Эфір 9 сьнежня.
СЛУХАЦЬ ГУТАРКУ ЦАЛКАМ:
Ганна Соўсь: Сёньня ў расейскай “Новай газэце” быў надрукаваны ваш артыкул «Вайна за спадчыну алігарха», прысьвечаны справе з арыштам у Менску амэрыканскага адваката Эмануіла Зельцэра і гісторыі са спадчынай Бадры Патаркацішвілі. У сувязі з гэтым вы атрымлівалі лісты, тэлефанаваньні і тэлеграмы з пагрозамі. Раскажыце, калі ласка, пра іх слухачам “Свабоды”.
Ірына Халіп: Я сапраўды зьбіралася напісаць простую дэтэктыўную гісторыю, паколькі любая гісторыя, дзе дзейнічаюць КДБ Беларусі, мільярды, Беразоўскі, гэта проста цікава, гэта дэтэктыў. І я проста не магла ўявіць, што мне прыйдзецца стаць удзельніцай гэтай дэтэктыўнай драмы. Я сустрэлася ў Нью-Ёрку, калі атрымлівала ўзнагароду, з Эмануілам Зэльцэрам. Сустрэча была вельмі цікавая, мы размаўлялі бадай што пяць гадзінаў. І па вяртаньні я вырашыла, што трэба працягнуць гэтую тэму. Пачала працаваць. Калі я адаслала па электроннай пошце ў рэдакцыю ў Маскву тэкст гэтага артыкулу, літаральна на наступны дзень атрымала электронны ліст з незнаёмага адразу -- "прывітаньне ад Барыса" -- падпісаны, як быццам, Барысам Беразоўскім. Было напісана, што “калі гэты артыкул выйдзе, ты вельмі хутка сустрэнешся з Ганнай Паліткоўскай".
А праз 2 дні мне ўвечары патэлефанавалі, незнаёмы голас сказаў мне: “мы цябе папярэджвалі, калі гэты артыкул выйдзе, можаш з дому больш не выходзіць ніколі". Тады я ўсё ж зразумела, што хтосьці вельмі ня хоча, каб гэты артыкул сапраўды выходзіў
Але гэта быў проста сыгнал, што яны ведаюць усё пра мяне -- тэлэфонныя перамовы, зьмест маіх электронных лістоў, бо я гаварыла пра Пал Палыча, калі мы гаварылі з маім маскоўскім рэдактарам. Потым тэлефанаваў муж з аэрапорту Франкфкурту і запытаўся, што набыць у краме дьюці-фры, і я папрасіла купіць каньяк Хэнэсі. А на наступны дзень захварэў мой сын, тэлефанавала маці, і мы зь ёй абмяркоўвалі ягоны стан. І ўявіце: Пал Палыч, сын, Хэнэсі -- і ўсё ў адной тэлеграме. Вядома, для мне не было навіной тое, што мне пагражаюць, бо я ўжо прызвычаілася да гэтага... Але гэта было хамскае, беспардоннае абвяшчэньне таго, што мы ведаем пра цябе ўсё, што мы пільнуем кожны твой крок.
Соўсь: У заяве ад рэдакцыі да артыкулу гаворыцца: “мы доўга думалі, ці варта даваць гэтай заблытанай і бруднай гісторыі столькі газэтнага месца, і нават было вырашылі, няхай алігархі і разнастайныя авантурысты самі разьбіраюцца ў сваіх канфліктах. Але тое, што пачала адбывацца з нашым сабкорам у Менску, не пакінула іншага выбару: толькі апублікаваная інфармацыя – гарантыя бясьпекі журналіста". Ірына, ці вы прынялі нейкія яшчэ нейкія меры перасьцярогі акрамя таго, што абнародавалі пагрозы? Зьвярталіся ў міліцыю? Памянялі свой распарадак дня, стыль жыцьця?
