Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: дыктатура ў сучасным сьвеце непрымальная

абноўлена

«Калі б мы паспрабавалі гэта зрабіць у Беларусі — нас бы раструшчылі цягам сутак», — заявіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію італьянскай газэце «Ла Стампа».

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма падставаў для ўсталяваньня дыктатуры.

«Гэта магчыма ў ЗША, Кітаі, збольшага ў Расеі: гэта самадастатковыя дзяржавы, якія могуць існаваць практычна незалежна, калі на іх абрушыцца ўвесь сьвет», — дадаў ён.

Адказваючы на пытаньне, ці будуць беларускія ўлады абмяркоўваць з італьянскім прэм’ерам пытаньні дэмакратыі, Лукашэнка заявіў: «Ня думаю, што Сільвіё Бэрлюсконі едзе сюды за нейкімі гарантыямі дэмакратызацыі».

Закранаючы магчымасьці ўдзелу італьянскага бізнэсу ў прыватызацыі ў Беларусі, Лукашэнка сказаў: «Прыватызацыя — гэта не галоўнае пытаньне, якое сёньня хвалюе беларусаў і якое будзе гучаць на перамовах з прэм’ер-міністрам Італіі ».

Ён падкрэсьліў, што прыватызацыя ў Беларусі ідзе сваім парадкам і не нясе абвальнага характару.

«Прадаваць свае прадпрыемствы мы будзем толькі тым, хто заплаціць добрыя грошы і больш за сваіх канкурэнтаў, хто прапануе добры інвэстыцыйны праект і дасьць гарантыі захаваньня працоўных месцаў», — адзначыў Лукашэнка.

«У нас ідзе кропкавая прыватызацыя, прыватызуюцца тыя аб’екты, дзе дзяржава лічыць гэта неабходным, а там, дзе прадпрыемства добра працуе ва ўмовах дзяржаўнай уласнасьці, мы гэтага рабіць ня будзем», — патлумачыў ён.


Пра ЗША і беларускую апазыцыю


Аляксандар Лукашэнка ўпэўнены, што ўзаемаадносіны з ЗША будуць паляпшацца:

«Занадта мала часу прайшло з таго часу, як прыйшла да ўлады новая адміністрацыя, але нагнятаньня абстаноўкі вакол нашых адносін з Амэрыкай мы ня бачым, і гэта добры сыгнал для нас».

«Эўрапейцы, ідучы на перамовы са мной, павінны разумець: інтарэсы тых людзей, якія зрабілі мяне прэзыдэнтам, для мяне непарушныя, — заявіў Лукашэнка. «Нават у дэмакратызацыі па-эўрапейску для мяне і кіраўніцтва краіны сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны, унутрыпалітычная стабільнасьць зьяўляюцца сьвятымі».

Паводле Лукашэнкі, апазыцыя ў Беларусі «гатова выйсьці замуж за Эўразьвяз на любых умовах, можа быць, гатова здаць усе інтарэсы беларускага народа, але ў мяне іншая палітыка: я хацеў бы, каб інтарэсы беларускага народа былі захаваныя».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ЭЗ павінен разумець, што Беларусь выступае за супрацоўніцтва на прызнаных у сьвеце прынцыпах.

Адказваючы на пытаньне, бліжэй да ЭЗ ці Расеі бачыцца яму Беларусь у пэрспэктыве, Лукашэнка заўважыў, што ён глядзіць на сытуацыю інакш: «Да таго, хто будзе трымацца нашых інтарэсаў. І, натуральна, мы будзем дзейнічаць не на шкоду сваім суседзям».

Кірыл і Бэнэдыкт XVI могуць сустрэцца ў Беларусі


Сустрэча ў Беларусі кіраўнікоў Рускай праваслаўнай і Рымскай каталіцкай цэркваў магла б стаць падарункам беларускаму народу, заявіў Лукашэнка:

«Я перакананы, што сустрэча была б на карысьць усяму хрысьціянскаму сьвету».

На просьбу зрабіць прагноз такой сустрэчы ў блізкай будучыні, Лукашэнка сказаў: «Я нічога не выключаю».

Пачынаецца кампанія за скасаваньне сьмяротнага пакараньня


У Беларусі плянуецца правесьці шэраг мерапрыемстваў, каб зьмяніць стаўленьне народу да пытаньня сьмяротнага пакараньня.

«У нас гэтае пытаньне было вырашанае дэмакратычна: на рэфэрэндуме практычна 90% насельніцтва выказаліся за гэтае пакараньне».

«Калі б мы зараз правялі новы рэфэрэндум, то вынікі былі б такімі ж, як і ў папярэдні раз», — лічыць Лукашэнка.

«Мы тыдзень таму вызначыліся, што пачынаем шэраг мерапрыемстваў у гэтым напрамку, пачынаючы з парлямэнцкіх слуханьняў і ўзьняцьця гэтай тэмы ў СМІ», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе практыкуецца сьмяротнае пакараньне, перадае нагадвае Інтэрфакс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG