Госьці ўсклалі кветкі да памятнага знака Тадэвушу Касьцюшку ў Мерачоўшчыне. Пасьля наведалі экспазыцыю ў адноўленай радавой сядзібе. У інтэрвію “Свабодзе” амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст'юарт адзначыла, што ідэалы свабоды, якія абараняў Касьцюшка, — самыя каштоўныя заваёвы чалавецтва:
“Тадэвуш Касьцюшка быў вялікім героем у амэрыканскай вызваленчай вайне, — кажа Карэн Ст’юарт. — І для мяне як для амбасадара Злучаных Штатаў вялікі гонар — кожны год прыяжджаць на месца яго нараджэньня. Узгадаць тут яго жыцьцёвы шлях і ягоны ўнёсак у змаганьне за свабоду і незалежнасьць нашага і свайго народу”.
Тадэвуш Касьцюшка — нацыянальны герой ЗША і Польшчы, ганаровы грамадзянін Францыі, вядомы палітычны і вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай. Пра гэта нагадваюць падарункі, якія перадалі ў музэй амбасадары.
Сябра руху “За свабоду” Віктар Сырыца паведаміў, што міліцыянты забаранілі грамадзкім актывістам уздымаць на ўрачыстасьці ў гонар нацыянальнага героя бел-чырвона-белы сьцяг:
“Сьцяга не было. Не дазволілі. Тут вельмі шмат міліцыянтаў. Прыехалі на чатырох аўтамабілях. Яны стаяць у цэнтры, ля павароту на сядзібу, па ўсіх баках”.
Цікаўлюся ў спадара Сырыцы, адкуль прыехалі на ўрачыстасьць сябры апазыцыі:
“Зь Берасьця, Баранавічаў, Івацэвічаў. Бо мы ж ведаем адзін аднаго. І менавіта з гэтых рэгіёнаў было найбольш людзей”.
Сёлетнія ўрачыстасьці ў Мерачоўшчыне — трэція па ліку пасьля таго, як увосень 2006 году была адноўленая сядзіба сям’і Касьцюшкаў. Больш за 28 тысяч даляраў на гэтую справу ахвяравала тады амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі.
А цяпер мясцовая жыхарка Вікторыя Савосьціна скардзіцца. Кажа, што дырэктарку музэю, яе былую вучаніцу Ірыну Анціпенку, улада змушае дадаваць у экспазыцыю прапагандысцкія матэрыялы пра Суворава і нават пра Лукашэнку:
“Яна мне кажа: “Вікторыя Іосіфаўна, я ўжо расчаравалася. Мне так цяжка, так цяжка, што ня ведаю, каго і слухаць”. Гэта праўда, такі цяпер час. Ня толькі здрада ў вышэйшых эшалёнах улады. Здрада таксама і сярод людзей звыклых. Кадры ў музэі ня сталыя. Беспарадак сярод людзей. Ахоўнікі — п’яніцы. Часам ёй самой трэба дзяжурыць. Адным словам, маё беднае дзіця зусім замучылася...”