Халіп: Некаторыя рэчы ў сваім ладзе жыцьця я сапраўды зьмяніла. Гэта вымушаныя часовыя меры. Зьвяртацца ў праваахоўныя органы? Згадайце Зьмітра Дашкевіча, які зьвярнуўся наконт жудаснага выпадку з выкраданьнем. У выніку прыйшлі міліцыянты і забралі зь яго кватэры ўсё, што мела дачыненьне да ягонай палітычнай дзейнасьці. Што мы маем ў маім выпадку. Той, хто можа праслухоўваць тэлефонныя перамовы, той, хто можа перахопліваць электронныя лісты, хто гэта? На маю думку, у нас толькі адзін адказ на гэтае пытаньне. Тым больш, што менавіта пра спэцслужбы і іх ролю ў гэтай дэтэктыўнай гісторыі ідзе гаворка ў маім артыкуле. Другіх вэрсій проста няма. Я зьвяртаюся ў міліцыю, уявіце, Яны адразу тэлефануюць сваім, як кажуць, сьмежнікам, і далей ў гэтых міліцыянтаў, як у справе Дашкевіча, зьяўляцца магчымасьць прыйсьці, забраць мой кампутар, ці што-небудзь яшчэ. Куды зьвяртацца, у пракуратуру? Калі 10 гадоў таму яны пагражалі мне турмой, то я ў гэты орган ніколі зьвяртацца ня буду.
Соўсь: Ірына, фільм Юрыя Хашчавацкага “Ў пошуках ідышу” атрымаў узнагароду ў намінацыі “Культура” на Нью-Ёрскім міжнародным незалежным кінавідэафэстывалі. У 1999 годзе неўзабаве пасьля выхаду фільму “Звычайны прэзыдэнт”, які атрымаў шэраг міжнародных узнагародаў, Юрыя Хашчавацкага моцна зьбілі невядомыя, зламалі нагу. У гэтыя дні шырокі розгалас атрымалі гісторыі з выкраданьнем моладзевых актывістаў. Як мяркуеце, у вашым выпадку, у выпадку з Хашчавацкім, з моладзевымі актывістамі задзейнічаныя розныя людзі, структуры? Тактыка адрозьніваецца?
Халіп: Магчыма, розныя людзі, але хутчэй за ўсё адны і тыя ж структуры. У нас іх ня так уж і шмат, як напрыклад у іншых краінах. У той жа Расеі ня толькі ФСБ можа праслухоўваць тэлефоны, але і службы бясьпекі Газпрому, Роснефти і гэтак далей . У нас ёсьць КДБ, МУС, Пракуратура, але гэта ўсё адныя і тыя ж вар'яцкія служакі, якія проста будуць рабіць усё нават супраць уласных маці для таго, каб утрымацца там і не аказацца на вуліцы, бо няма куды ісьці.
Соўсь: Легендарны савецкі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі так пракамэнтаваў для Радыё Свабода выкраданьні ў Беларусі:
Букоўскі: Рэпрэсіўныя рэжымы пачынаюць ужываць дзіўныя мэтады, калі хочуць палепшыць свой зьнешні імідж. Мне здаецца, што ў Лукашэнкі зараз такая праблема. Ён, з аднаго боку, заігрывае з Захадам і ня хоча больш зь імі сварыцца, хоча нейкі балянс мець паміж Масквой і Захадам. А з другога боку, ён разумее, што рэжым яго нестабільны, і калі ён ня будзе запалохваць апазыцыянэраў, то доўга гэты рэжым не пратрымаецца. Дакладна такая сытуацыя была напачатку 60-х гадоў у СССР, калі Крэмль вынайшаў карную псыхіятрыю. Былі такія мэтады і напачатку 70-х, калі быў так званы дэтант з Захадам. Яны вынаходзяць нешта такое, што б дазвалялі ім , на іх погляд, вырашыць гэтую задачу. Для мяне ніякага сумневу няма, што гэта робіцца на загад беларускага кіраўніцтва. Такія рэчы самі па сабе не адбываюцца, і прыватным асобам няма патрэбы запалохваць апазыцыянэраў. Адказ на гэта павінен быць такі, які мы заўсёды давалі ў такіх сытуацыях: чым больш галоснасьці, чым больш пратэстаў, тым больш шанцаў, што гэтыя мэтады зьнікнуць
Вы згодныя з меркаваньнем Уладзімера Букоўскага?
Халіп: Абсалютна згодная. Галоснасьць у нашым выпадку -- гэта больш бясьпечна, чым маўчаньне. І напэўна мы павінны сапраўды быць больш салідарнымі, чым калі-небудзь яшчэ, таму што толькі калі мы будзем падтрымліваць адзін аднаго, нам ня будзе страшна і мы зможам супрацьстаяць, можам падтрымліваць супраціў.