Старшыня грамадзкай рады па маральнасьці Мікалай Чаргінец на пачатку прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што працай у новай радзе ён ганарыцца.
Апрача Чаргінца, у новы орган увайшлі 33 сябры. Гэта кіраўнікі ўсіх традыцыйных канфэсій, а таксама каля двух дзясяткаў вядомых асобаў, сярод якіх кампазытар Ігар Лучанок, папулярныя акторы Расьціслаў Янкоўскі, Марыя Захарэвіч, трохкротны алімпійскі чэмпіён Аляксандар Мядзьведзь.
І хоць рада была створаная два месяцы таму пад патранатам прэзыдэнта, увагі гэтай значнай падзеі нават дзяржаўныя СМІ аддалі мала, паскардзіўся Мікалай Чаргінец:
Спрабаваць укусіць чалавека, нават калі ён і прэзыдэнт — не заўсёды гэта правільна
“А я ведаю, чаму. Таму што спадар Рубінаў, выступіўшы супраць царквы — а вы, напэўна, памятаеце ягоны артыкул у “Советской Белоруссии”, — парэкамэндаваў некаторым работнічкам дзяржаўных СМІ ігнараваць і Чаргінца, і такія мерапрыемствы. Недалёкі гэты акадэмік аказаўся, не разумеючы, што такая нармальная чалавечая прыстойнасьць, асабліва чыноўніка”.
Рада ня ставіць на мэце выкарыстоўваць забароны ці ўводзіць цэнзуру, падкрэсьліваюць яе сябры. Толькі парады і супольная праца з грамадзкасьцю і СМІ. Мікалай Чаргінец кажа:
“Адзінае, на што я настроены, скажу вам шчыра, — мы павінны калі не кантраляваць, то адсочваць інтэрнэт”.
Ужо ёсьць прапанова ўвесьці ў школах абавязковы прадмет “Асновы духоўнай культуры”, бо з маральнасьцю ў краіне праблемы, кажа адказны сакратар рады, загадчык юрыдычнага ўпраўленьня Беларускай праваслаўнай царквы Андрэй Алешка:
“На вуліцах Злучаных Штатаў вы ня ўбачыце, выбачайце, столькі аголенкі — ці то пад выглядам рэклямы ніжняй бялізны айчыннай, ці яшчэ чаго, як гэта ў нас робіцца. У нас лічыцца ледзьве ня добрым тонам паказаць сваю “свабоду” ў двукосьсі ў гэтай галіне. Але гэта не свабода, а вульгарнасьць і адсутнасьць культуры”.
Прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы прывёў прыклад, калі менавіта барацьбой за маральнасьць часьцяком прыкрываюцца чыноўнікі, грамадзкасьць, міжнародныя арганізацыі: маўляў, у краіне павялічваецца колькасьць ВІЧ-інфікаваных:
“Вось новая ўзьнікла ініцыятыва — стварыць у Беларусі адмысловы цэнтар здароўя для мужчын, што практыкуюць нетрадыцыйныя адносіны. На гэта выдаткаваныя вялікія сродкі. Але калі ў сьвеце ідзе культываваньне гэтых нетрадыцыйных адносінаў, ім трэба мазоліць вуліцы і вочы дзяцей і падлеткаў сваімі парадамі — вось і корань праблемы”.
Журналісты задалі старшыні Рады па маральнасьці пытаньне наконт ягонага стаўленьня да таго, што першая асоба ў Беларусі на словах выступае за сямейныя каштоўнасьці, а на справе возіць за сабою пазашлюбнага сына. Мікалай Чаргінец адказаў так:
“Рабіць упор на гэта — спрабаваць укусіць чалавека, нават калі ён і прэзыдэнт — не заўсёды гэта правільна. Цяжкая справа — сям’я, і нам лезьці з рыдлёўкай і кіркой у душу чалавека — маўляў, “ты ўсё ж такі распавядзі, мне гэта цікава”, ня варта. Ну што, нам лягчэй стане, калі б ён раскрыў нейкі вялікі сакрэт, магчыма, нават чыста інтымнага, чыста сямейнага характару? І жонка ягоная былая нічога ня кажа. Так што давайце ня будзем у гэта ўмешвацца”.