Шыльда свабоды
Наваполацак, вуліца Блахіна, 28
У гэтым будынку ў рэдакцыі газэты “Хімік” з канца 1970-х да канца 1980-х працавала літаратурнае аб’яднаньне “Крыніцы”, якое стала клюбам іншадумцаў. Літаратары, мастакі, музыкі змагаліся за адраджэньня нацыянальнай культуры і пашырэньне свабоды.
У гэтым будынку ў рэдакцыі газэты “Хімік” з канца 1970-х да канца 1980-х працавала літаратурнае аб’яднаньне “Крыніцы”, якое стала клюбам іншадумцаў. Літаратары, мастакі, музыкі змагаліся за адраджэньня нацыянальнай культуры і пашырэньне свабоды.
Літаб’яднаньне, якое ўзьнікла яшчэ на пачатку 1970-х, з прыездам у Наваполацак пасьля заканчэньня гістфаку БДУ Ўладзімера Арлова рэзка зьмянілася. “Крыніцы” насамрэч сталі літаратурна-палітычным клюбам. Літаратары і нават мясцовыя мастакі, якія да іх пацягнуліся (прыкладам, Рыта і Сяржук Цімохавы), зразумелі, што замінае свабодзе іхняй творчасьці. І пачалі адваёўваць у горадзе беларускую культурную прастору. Яны агітавалі за адкрыцьцё беларускамоўных клясаў, і першымі ж вучнямі гэтых клясаў сталі сыны Сяргея Сокалава-Воюша і Ўладзімера і Валянціны Арловых. “Крынічане” дамагліся перайменаваньня дзьвюх вуліц у вуліцы імя Янкі Купалы і Якуба Коласа. Маладыя літаратары пайшлі ў працоўныя і вучэбныя ўстановы са сваімі выступамі. Сталі ладзіць экскурсіі па гістарычных мясьцінах Беларусі. Да літаратараў пацягнулася творчая і навуковая інтэлігенцыя гораду. Узьнікла цікавае супрацоўніцтва з адным зь першых у краіне беларускамоўным рок-гуртом “Мясцовы час”.
Дзейнасьць “Крыніцаў” заўважыла ня толькі інтэлігенцыя, — кажа Ўладзімер Арлоў:
“Мы якраз невыпадкова адчулі пільную ўвагу з КДБ. Абсалютна дакладна можна сказаць, што на кожным паседжаньні прысутнічалі інфарматары. Тым болей, што некаторыя потым пакаяліся, прызналіся”.
Агенты КДБ былі вымушаныя ня толькі засядаць, але й чытаць літаратурную старонку “Хіміка”. А там друкаваліся ўжо ня толькі наваполацкія літаратары, але і маладыя пісьменьнікі з Менску, якіх не публікавалі рэспубліканскія выданьні. Прыкладам, у “Хіміку” пабачылі сьвет вершы Адама Глобуса пасьля таго, як была “рассыпаная” ягоная першая кніжка.
Пры канцы 1980-х гадоў шляхі “крынічанаў” пачынаюць разыходзіцца. Уладзімер Арлоў ад’яжджае ў Менск. “Крыніцы” натуральным чынам пачынаюць высыхаць — кажа паэтка Ірына Жарнасек, якая пасьля Арлова яшчэ некалькі гадоў кіравала аб’яднаньнем:
“Проста не было ў той час новых літаратараў, новых цікавых сілаў, якія прыходзілі і прыходзілі б. Так і сканалі „Крыніцы“. Але ж да таго сканала газэта „Хімік“, пры якой існавала аб’яднаньне. „Крыніцы“ — зьява свайго часу”.