Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчак: “Аўтуховіч прадбачыў ціск на Парэмскую”


Алег Воўчак
Алег Воўчак
Сёньня ў Ваўкавыску затрыманая дырэктарка фірмы “Ніка-таксі 22222” Людміла Парэмская. Назіральнікі не выключаюць, што затрыманьне зьвязанае са справай Мікалая Аўтуховіча, які галадуе ў менскім сьледчым ізалятары ўжо 83 дні.

Людміла Парэмская — дырэктарка прыватнай фірмы, дзе да арышту ў лютым працаваў вадзіцелем Мікалай Аўтуховіч. Пра затрыманьне прадпрымальніцы паведаміў “Свабодзе” праваабаронца Алег Воўчак. Паводле яго словаў, затрыманьне нагадвала спэцапэрацыю. У ім нібыта бралі ўдзел супрацоўнікі “Алмазу”, сьледчыя з управы папярэдняга расьсьледаваньня МУС, дзе вядуць справу Аўтуховіча, і мясцовыя міліцыянты з Ваўкавыску. У офісе фірмы правялі ператрус, забралі дакумэнты, пасьля чаго Людмілу Парэмскую завезьлі ў Менск. Пакуль невядома, ці выставілі ёй абвінавачаньне.

У прэсавай службе МУС зьвесткі пра затрыманьне Людмілы Парэмскай не камэнтуюць. У прэсавай службе Гарадзенскай абласной міліцыі на гэтую тэму таксама нічога ня кажуць.

Мабільны і працоўны тэлефоны Людмілы Парэмскай зараз маўчаць. Супрацоўніца фірмы паведаміла, што бачыла дырэктарку на пачатку працоўнага дня, а дзе яна знаходзіцца цяпер, ня ведае. Зьвязацца са сваякамі Людмілы Парэмскай не ўдаецца.

Праваабаронца Алег Воўчак, які разам зь Мікалаем Аўтуховічам спрабаваў зарэгістраваць арганізацыю вэтэранаў вайны ў Аўганістане, мяркуе, што затрыманьне Людмілы Парэмскай наўпрост зьвязанае са справай Аўтуховіча:

Ад прадпрымальніцы патрабавалі паказаньняў, што яна толькі лічыцца дырэктаркай, а кіруюць фірмай насамрэч Аўтуховіч і Лявонаў.
“Пасьля арышту Мікалая Аўтуховіча і ягонага былога намесьніка Юрыя Лявонава ў лютым Людмілу Парэмскую некалькі разоў дапытвалі сьледчыя. Допыты былі не адносна зброі, якую нібыта знайшлі. Ад прадпрымальніцы патрабавалі паказаньняў, што яна толькі лічыцца дырэктаркай, а кіруюць фірмай насамрэч Аўтуховіч і Лявонаў. А робіцца гэта, мяркую, таму, што ў сьледзтва няма доказаў адносна гранатамёту і падпалу дома, вось і шукаюць хоць нешта, каб пасадзіць”.

Паводле Алега Воўчака, Мікалай Аўтуховіч прадбачыў, што на Людмілу Парэмскую сьледчыя паспрабуюць чыніць ціск, і выказваў ёй маральную падтрымку.

Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч, які галадуе ўжо 83 дні? Новых зьвестак пра гэта няма. Паводле апошніх зьвестак, ён вельмі схуднеў, у мэдычнай частцы ізалятара яму ставяць кропельніцу.

Ад сваякоў Мікалая Аўтуховіча стала вядома, што нядаўна яму ў турму перадавала перадачу ягоная маці Лілія Юльянаўна Аўтуховіч. Узяць у яе камэнтар не ўдалося — яна не падымае слухаўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG