Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар: Абавязковае разьмеркаваньне – гэта дабро


Заканадаўчая норма пра абавязковае разьмеркаваньне выпускнікоў у Беларусі ня будзе пераглядацца.

Так сказаў журналістам міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў пасьля дакладу ў Савеце Рэспублікі адносна законапраекту “Аб асновах дзяржаўнай моладзевай палітыкі”.

Адносна таго, што ня ўсе маладыя людзі жадаюць ехаць па абавязковым разьмеркаваньні ў раёны, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама ў сельскую мясцовасьць, спадар Радзькоў сказаў:

“Цяпер сярод моладзі модна ехаць на вёску. Асабліва ў аграгарадкі, дзе прадстаўляецца жыльлё з гарачай вадой, будуецца многа аб'ектаў, школы, дзіцячыя садкі. Дзяржава зацікаўлена, каб у нас разьвіваліся ўсе рэгіёны”.

Паводле А.Радзькова, “калі нехта з маладых людзей у Беларусі не разумее ўсёй важнасьці разьмеркаваньня, то неабходна неяк яго падштурхнуць, даць зразумець, што ён абавязаны выконваць свой грамадзянскі доўг і вярнуць такім чынам выдаткі, якія патраціла дзяржава на яго адукацыю”, — паведамляе Інтэрфакс.

Нагадаем, нядаўна быў скасаваны кантракт з рэктарам мэдунівэрсытэту Паўлам Беспальчуком, які апублікаваў 9 лістапада скандальны артыкул пра разьмеркаваньне ў газэце “Веснік БДМУ”.

У артыкуле ён піша: “У ВНУ прыбыла група людзей, ня ўключаных у склад камісіі па разьмеркаваньні. Увесь склад камісіі быў моўчкі адхілены ад удзелу ў працэсе. Працэдура выглядала так: начальнік упраўленьня, трымаючы ў руках праштудзіраваны сьпіс, зачытваў прозьвішча выпускніка і вызначанае яму месца будучай працы, намесьнік упісваў гэта ў лісток разьмеркаваньня. Толькі асобныя выпускнікі пасьпявалі прысесьці на крэсла перад міністрам, але толькі некаторыя пасьпявалі задаць пытаньне і атрымаць на яго адказ, зразумела якога зьместу. У сярэднім на аднаго будучага маладога лекара было затрачана 20 сэкунд, уключна з праходам па сцэне актавай залі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG