Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі камісій “закрые” апазыцыя?


26 студзеня — апошні дзень, калі палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, працоўныя калектывы і грамадзяне праз збор подпісаў могуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. А ўжо ад серады пачнецца іх фармаваньне.

Тэрытарыяльных камісіяў сёлета, як паведамілі «Свабодзе» ў ЦВК, стварылі 1495. Пераважная бальшыня зь іх — 1288 — у сельскіх саветах. Астатнія ахопліваюць вобласьці, гарады, раёны, пасёлкі…

У цэнтральных офісах палітычных партыяў падлік вылучэнцаў у тэрытарыяльныя камісіі не вядуць. Маўляў, гэта — справа рэгіёнаў, там лепш ведаюць людзей.

Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі сказаў «Свабодзе»: у склад сталічнай тэрытарыяльнай камісіі вылучаныя Ўладзімер Лабковіч і Юры Чавусаў. Адзін — ад партыі БНФ, другі — ад грамадзкага руху «БНФ — Адраджэньне». Чаму прапанавалі менавіта іх? — цікаўлюся ў спадара Канапацкага:

«Абодва яны — юрысты. Маюць адпаведныя веды. Яны ўжо ня першы дзень у палітыцы, ведаюць выбарчыя кампаніі як знутры, так і звонку. Былі і назіральнікамі, і працавалі на кандыдатаў. Яны працавалі і на выбарах за межамі Беларусі. Таму могуць і параўноўваць сытуацыю.

Мы лічым, што іх досьвед будзе вельмі карысным, калі ўлады зьбіраюцца арганізоўваць сапраўды чэсныя выбары».

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі сытуацыю ў рэгіёне ацэньвае так:

«У нас усе асноўныя палітычныя суб’екты, якія маюць абласныя і раённыя структуры, вылучылі ў склад тэрытарыяльных камісіяў сваіх прадстаўнікоў. Так, ад нашай партыі заяўленыя ў абласную і Берасьцейскую гарадзкую камісіі два чалавекі».

Міраслаў Кобаса
Бюлетэнь рабілі несапраўдным. У ім — два прозьвішчы. Адно закрэсьліваў сам выбарнік. А другое выкрэсьлівалі па загадзе.
старшыня праўленьня фонду імя Льва Сапегі, арганізацыі, якая займаецца праблемамі мясцовага самакіраваньня, — упэўнены, што ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі дэмакратычным сілам патрэбна абавязкова вылучаць сваіх актывістаў. І хаця гэтыя камісіі непасрэдна ня лічаць галасы, іх неабходна кантраляваць.

Гэтай пазыцыі спадар Кобаса прытрымліваецца яшчэ з 1995 году, калі сам балятаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня. Тады для перамогі яму не хапіла ўсяго менш за 0,1% галасоў выбарцаў.

Спадар Кобаса ўпэўнены: ягоныя галасы тады «зьніклі» пасьля ўмяшаньня ў падлік бюлетэняў менавіта прадстаўнікоў тэрытарыяльнай камісіі:

«16 участковых камісіяў было. У 13 несапраўднымі прызналі 2-3% ад усіх бюлетэняў. Гэта звычайныя, нармальныя лічбы. А ў трох камісіях несапраўдных аказалася аж пад 40%. І праз гэта дамагаліся прызнаць выбары неадбытымі.

Бюлетэнь рабілі несапраўдным. У ім — два прозьвішчы. Адно закрэсьліваў сам выбарнік. А другое выкрэсьлівалі па загадзе. Альбо наагул перакрэсьлівалі ўвесь бюлетэнь. А потым прызнавалі такія бюлетэні несапраўднымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG