Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі будуць зьмены ў выбарчым заканадаўстве?


Прадстаўнікі Цэнтравыбаркаму выказаліся ў афіцыйных мэдыях адносна зьменаў, якія плянуецца ўнесьці ў выбарчае заканадаўства.


Да прыкладу, кандыдатам у прэзыдэнты і ў дэпутаты парлямэнту плянуецца дазволіць ствараць індывідуальныя фонды пры правядзеньні выбарчай кампаніі. Фонды будуць фармавацца за кошт уласных сродкаў кандыдатаў і сродкаў ад беларускіх фундатараў. Ня будуць мець права пералічваць сродкі ў такія фонды замежныя грамадзяне і арганізацыі, прадпрыемствы з замежнымі інвэстыцыямі, а таксама структуры, якія фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту. Кандыдаты змогуць купляць дадатковы эфірны час на тэлебачаньні і радыё, арганізоўваць сустрэчы з выбарцамі, арандаваць памяшканьні і выпускаць дадатковую рэклямную прадукцыю. Намесьнік старшыні руху “За свабоду” Віктар Карняенка сказаў:

Віктар Карняенка
“Усё залежыць ад таго, які сэнс укладае ў гэта ўлада. З аднаго боку, гэта можа яшчэ больш пагоршыць сытуацыю з выбарамі. Калі за гэтыя фонды будуць аплачваць сустрэчы з выбарцамі — скажуць: калі ласка, плаціце нашай міліцыі, і гэтак далей. А калі ня зможаце, то сходаў вам няма. Улада вельмі шмат рабіла сур’ёзных захадаў дзеля стварэньня недэмакратычных умоваў правядзеньня выбараў, каб адразу паверыць. Пакуль у мяне такое стаўленьне да гэтага артыкула, што ён яшчэ горшыя можа стварыць умовы. Хаця калі абстрагавацца ад канкрэтнай сытуацыі, якая ёсьць у Беларусі, то норма правільная. Але для таго каб яна працавала, трэба мець непадкантрольныя бізнэс-структуры, палітычны мэханізм і гэтак далей. Таму гэта можа быць і штучнай нормай, можа быць нормай падвышэньня кантролю за выбарчай працэдурай з боку ўлады і можа быць нормай, якая стварае невядомыя дагэтуль перашкоды”.

Мяркуецца спрасьціць працэдуру вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту ад палітычных партый. Палітычная партыя на сваім зьезьдзе зможа вылучаць кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах ва ўсе выбарчыя акругі, незалежна ад наяўнасьці ў гэтых акругах партыйных структураў.

Аляксандар Дабравольскі
Камэнтуючы гэта, сябра АГП Аляксандар Дабравольскі сказаў:

“Калі справа ідзе пра вылучэньне кандыдатаў, то былі вельмі штучныя абмежаваньні. Таму насамрэч было б правільна адмяніць гэтыя неразумныя абмежаваньні. Але ўсё ж галоўнае ў выбарчым заканадаўстве — каб была гарантыя, што лічацца галасы. Зараз галасы ня лічацца, і ў гэтым асноўная праблема”.

Ёсьць прапанова, каб ня менш за адну траціну ад складу выбарчых камісій, акруговых і тэрытарыяльных. фармавалася зь сяброў палітычных партый і грамадзкіх аб'яднаньняў. Удзел дзяржаўных службоўцаў у выбаркамах таксама будзе абмежаваны адной трацінай. Юрыст Мечыслаў Грыб адзначыў, што гэта нядрэнны захад, але гэта не панацэя ад парушэньняў заканадаўства:

Мечаслаў Грыб
“Нічога не сказана пра сыстэму падліку галасоў. Лепш, каб у нас зьмянілі выбарчую сыстэму, замест мажарытарнай увялі зьмяшаную, мажарытарна-прапарцыйную, хаця б 50 на 50. І ўсё стала б на свае месцы. Кожная партыя, якая бярэ ўдзел у выбарах, мае права ўключаць свайго прадстаўніка ў выбарчую камісію. І ўсё стане на свае месцы”.

На мясцовых выбарах будзе скасаваны бар'ер яўкі выбарцаў. Гэта азначае, што выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы будуць прызнавацца праведзенымі пры любой яўцы выбарцаў. Паводле сябра ПКБ Алены Скрыган, гэта сьведчыць пра невысокую цікавасьць да мясцовых выбараў:

Алена Скрыган
“Бо пасьля выбараў выбарцы ніколі ня бачаць сваіх дэпутатаў, да іх ніколі не зьвяртаюцца, і гэтыя дэпутаты ніколі нічога не вырашаюць. Таму і цікавасьці няма ніякай. Калі гэтая норма прыжывецца на іншых выбарах, тады лічы, што ўсё зараней вырашана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG