Паранена больш за 40 чалавек. Артысты выступалі яшчэ 30 хвілін пасьля выбуху, каб не ствараць панікі. Заведзеная крымінальная справа паводле артыкула "тэрарызм". Пасьля выбуху на адрас прэм'ер-міністра Малдовы Ўлада Філата па тэлефоне паступілі пагрозы фізычнай расправы над ім.
Прыблізна гэтак жа разьвіваліся падзеі ў Менску летась 4 ліпеня, калі на канцэрце да Дня незалежнасьці выбухнула самаробнае прыстасаваньне. Дзясяткі людзей тады былі параненыя. Вінаватыя дагэтуль ня знойдзеныя.
Вось што кажа карэспандэнтка малдоўскай службы нашага радыё Елена Чойна:
"Наша паліцыя кажа, што гэта тэрарыстычны акт, бо гэта быў выбух гранаты і ніхто ня мог проста прыйсьці гуляць на плошчу з гранатай у руках. Гэта была савецкая граната РГ-42. Было паранена каля 40 чалавек, 12 чалавек цяпер знаходзяцца ў шпіталях...
Сёньня прадстаўнікі пракуратуры на прэсавай канфэрэнцыі заявілі, што выключыюць датычнасьць да тэракту палітычных партыяў. Яны лічаць, што гэта нейкая арганізацыя звонку, не з Малдовы. Магчыма тэрарыстычная арганізацыя, а магчыма крымінальныя структуры, якія хочуць дэстабілізаваць сытуацыю ў Малдове. Паводле пракуратуры, учора раніцай на адрас нашага прэм'ера Ўлада Філата паступілі званкі з-за мяжы з пагрозамі новым уладам Малдовы".