Сёлетні фэстываль “Be Free” будзе праходзіць 22 і 23 жніўня ў цэнтры Чарнігава, на маляўнічым беразе ракі Дзясны, паміж гатэлем “Бранск” і цэнтральным паркам. Арганізатары “Be Free” — Беларуская музычная альтэрнатыва, ініцыятыва “Студфармат” і Эўрапейскае радыё для Беларусі. Фэст некамэрцыйны, усе канцэрты бясплатныя. Намётавы гарадок для гасьцей фэсту будзе літаральна побач са сцэнай, а засяляцца туды можна будзе ўжо ад пятніцы, 21 жніўня. Пра ўдзельнікаў распавядае адна з арганізатараў фэсту Марыя Садоўская:
“Хэдлайнэрамі нашага фэсту будуць гурты “Ляпіс Трубяцкой” і “Воплi Вiдаплясава”. У нас ёсьць яшчэ шэраг украінскіх і беларускіх вядомых і маладых гуртоў, а таксама запрошаны беларускі гурт з Польшчы “Zero 85”, і ўжо другі раз на фэсьце зайграе францускі гурт “Vladivostok”.
На фэсьце выступяць беларускія гурты LitvinTroll, Znich, Pomidor/OFF, Partyzone, ULIS, B:N, ZATOCZKA, Tarpach, Imprudence, якія гралі і летась у Львове. Яшчэ тры гурты — Glofira, Hair Peace Salon і “Рэлікт” — выйгралі конкурс, які праводзіла кампанія “Будзьма!”, і будуць дэбютаваць на фэсьце.
Павал Карнюшын, лідэр гурту Imprudence, зноў едзе на фэст “Be Free” зь вялікім жаданьнем і імпэтам:
“Гэта вельмі добра, што зьбіраюцца прадстаўнікі настолькі розных стыляў і напрамкаў рок-музыкі. Я спадзяюся, што гэты фэст будзе нават лепшы за мінулагодні, што быў у Львове”.
Натуральна, усіх прысутных на прэсавай канфэрэнцыі журналістаў цікавіла пытаньне, чаму беларускія музыкі з посьпехам выступаюць на міжнародных фэстах — да прыкладу, на “Be2gether” у Літве альбо на “Be Free” ва Ўкраіне, а ў сваёй краіне ня ладзяць фэстаў такога ўзроўню.
Кіраўнік “Беларускай музычнай альтэрнатывы” Віталь Супрановіч распавёў пра юрыдычныя, заканадаўчыя праблемы: звычайна выканкам дае дазвол на правядзеньне масавых мерапрыемстваў за пяць дзён да пачатку, а ў такі тэрмін запрасіць музыкаў з-за мяжы і арганізаваць фэст немагчыма. Да таго ж можна чакаць усялякіх сюрпрызаў ад уладаў, кшталту адключэньня электрычнасьці:
“На жаль, у нас заканадаўства краіны ў пляне арганізацыі вялікіх фэстаў на адкрытым паветры не зьмянілася. Калі б мы праводзілі такі фэст у Беларусі, то мы мусілі б вельмі шчыльна супрацоўнічаць з уладамі, што прывяло б да пэўных просьбаў палітычных, ідэалягічных…”
А вось музыкі і музычныя прадусары кажуць іншае. Прадусар гурту “Ляпіс Трубецкой” Яўген Калмыкоў:
“Я доўга думаў: а што перашкаджае ў Беларусі зладзіць падобны фэстываль? І зразумеў: наш агульны ўзровень культуры (сьмяецца) перашкаджае арганізаваць такі фэстываль. Тут вялікая колькасьць міліцыі зьяўляецца абавязковай на такіх мерапрыемствах, і яна стварае фон, што не спрыяе разьняволеньню. І таму ў Беларусі сёньня такі фэстываль з нашым агульным узроўнем культуры немагчымы”.
Адзін з арганізатараў фэсту “Be Free”, лідэр гурту “ULIS” Слава Корань выказаў такое меркаваньне:
“Мы заўсёды маем такую надзею, што, па-першае, будзе значна больш фэстаў з удзелам беларускіх гуртоў. Але, на жаль, зараз тут не атрымаецца зладзіць такі фэст, які мы рабілі і ў Львове і які будзем ладзіць у Чарнігаве. Тут шмат умоваў розных… Ну, ня тая пакуль культура рок-музычная моладзевая. Няма шоў-бізнэсу. Таму лягчэй зрабіць такі буйны фэст ва Ўкраіне”.