Пра гэта “Свабодзе” паведаміў Віктар Тарасёнак зь Берасьцейскай транспартнай пракуратуры. Паводле пракурора, “прозьвішчы загіблых — Жукоўскі, Бартніцкі і Бязубік. Яны ўсе зь Беластоку”.
Сярод абломкаў верталёта знайшлі целы трох загіблых польскіх памежнікаў.
“Удар верталёта аб зямлю быў вельмі моцны, шанцаў выжыць у іх не было. Вэрсіі здарэньня пакуль называць рана — гэта пакажа сьледзтва, якое правядзе Беларуская транспартная пракуратура. Прадстаўнікі польскага боку ўжо прысутнічалі пра аглядзе месца здарэньня ў якасьці назіральнікаў”, — паведаміў пракурор Віктар Тарасёнак.
Верталёт польскай памежнай варты зьнік з радараў каля 20 гадзіны 31 кастрычніка.
У той жа дзень на просьбу польскага боку беларускія памежнікі падключыліся да пошукаў.
Раніцай 1 лістапада рэшткі польскага верталёта былі знойдзеныя менш як за 200 мэтраў ад беларуска-польскай мяжы непадалёк ад пасёлку Высокае Камянецкага раёну.
Да высьвятленьня прычын катастрофы ў Польшчы забаронены палёты ўсіх гелікоптэраў тыпу PZL Kania.