Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ўсхопчыка ня выдалі, бо ён бараніў савецкі лад


Уладзімер Усхопчык
Уладзімер Усхопчык
Беларуская пракуратура адмовілася выдаць Літве генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка.

У адказе на запыт літоўскай пракуратуры, які быў дасланы ў Беларусь пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Літву, напісана, што дапамогі ў выдачы літоўскаму боку генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка і Станіславы Юонене ня будзе.

DELFI.lt цытуе словы літоўскага пракурора Альгімантаса Клюнкі: «Адмоўны адказ Беларусі ня зьменіць нашу юрыдычную ацэнку: тое, што было зьдзейсьнена ў Літве ў студзені 1991 году супраць абаронцаў свабоды — гэта злачынства, крымінальная адказнасьць за гэта будзе пагражаць ня толькі ў Літве, але й ва ўсім ЭЗ».

Паводле літоўскага пракурора, беларуская пракуратура стаіць на пазыцыях савецкага заканадаўства, апраўдваючы ўчынкі злачынцаў імкненьнем абараніць канстытуцыйны лад той дзяржавы і яе тэрытарыяльную цэласнасьць. Таму яна і ня можа аказаць прававую дапамогу.

У лісьце беларускай пракуратуры пазначана, што выкананьне просьбы Літвы ў гэтай справе супярэчыла б асноўным прынцыпам законаў Рэспублікі Беларусь.

Генпракуратура прыгадвае, што справа паводле падзеяў 13 студзеня была перададзена ў суд яшчэ 19 чэрвеня 1996 году. За падзеі, у выніку якіх загінулі 14 літоўскіх грамадзянаў, былі пакараныя Міколас Буракявічус, Юазас Ермалавічус, Юазас Куаляліс, Ляонас Барташавічус, Станісловас Міцкявічус і Яраслаў Пракаповіч.

19 лютага Эўрапейскі суд па правах чалавека прыняў рашэньне адхіліць заяву Буракявічуса ды іншых абвінавачаных у гэтай справе і прызнаў, што з боку літоўскай пракуратуры іх правы не былі парушаныя.

Літоўскі бок неаднаразова прасіў выдачы генэрала Ўсхопчыка, які камандаваў віленскім гарнізонам. Вітаўтас Ландсбергіс, тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Літвы, казаў, што менавіта на загад Усхопчыка супраць мірных людзей ужылі танкі і бронетранспарцёры.

У 2000 годзе Аляксандар Лукашэнка прызначыў Усхопчыка намесьнікам міністра абароны, а 23 лютага 2004 году ўзнагародзіў яго ордэнам «За службу Радзіме» першай ступені.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG