Сябры суполкі “Беларусы Швэцыі” з нагоды Дзядоў ушанавалі памяць Базыля Лукашыка (1905 — 1975), былога дзеяча Беларускай сялянска-работніцкай грамады і арганізатара “Беларускай Грамады” (“Vitryssland societet”) ў Скандынавіі.
Алесь Ліцьвінчык: “Ён быў першым старшынём і заснавальнікам самай першай беларускай суполкі у Скандынавіі, і ён заўсёды застанецца нашым ганаровым старшынём”.
Наведваць магілу Базыля Лукашыка кожную апошнюю суботу кастрычніка сталася ужа традыцыяй для беларусаў Швэцыі. Актывісты прыбралі магілу, усклалі вянок і кветкі, чыталі вершы.
Традыцыю наведваць магілу Базыля Лукашыка распачаў гісторык Андрэй Катлярчук, які запісаў успаміны удавы Базыля Лукашыка, адшукаў яго магілу.
“Усё знайшоў Андрэй Катлярчук, і дазвол ад удавы атрымаў даглядаць магілу. Толькі сёньня Андрэя ня было з намі — у яго толькі што нарадзілася дачка, так што карыстаюся нагодай перадаць ад усіх сябраў суполкі самыя шчырыя віншаваньні”, — распавёў сп. Ліцьвінчык.