Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эўропа скупіць усю зямлю, а людзей ператворыць у падзёншчыкаў”


Перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 15 ліпеня 2009 году


Значная частка лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя ліпеньскія дні — на тэму паступовага збліжэньня Беларусі і Захаду, што адбываецца апошнім часам. Пасьля 15 гадоў прэзыдэнцтва, на працягу якіх Аляксандар Лукашэнка імкнуўся пабудаваць з Масквой адзіную саюзную дзяржаву, ён жа спрабуе надаць беларускаму ўладнаму караблю іншы курс. І ня ўсе ў Беларусі гэтыя зьмены вітаюць.

Наш слухач Канстанцін Котаў з Гомеля, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, незадаволены тым, што кантакты паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем сталі больш актыўнымі. Спадар Котаў лічыць, што гэта ўяўляе небясьпеку для беларускага грамадзтва і парушае колішнія абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі. У сваім лісьце на “Свабоду” Канстанцін Котаў піша:

“Няўжо Лукашэнка верыць у шчырасьць Эўропы, да якой ледзь не на каленях паўзе? Ды гэта Эўропа скупіць усю нашу зямлю, а людзей ператворыць у падзёншчыкаў. Яна зробіць тое, што ня здолеў зрабіць Гітлер.

Мы — не Эўропа. І для яе мы — чужакі. Не дабрабыту і росквіту яна жадае для нас — а імкнецца дабіць канчаткова.

І ні ў якім выпадку ня трэба адмяняць сьмяротнае пакараньне. Наадварот, варта пашырыць яго ўжываньне — напрыклад, на бамжоў, якія запаланілі нашы вуліцы, на п’яных забойцаў на дарогах, гвалтаўнікоў, маньякаў ды наркаманаў.

Дажыліся ўжо да таго, што з хаты страшна выйсьці. Ля крамаў натоўпамі стаяць алькаголікі і літаральна вырываюць з рук кашалькі ды сумкі. Ва ўсіх сквэрах ды парках — суцэльнае п’янства, разбой, брыдкаслоўе. Дзецям няма дзе гуляць — паўсюль алькаголікі ды бамжы.

Дзе ж наша доблесная міліцыя? І чаму, цікава, Эўропа не патрабуе навядзеньня ў нас элемэнтарнага парадку, выкананьня нормаў маралі? Ды таму, што наша дэградацыя Эўропе выгадная.

Прэзыдэнту Лукашэнку я напісаў ліст, у якім нагадваю: “Мы галасавалі за Вас, бо Вы абяцалі яднаньне з братняй Расеяй. А цяпер Вы Расею кінулі, а беларускія газэты абліваюць братоў-расейцаў брудам. Дык правядзіце яшчэ адзін рэфэрэндум! Пастаўце пытаньне: ці згодныя вы, беларусы, стаць рабамі Эўропы? Ці хочаце, каб бандыты і рабаўнікі разгульвалі па белым сьвеце?” Упэўнены, што народ будзе супраць Дык чаму Лукашэнка ня лічыцца зь меркаваньнем народа? Я ўпэўнены, што з Усходу прыйдзе да нас дапамога і пазбаўленьне ад усіх грахоў”.


На працягу мінулых стагодзьдзяў з Усходу беларусы сустракалі ня толькі дапамогу, спадар Котаў. Нацыянальны ўціск, задушэньне вызвольных паўстаньняў, бальшавіцкі рэжым, сталінскія рэпрэсіі, паўпрыгонная калгасная сыстэма — усё гэта таксама ішло на Беларусь ад усходніх суседзяў. І з нацыянальнай гістарычнай памяці гэта ня сьцерлася.

Што да жыцьця ў краінах Эўразьвязу, якое вы называеце “рабствам”. Сотні тысяч беларусаў штогод бываюць у Эўропе, назіраюць за тым, як жывуць там людзі, параўноўваюць зь беларускімі рэаліямі. І ў большасьці выпадкаў параўнаньне не на карысьць Беларусі.

Дарэчы, нядаўна сацыёлягі зь Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў задавалі людзям на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак пытаньне: “Калі б цяпер у краіне праводзіўся рэфэрэндум з пытаньнем, ці ўступаць Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз, якім бы быў ваш выбар?” Адказы разьмеркаваліся так: “за” — 41,4% апытаных, “супраць” — 39,8%. Для параўнаньня: яшчэ летась у верасьні прыхільнікаў далучэньня да Эўразьвязу было на 11% менш.

На тэму наступных прэзыдэнцкіх выбараў і магчымых кандыдатаў ад апазыцыі напісала нам Ніна Марчук з Кобрына. У сваім лісьце яна выказвае наступную прапанову:

“Лічу, што самы дастойны кандыдат у прэзыдэнты — гэта Аляксандар Мех, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па нашай Кобрынскай выбарчай акрузе нумар 12. Мы, на жаль, ня выйгралі ў 2008 годзе. Але час мяняецца. На сёньня Аляксандар Мех — індывідуальны прадпрымальнік. Ён і ў гэтым сябе знайшоў. Але на ніве палітыкі ў яго, лічу, больш шанцаў.

На жаль, сама я ня ведаю, як правільна рабіць прапанову аб вылучэньні кандыдатаў на выбарах. Таму зьвяртаюся да вас”
.

Да выбараў яшчэ багата часу, спадарыня Ніна. Калі будзе абвешчана выбарчая кампанія (а здарыцца гэта наўрад ці раней, чым у наступным годзе), розныя палітычныя сілы возьмуцца за вылучэньне ў кандыдаты сваіх актывістаў. Зусім магчыма, што будзе сярод прэтэндэнтаў і Аляксандар Мех. Ён — асоба ў апазыцыйных колах вядомая. У свой час мы шмат распавядалі пра ягоную гісторыю. Сябар Партыі БНФ Аляксандар Мех быў звольнены з кобрынскага ўпраўленьня Белтрансгазу за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата. Шырокі розгалас набыла ягоная скандальная размова з кіраўніком “Белтрансгазу” і супрацоўнікам кобрынскага КДБ, падчас якой спадара Меха шантажавалі і пагражалі звальненьнем, калі ён не адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Пагроза, як вядома, была ажыцьцёўлена.

Аўтар наступнага ліста — Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну — разважае пра тое, якім чынам улада за кошт насельніцтва вырашае свае фінансавыя праблемы. У лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Калісьці бабка і маці ўзялі крэдыт, каб заплаціць за хату. Пакуль ноч пераначавалі — тыя грошы зьела рэформа. Толькі што ўзятыя грошы ператварыліся ў пыл — без аніякага папярэджаньня з боку дзяржавы. Аддаваць жа крэдыт давялося ўжо новымі грашыма і па новых правілах. Жахлівая нялюдзкасьць. Проста слоў няма, наколькі гэта выродліва. Наўрад ці сярэднявечны інквізытар да такога дайшоў бы. Гэта па плячы толькі бальшавікам, якія навучыліся па-майстэрску караць тых, каго, рвучыся да ўлады, абяцалі абараняць.

Тое ж здарылася ў Беларусі і на пачатку гэтага году — калі 2-га студзеня ўлады ўраз абясцэнілі рубель на 20 працэнтаў. Вось так, абухом па галаве ў якасьці навагодняга падарунка. Няўжо бацькі гэтых людзей, якія прымалі такое рашэньне, на сабе ня зьведалі таго сталінскага вераломства? Няўжо ім тое не баліць? Пазалазілі мальцы высока — нават сучча паабломвалі, рвучыся як мага вышэй да вершаліны”
.

Маніпуляцыі з курсам нацыянальнай валюты, з аднаразовым яе абясцэньваньнем — найбольш просты і цынічны спосаб вырашэньня фінансавых праблемаў дзяржавы. У Савецкім Саюзе гэтым прыёмам карысталіся досыць часта. Колішнія савецкія грамадзяне ў Беларусі дагэтуль безвынікова спрабуюць вярнуць свае грашовыя ўклады, якія бясьсьледна зьніклі ў нетрах Ашчаднага банку. Улада на словах доўг нібыта прызнае, але плаціць адмаўляецца: маўляў, надта вялікія грошы патрэбны: дзе іх узяць? Давайце пачакаем. Разьлік, відавочна, на тое, што зь цягам часу сотні тысяч пакрыўджаных і падманутых адыдуць у лепшы сьвет. Тады і вяртаць даўгі не давядзецца.

Між тым новым укладчыкам новых банкаў улада зноў дае самыя цьвёрдыя гарантыі. Але калі падманулі тады, то дзе пэўнасьць, што не падмануць цяпер?

Наш слухач Мікалай Кернажыцкі са Слуцку ў сваім новым лісьце на “Свабоду” распавёў пра тое, як у тых калгасах, празь землі якіх мяркуецца рух прэзыдэнцкага картэжу, рыхтуюцца да прыезду высокага госьця. Спадар Кернажыцкі піша:

“Атрымалі такую каманду з райвыканкаму і ў вядомым на Случчыне аграгарадку “Казловічы”. Тэрмінова абапал кілямэтровай цэнтральнай вуліцы ў вёсцы Казловічы абнавілі агароджы. А на фарбаваньне іх з ініцыятывы ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму ў вёску прыслалі з гораду брыгаду культработнікаў — чалавек дваццаць. Цэлы тыдзень яны шчыравалі з пэндзлямі, ловячы на сабе цікаўныя позіркі вяскоўцаў. За працу гасьцей бясплатна кармілі ў калгаснай сталоўцы.

А пазьней стала вядома, што прэзыдэнт Казловічы не наведае, бо выбраў іншы паказальны аб’ект, дзе яго, магчыма, і не чакалі.

Паказуха набывае ў краіне характар масавага ўгодніцтва і халуйства”
.

Пра тое, як у гарадах ды вёсках рыхтуюцца да ягонага прыезду, сам прэзыдэнт Лукашэнка ведае. Ня раз казаў пра гэта публічна. Лёгіка ў яго такая: любы гаспадар рыхтуецца да прыезду гасьцей і імкнецца паказаць усё самае лепшае. Да таго ж прэзыдэнт хутка зьяжджае, а адрамантаваныя вуліцы і пафарбаваныя дамы застаюцца. І мясцовым жыхарам гэта, вядома ж, падабаецца.

Іншая справа, што думаюць пра гэта тыя культработнікі — бібліятэкары, рэжысэры, музыканты — якіх прымусова адхіляюць ад працы і пасылаюць з пэндзлямі ў руках фарбаваць агароджы. Фармальна гэта — парушэньне закону: ніводзін працоўны кантракт не прадугледжвае, каб гарадзкі бібліятэкар працаваў маляром у калгасе. Але ва ўмовах Беларусі адмовіцца ад прымусовай працы можна толькі цаной страты працоўнага месца.


Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG