аднак мая спроба дабіцца ад райвыканкаму памяшканьня плёну не дала. Кажуць, што мясцовы Палац культуры знаходзіцца ў аварыйным стане, там цяпер ідзе капітальны рамонт. Але, мяркую, калі б было жаданьне, то залю яны знайшлі б, вядома”.

Карэспандэнт: “То бок папярэдне ўсе мерапрыемствы заплянаваныя на сьвежым паветры?”

“Так. Мы, натуральна, знойдзем выйсьце, але гэта будзе абвешчана там, калі зьбяруцца ўсе людзі. У нас ёсьць свой плян, і я мяркую, што гэтае мерапрыемства якраз будзе для грамадзянаў краіны”.

Берасьцейскі гісторык Ірына Лаўроўская 4 лютага будзе прысутнічаць на ўрачыстасьцях ў Мерачоўшчыне. Яна таксама зьвяртае ўвагу, што падыходы да выдатных асобаў з боку ўладаў і грамадзкасьці розныя:
У нас гэта памкненьне душы, а ў іх – памкненьне кішэні...


“Улады сёньня вельмі актыўна выкарыстоўваюць імёны Тадэвуша Касьцюшкі, Напалеона Орды для сваіх канкрэтных мэтаў. Яны папросту ня хочуць, каб грамадзкасьць гэтым займалася, хоць у нас гэта памкненьне душы, а ў іх – памкненьне кішэні. Вось у чым розьніца. Яны выкарыстоўваюць гэтую нагоду для таго, каб пацешыць саміх сябе. У нас, прыкладам, фонд Тадэвуша Касьцюшкі ўзначальвае чалавек, які займае пасаду ў Берасьцейскім аблвыканкаме – Леанід Міхайлавіч Несьцярчук. І ён гэта скарыстоўвае сабе ў плюс, але ня больш за тое. Вядома, добра зрабілі, што адбудавалі там гэты будынак. Але што з гэтага, калі грамадзкасьць ня будзе нейкім чынам ува ўсім гэтым удзельнічаць? І ўдзельнічаць ня так, як яны, афіцыйна, а менавіта сваім духам? Увогуле сытуацыя ня вельмі добрая, бо калі б не амэрыканская амбасада, калі б Касьцюшка ня быў амэрыканскім героем, то, напэўна, нам не ўдалося б зрабіць нават таго, што ёсьць. Для чыноўніка Касьцюшка герой перадусім таму, што яго амэрыканцы такім прызналі”.

Паводле аргкамітэту сьвяткаваньня, збор удзельнікаў прызначаны на 11.00 у Мерачоўшчыне. Замежныя госьці плянуюць пад’ехаць апоўдні і разам зь іншымі афіцыйна запрошанымі пройдуць у сядзібу-музэй, дзе адбудзецца пратакольная частка. Адпаведны сьпіс падрыхтаваны Берасьцейскім аблвыканкамам, таму ні пісьменьнік Арлоў, ні гісторык Лаўроўская, ня кажучы аб прадстаўнікох палітычных партыяў, у лік “абраных” ня трапілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG