Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці цэлыя вокны ў Доме беларускай літаратуры: вынікі 2009 году


Гутарка «за круглым сталом» пра літаратурныя вынікі 2009 году. Удзельнікі: паэт Леанід Дранько-Майсюк, крытык Марыя Мартысевіч, празаік, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч. Вядучы — Міхась Скобла.

Леанід Дранько-Майсюк
Марыя Мартысевіч
Барыс Пятровіч
Міхась Скобла

Міхась Скобла: «Спадарства, адыходзіць у гісторыю 2009 год. Нягледзячы на фінансавы крызіс, які закрануў усе сфэры жыцьця, выдаваліся кнігі, выходзілі літаратурныя часопісы, флягманам сярод якіх, на маю думку, можна назваць часопіс „Дзеяслоў“. А таму маё першае пытаньне Барысу Пятровічу — якія публікацыі на старонках „Дзеяслова“ вы залічваеце ў літаратурныя падзеі году?»

Барыс Пятровіч: «Праца нашага нешматлікага калектыву ў чытачоў навідавоку, і таму было б лепш, каб пра літаратурныя здабыткі „Дзеяслова“ разважалі чытачы. Але я магу сказаць, што за 2009 год у часопісе надрукаваліся больш за 100 аўтараў, многія з публікацый сталі зьявамі ў нашай літаратуры. І гэта нягледзячы на тое, што большасьць беларускіх пісьменьнікаў сёньня пазбаўленыя дзяржаўнай дапамогі, зрэшты, яны навучыліся працаваць бяз гэтай дапамогі. І гэта вельмі важна. Пісьменьнікі ўжо не спадзяваюцца, што іх кнігі выйдуць у дзяржаўным выдавецтве, што ім дапамогуць арганізаваць сустрэчы з чытачамі. Якраз у падобных сытуацыях мы назіраем перашкоды з боку дзяржавы, і я не разумею ў дадзеным выпадку пазыцыі ўладаў: нельга дзяліць творцаў на сваіх і чужых, як мне падаецца. І прыкладаў таму ў гісторыі колькі хочаце — чынавенства адыходзіць, а творцы застаюцца. Што да лепшых публікацый... З прозы я назваў бы найперш аповесьць Віктара Казька „Сказ пра ката, каторы сьмяўся“, а таксама два эсэ Леаніда Дранька-Майсюка — „У Вільні і больш нідзе“ і „Горад Боны і Давіда“. Парадавала проза Вінцэся Мудрова, Уладзімера Някляева, Сяргея Рублеўскага, Кастуся Тарасава, Ніла Гілевіча, Ігара Бабкова, Міхася Андрасюка. Што тычыцца паэзіі, то запомніліся найперш творы нашых жывых клясыкаў: Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Алеся Разанава, Уладзімера Арлова. Нельга не згадаць апублікаваныя ў часопісе пераклады, у тым ліку і з ўсясьветнай клясыкі — творы Сафокла пераклаў Лявон Баршчэўскі, прозу Рычарда Капусьцінскага — Яўген Саляйчук, „Калевалу“ перастварыў па-беларуску Якуб Лапатка».

Скобла: «Леанід, я дзесьці чытаў, што вы дзеля душэўнай раўнавагі мусіце штодня прачытаць дзесяць старонак добрай прозы па-беларуску. Што з прачытанага запомнілася, і што вы можаце аднесьці да падзейных твораў за 2009 год?»

Леанід Дранько-Майсюк: «Перш за ўсё запомнілася кніга Ўладзімера Някляева „Цэнтар Эўропы“, якою адкрылася сэрыя „Кнігарня пісьменьніка“. Гэтая кніга завяршаецца неверагодна вынаходлівай аповесьцю „Вяртаньне Веры“. У гэтай аповесьці, як у глыбокім люстэрку, можна ўбачыць і сябе, і сваю
Наша дзяржава аднолькава абыякавая і да сваіх пісьменьнікаў, і да чужых. Я думаю, што ў пэўным сэнсе такое становішча нас павінна задавальняць.
Беларусь, і зьнішчаную мару, і акрыялую надзею, і сам беларускі характар. Уладзімер Някляеў сказаў, здаецца, усё пра апошнія 15 гадоў, пра тое жыцьцё, якое пачалося ў нас зь ліпеня 1994 году, сказаў менавіта гэтай аповесьцю. І таму заклікаю нашых чытачоў зьвярнуць увагу і на гэты твор нашага выдатнага паэта Ўладзімера Някляева, і ўвогуле на ягоную кнігу „Цэнтар Эўропы“. З задавальненьнем прачытаў у 42-м нумары „Дзеяслова“ першую частку аповесьці Віктара Казька „Сказ пра ката, каторы сьмяяўся“. На маім пісьменьніцкім стале знаходзіцца і цудоўная кніга Антона Луцкевіча „Барацьба за вызваленьне“, укладзеная Анатолем Сідарэвічам. Я ўжо пра гэта казаў і буду казаць: мы дажывем да таго часу, калі ў Менску зьявіцца помнік Антону Луцкевічу. І ўвогуле, я вельмі рады, што сёлета зьявілася шмат кніг, сярод якіх кніга паэзіі Эдуарда Акуліна „Вітражы“, кніга прозы Барыса Пятровіча „Піліпікі“, Уладзімера Сіўчыкава „Бювар“, Сяргея Рублеўскага „Ў, тое, што мы страцілі“. Ёсьць што чытаць, і ў гэтым сэнсе як чытач я задаволены. Але тут я павінен выступіць у якасьці адваката нашай дзяржавы і паспрачацца з Барысам Пятровічам, які сказаў, што дзяржава падзяліла пісьменьнікаў на сваіх і чужых. Наша дзяржава аднолькава абыякавая і да сваіх пісьменьнікаў, і да чужых, яна займаецца нейкімі сваімі праблемамі. Я думаю, што ў пэўным сэнсе такое становішча нас павінна задавальняць».

Скобла: «Нядаўна мы даведаліся сумную навіну — у Лёндане памерла Вера Рыч, выдатная перакладчыца беларускай паэзіі. Яшчэ ў 1972 годзе яна ўклала і пераклала на ангельскую мову анталёгію нашай паэзіі „Як агонь, як вада“, год таму пераклала „Піснкую шляхту“ і паспрыяла яе пастаноўцы ў Лёндане, да апошніх дзён працавала над перакладам „Новай зямлі“... У сувязі з гэтай сапраўды вялікай стратай, як сёньня беларуская літаратура рэпрэзэнтуецца навонкі? Якія творы і якія імёны гучаць па-за межамі нашай краіны?»

Марыя Мартысевіч: «Калі казаць пра Веру Рыч, пра яе дзейнасьць, то, безумоўна, страта вельмі вялікая. Трэба зазначыць, што Рыч — перакладчыца і прамоўтарка найперш клясычнай беларускай літаратуры. А калі адказваць на ваша пытаньне... Сёлета ў Паланзе зь ініцыятывы Саюзу пісьменьнікаў Літвы праводзіўся традыцыйны сэмінар, дзе сустракаюцца пісьменьнікі Літвы, Беларусі, Польшчы, Латвіі, Грузіі, Украіны. Беларускую паэзію прадстаўлялі Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Наста Манцэвіч, Валярына Кустава і Глеб Лабадзенка. Творы замежных паэтаў у перакладах друкаваліся ў Беларусі, а беларускіх — адпаведна ў іншых краінах. Да такіх сэмінараў можна аднесьці і армянскую канфэрэнцыю „Форум перакладчыкаў і выдаўцоў краінаў СНД“, у якой мне давялося ўзяць удзел. Зь беларускага боку ў Ерэван выляталі той жа Андрэй Хадановіч, я, Генадзь Вінярскі (выдавецтва „Кнігазбор“), выдавец і перакладчык Зьміцер Колас і Васіль Якавенка».

Скобла: «Якія беларускія кнігі выйшлі сёлета за мяжой?»

Мартысевіч: «Кніг беларускіх аўтараў за мяжой выходзіць вобмаль.
Каб прагучаць у сьвеце, трэба быць перакладзеным на нямецкую ці ангельскую мовы.
Яны зрэдку выдаюцца пераважна ў Польшчы і ва Ўкраіне. У Польшчы ў сэрыі „Калегіюм Эўропы Ўсходняй“ выйшла проза Альгерда Бахарэвіча, Валянціна Акудовіча, у мінулым годзе, праўда, выйшла кніга Ігара Бабкова „Клакоцкі і яго цені“, якая сёлета намінаваная на прэстыжную прэмію „Ангелус“, на якую вылучаюцца кнігі пісьменьнікаў Сярэдняй Эўропы, перакладзеныя на польскую мову. "Паром праз Ля-манш" Уладзімера Арлова выйшлі ў Гданьску па-польску. Але, каб прагучаць у сьвеце, трэба быць перакладзеным на нямецкую ці ангельскую мовы».

Скобла: «Сёлета зьявіўся інтэрнэт-часопіс „ПрайдзіСьвет“. Гэта неяк падахвоціла нашых перакладчыкаў да больш актыўнай творчай дзейнасьці?»

Мартысевіч: «Так, безумоўна. Зьяўленьне „ПрайдзіСьвету“ я сапраўды лічу падзеяй году. Цяпер маладому перакладчыку значна лягчэй надрукавацца. Я лічу, што на нашых вачах паўстае школа беларускага перакладу».

Скобла: «Літаральна месяц таму ў Менску адбыўся ўстаноўчы сход яшчэ аднаго пісьменьніцкага саюзу — Саюзу пісьменьнікаў гэтак званай саюзнай дзяржавы. А як вы гэтую падзею ацэньваеце?»

Пятровіч: «Тут цяжка сказаць нешта адназначнае, таму што мы ведаем толькі іх намеры. Прыкладам, стварыць бібліятэчку саюзнай дзяржавы, выдаць 50 кніг — добрае пачынаньне, няхай бы выйшлі гэтыя кнігі і па-расейску, і па-беларуску. Але ў цэлым, калі казаць пра гэтую зьяву, то мне ня верыцца ў доўгатэрміновае існаваньне пісьменьніцкага саюзу неіснуючай дзяржавы. Калі гэтая зьява будзе пацьверджанае стварэньнем дзяржавы, то, можа быць, гэты саюз папоўніцца і іншымі саюзамі, якія працуюць у гэтых дзяржавах. Бо, апроч тых двух саюзаў, якія ўтварылі „саюзны саюз“, ёсьць яшчэ чатыры творчыя аб’яднаньні ў Расеі і Саюз беларускіх пісьменьнікаў у Беларусі. Я стаўлюся даволі скептычна да гэтага новаўтварэньня».

Скобла: «Леанід, у вас у свой час выйшлі кнігі ў Маскве і Ўладзівастоку. Ці не запрашалі вас у новаўтвораны беларуска-расейскі саюз як аўтара, вядомага ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі?»

Дранько-Майсюк: «У новы саюз мяне не запрашалі. Да стварэньня яго я стаўлюся спакойна, мне здаецца, што гэта будзе не зусім творчая, а чыноўніцкая арганізацыя, прычым, гэта будзе камэрцыйная арганізацыя. Калі нейкія беларускія кнігі там і будуць выходзіць — дай Божа, але такога выхавальнага напрамку, які б спрыяў разьвіцьцю сучаснай беларускай літаратуры, я пакуль ня бачу. Але паколькі гэты саюз стварыўся, няхай сабе існуе. Пабачым».

Скобла: «Не магу не згадаць і адну сёлетнюю літаратурную дыскусію. „Беларуская літаратура бяззубая“ — гэтыя словы паэта і старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэя Хадановіча падхапілі многія СМІ. Але ці павінна літаратура быць зубастай — яна ж не алігатар...»

Мартысевіч: «Хачу абараніць Хадановіча. Мне здаецца, што працытаваныя вамі словы — фікцыя прэсы. Таму што ў сучаснай беларускай прэсы, прыкладам, у газэты „Наша ніва“, існуе тэндэнцыя да жаўцізны, журналісты з адной фразы зрабілі ня вартую таго сэнсацыю. Я прысутнічала пры гэтым тэлефонным інтэрвію, адбывалася яно падчас працы „Перакладчыцкай майстэрні“, пасьля васьмі гадзінаў вечара, Хадановіч сьпяшаўся на цягнік...»

Дранько-Майсюк: «Калі гэта фікцыя прэсы, то няхай Андрэй у той жа „Нашай ніве“ выкажацца, надрукуе абвяржэньне. Але ён маўчыць. Таму ўсе і ўспрынялі яго словы дастаткова балюча і нэгатыўна. Я — прыхільнік беларускай літаратуры, я люблю беларускую літаратуру. Беларуская літаратура — гэта маё жыцьцё, для мяне яна —найлепшая ў сьвеце. Беларуская літаратура — гэта самадастатковы космас. Беларускай літаратуры не хапае любові саміх беларускіх творцаў, вядома ня ўсіх.
Ёсьць пэўная катэгорыя маладых творцаў, іх можна налічыць ужо дзясяткі, якія займаюцца дзіцячымі гульнямі.
Ёсьць пэўная катэгорыя маладых творцаў, іх можна налічыць ужо дзясяткі, якія займаюцца дзіцячымі гульнямі. Гэта як у старой беларускай вёсцы. Калі дзетак не паклалі спаць а дзявятай гадзіне вечара, то раздураныя дзеткі а дванаццатай гадзіне ночы пачынаюць біць вокны ў сваёй роднай хаце. Вось я бачу гэтае біцьцё вокнаў у Доме беларускай літаратуры, калі зьневажаюцца імёны Багдановіча, Каліноўскага, Ластоўскага, калі ідуць заявы, што Колас ня ўмеў пісаць прозу, а Купала быў глухі да паэзіі...Гэтым літаратурным дзеткам трэба Янку Купалу печы паліць і двор падмятаць. Трэба спачатку стварыць нешта сваё, а пасьля ўжо „крытычна“ ставіцца да нашай цудоўнай літаратуры. А то можна прачытаць, што новае пакаленьне беларускіх літаратараў працуе ў стылі расхістваньня маральных устояў. А я, стары дурань, заўсёды думаў, што ні ў жыцьці, ні ў літаратуры маральныя ўстоі расхістваць нельга. Аказваецца — можна! І таму можна плявузгаць абы што пра Купалу, пра Багдановіча, пра Коласа. Пра гэта мне з вышыні майго літаратурнага вопыту і гадоў, якія я пражыў, непрыемна чытаць. Напрыклад, я разгортваю кнігу і чытаю, што кожны вучань РБ, дзякуючы Максіму Багдановічу ведае, як па-беларуску называецца тубэркулёз, а ў дужачках ідзе тлумачэньне — „на вялікі жаль, сіфілісу не пашанцавала“... Тут я толькі рукамі магу разьвесьці».

Мартысевіч: «А вы глядзелі сэрыял „Тэорыя вялікага выбуху“? Там ёсьць такі герой — Шэлдан Купэр, малады чалавек, у якога IQ 188 пунктаў, і ён лічыць астатніх людзей недачалавекамі. Ён вельмі клясны тэарэтычны фізык, ён прыносіць амэрыканскай дзяржаве немалыя грошы. Але ў яго ёсьць дзьве заганы: па-першае, ён ня ўмее кіраваць машынай, а па-другое, ён проста не разумее іроніі і сарказму. І з гэтай прычыны ў сэрыяле адбываюцца ўсе камічныя падзеі, то бок, над Купэрам жартуюць, а ён прымае гэта за праўду... Мне вельмі непрыемна, што за нашым „круглым сталом“ пра мяне гавораць у трэцяй асобе. Я лічу, што маю кніжку вы чыталі літаральна, няправільна, і гэта дэманструе вашу няздольнасьць разумець іронію і сарказм мадэрністычнай літаратуры».

Пятровіч: «Я хацеў бы аспрэчыць думку пра „бяззубасьць“ беларускай літаратуры. Кожны нумар „Дзеяслова“ якраз пацьвярджае яе „небяззубасьць“. Прыкладам, кніга публіцыстыкі і эсэ Віктара Казька „Дзікае паляваньне ліхалецьця“, большасьць тэкстаў зь якой прайшла праз „Дзеяслоў“, прабыла ў кнігарнях толькі адзін дзень. Сёньня яна трапіла ў кнігарні, а ўжо назаўтра была вернутая выдаўцам. Чаму? Таму што яе забракавала гэтак званая „камісія па маралі“, якая працуе пры адміністрацыі прэзыдэнта».

Мартысевіч: «Можа, гэта не ад таго, што беларуская літаратура „небяззубая“, а ад таго, што беларускія чыноўнікі бязмозглыя. У нас як атрымліваецца? Тыя кнігі, якія абсалютна бяскрыўдныя і маглі б спакойна ляжаць у кнігарнях, атрымліваюць вядомасьць, таму што на іх накладзеная неафіцыйная забарона. Так адбылося, напрыклад, з раманам Віктара Марціновіча „Параноя“. Звычайны і файны жаночы раман пра шпіёнскія жарсьці стаўся забароненым фактычна на пустым месцы. Так адбываецца ў нас, мне здаецца, зь любой кніжкай. У беларускім грамадзтве існуе такая сьпіраль страху, калі самая ніжняя шрубачка сыстэмы, каб перастрахавацца, стварае праблемы пісьменьнікам і выдаўцам. Гэта, па-мойму, такая хорар-сытуацыя ва ўсім грамадзтве, а ня толькі
Тыя кнігі, якія абсалютна бяскрыўдныя і маглі б спакойна ляжаць у кнігарнях, атрымліваюць вядомасьць, таму што на іх накладзеная неафіцыйная забарона.
ў літаратуры».

Скобла: «Леанід, вы сёлета ў межах кампаніі „Будзьма беларусамі!“ безьліч разоў выступалі ў школах, у ВНУ. Ці запатрабаваная сучасная беларуская літаратура сёньняшнімі школьнікамі і студэнтамі?»

Дранько-Майсюк: «Шмат выступаў было і ў бібліятэках — вясковых, гарадзкіх, дзе літаральна падчас нашага там перабываньня прыходзілі дзеці і бралі беларускія кнігі: Івана Пташнікава, Алеся Жука, Віктара Казька, Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча. І гэта сьведчыць пра тое, што беларуская кніга чытаецца юнымі душамі і засвойваецца. У гэтым сэнсе інтэрнэт ня ўсю ўвагу забраў. Магчыма, гэтае чытаньне толькі ў межах школьнай праграмы, магчыма, гэтае чытаньне сьпешнае, не такое ўважлівае, але ўсё ж я лічу, што праца беларускіх настаўнікаў, якія выкладаюць беларускую літаратуру, марна ня гіне. Застаецца пажадаць, каб хоць на такім школьным узроўні вялася праца ў сем’ях, каб бацькі таксама схілялі сваіх дзетак да беларускай кнігі. Я спадзяюся, што ўрэшце Міністэрства адукацыі ўсё ж знойдзе магчымасьць пашырыць прастору беларускай літаратуры ў школе, знойдзе патрэбныя гадзіны. Бо беларуская літаратура запатрабаваная».

Скобла: «У гэты час, калі мы размаўляем у студыі, дзесьці ў кабінэтах высокапастаўленых чыноўнікаў разглдяаецца Закон аб інтэрнэце. Скажыце, калі беларускаія ўлады возьмуць пад кантроль інтэрнэт-прастору, ці шмат пацерпіць ад гэтага беларуская літаратура? Ці гэта пройдзе незаўважна?»

Пятровіч: «Ня думаю, што гэта пройдзе незаўважна, таму што інтэрнэт дужа папулярны найперш сярод моладзі. Інтэрнэт для нас, для літаратурных выданьняў, для ўсіх выданьняў — гэта акно ў сьвет, магчымасьць, каб творы нашых літаратараў чыталіся ня толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі, у далёкіх краінах. Будзе шкада, калі тут зьявяцца нейкія абмежаваньні. Праўда, мы пакуль ня ведаем, у якой меры гэта закране нашу літаратуру, пісьменьніцкія блогі. Але на сёньня інтэрнэт — гэта фактычна адзінае акно ў сьвет, абароненае ад дзяржаўнай цэнзуры».

Мартысевіч: «Я не зусім разумею, як тэхнічна будзе адбывацца гэты дзяржаўны кантроль. Напрыклад, маладыя людзі, якія жывуць у Францыі ці Амэрыцы, дзе заўгодна, выдаюць інтэрнэт-часопіс антыдзяржаўнага зьместу. Часопіс выдаецца на сэрвэрах org, або com, якія не кантралююцца беларускімі ўладамі ў прынцыпе. Дык як беларускія ўлады будуць кантраляваць гэты часопіс? Яго ня змогуць чытаць толькі юзэры, якія падключаюцца праз пэўны канэкт, які кантралюецца дзяржавай, астатнія ў абход розных глушылак могуць выйсьці на гэты сайт. Ёсьць цэлыя сыстэмы абходу такіх глушылак. Існуюць пэўныя проксі-сэрвэры, якія шыфруюць твой эйпішнік. Улады ня могуць забараніць чытаць гэты сэрвэр людзям з амэрыканскімі эйпішнікамі, ты можаш зрабіць свой эйпішнік амэрыканскім і выходзіць на гэты часопіс».

Скобла: «У Кітаі ўлады знаходзяць спосабы кантролю над інтэрнэтам. І ў нас жа ёсьць парк высокіх тэхналёгій, які можа атрымаць адпаведнае заданьне».

Мартысевіч: «У Кітаі — ерогліфы, там гэта зрабіць прасьцей. А ў Беларусі заглушыць інтэрнэт каштавацьме вельмі дорага. Калі ў нас у гэтым годзе скарачаюць бюджэт, ня ведаю, адкуль возьмуцца на гэта грошы. Так што я даволі скептычна стаўлюся да дзяржаўнага кантролю ў інтэрнэт-прасторы».

Дранько-Майсюк:
Калі я дзень не пагляджу тэлевізар, я імгненна здаравею, калі я два дні не пагляджу тэлевізар — я адчуваю сябе шчасьлівым. У мяне ёсьць добры доступ да інтэрнэту, але я амаль не карыстаюся ім.
«Калі я дзень не пагляджу тэлевізар, я імгненна здаравею, калі я два дні не пагляджу тэлевізар — я адчуваю сябе шчасьлівым. У мяне ёсьць добры доступ да інтэрнэту, але я амаль не карыстаюся ім. Нядаўна я перачытаў „Новую зямлю“ Якуба Коласа і заклікаю ўсіх замест таго, каб бязмэтна плаваць у гэтым балоце, лепш перачытаць „Новую зямлю“ — і здароўе, і шчасьце, і вялікая эстэтычная асалода».

Скобла: «На заканчэньне нашай гутаркі дазвольце і мне назваць адзін твор, які сёлета па-добраму мяне ўразіў. Гэта ўжо прыгаданае сёньня эсэ Леаніда Дранька-Майсюка „У Вільні і больш нідзе“ („Дзеяслоў“, № 41). Леанід, колькі кілямэтраў давялося вам прайсьці па Вільні, вывучаючы гэтае, як вы пішаце, места беларускага зьместу?»

Дранько-Майсюк: «У Вільні пра кілямэтры забываеш. Калі глядзіш на места з Гедымінавай гары, альбо з Гары Трох Крыжоў, ня думаеш пра далёкія адлегласьці, бо бачыш суладны архітэктурны букет... Калі ўжо ўзьнікла ў нашай гаворцы гэтае слова — адлегласьць — то мушу сказаць: Вільня — гэта тое места, якое цябе, беларуса, ніколі не трымае на адлегласьці. Вільня заўсёды набліжаецца да цябе, бо яна родная. У Вільню мяне паклікала наша цудоўная літаратура. Паэт Уладзімер Жылка сказаў, што віленскі касьцёл Сьвятой Ганны — гэта сьпеў, і мне тут жа захацелася пачуць гэты сьпеў. А яшчэ Жылка прамовіў пра нейкую віленскую царкву, якая зь бізантыйскай пэўнасьцю прысела ля вады. І, зноў жа, мне захацелася ўбачыць гэтую царкву і гэтую ваду. А ў сваёй кнізе „Лісткі календара“ Максім Танк пісаў пра далёкую, начную, віленскую дарогу, па якой яму трэба прайсьці пешкі (бо грошай на рамізьніка няма), каб трапіць да родных у Закрэт. Я прайшоў па той дарозе з цэнтру Вільні ў Закрэт і з радасьцю зразумеў, што Максім Танк напісаў праўду — дарога сапраўды доўгая. Нішто так ня цешыць душу, як успаміны. У Вільні яны — асаблівыя. У Вільні абавязкова ўспомніш Францішка Аляхновіча. Скажам, ідзеш па Антокальскай вуліцы, і ўпэўненасьць, што зараз ты ўбачыш аўтара п’есы „Пан міністар“ гэткая ж рэальная, як і твой фатаздымак ва ўласным пашпарце».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG