Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі адчуваюць сябе як на вайне


Танкі рухаюцца па вуліцы Сурганава да месца правядзеньня параду
Танкі рухаюцца па вуліцы Сурганава да месца правядзеньня параду
За час рэпэтыцый вайсковага параду ў Менску многія жыхары адчулі нязручнасьці. У час пік, калі для праходу калёнаў вайсковай тэхнікі перакрываюць магістралі, утвараюцца вялікія заторы. Менчукоў, якія жывуць каля месца, дзе будзе праводзіцца афіцыйнае мерапрыемства з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, папярэдзілі, каб не адчынялі фортак і не падыходзілі ў пэўны час да вокнаў.

Падрыхтоўка да вайсковага параду прыпала на дні, калі ў горадзе тэмпэратура паветра ў цяні дасягала 33 градусаў гарачыні. Паводле статыстыкі, у сьпякотныя дні ўзрастае колькасьць дарожна-транспартных здарэньняў. Але заторы на вуліцах, прылеглых да магістралі, па якой ішла вайсковая тэхніка, яшчэ больш паспрыялі аварыям падчас руху.

Менчукі, якія сьпяшаліся з працы дадому, былі сьведкамі інцыдэнту, калі двухпавярховы аўтобус сутыкнуўся з трактарам-прыбіральшчыкам сьмецьця на плошчы Калініна. Сутыкненьняў грамадзкага транспарту з вайсковай тэхнікай не было, бо перад пачаткам руху вайсковай калёны супрацоўнікі ДАІ перакрываюць дарожны рух.

За дзьве гадзіны да руху калёны ўздоўж дарог шыхтуюцца вайскоўцы-рэгуліроўшчыкі ў камуфляжнай форме. Шмат хто з жыхароў сталіцы адчувае псыхалягічны дыскамфорт ад гэтага відовішча.

Тацяна: “Я жыву на вуліцы Сурганава. Маса нязручнасьцяў была ад таго, што дарогу перакрылі. Гэтыя заторы… У мяне як у гаспадыні прэтэнзіі, што людзям, якія несьлі прадукты зь вялізнага ўнівэрсаму, не давалі доўгі час пераходзіць дарогу.

Акрамя таго, мы чакалі-чакалі рамонту дарогі, адной з самай напружаных у горадзе: і тралейбусы, і аўтобусы, і маршруткі… І вось цяпер пайшлі па ёй танкі… Чаму так бяздумна ўсё было зроблена?

У фільмах пра вайну ёсьць сцэны, калі танкі ідуць празь вёску ці горад. Вось у мяне ёсьць асацыяцыя, што мы нібыта перад пачаткам. Ёсьць адчуваньне панікі, блякады. І маральны дыскамфорт, і нязручнасьць, і шум, грукат. Ня думаю, што гэта каму-небудзь спадабаецца. Тым больш у такую сьпёку”.

Удзень над горадам некалькі разоў нізка з грукатам пралятаюць цяжкія бамбавікі і зьнішчальнікі. Уначы — пачынаецца гарматная страляніна.

Гаворыць жыхарка Менску Аксана:

“Я жыву на Пушкінскай, і кожны вечар вось гэтая страляніна з гарматаў і з танкаў. Увечары гадзіне а 10-11-й гэта перашкаджае адпачынку. Маральна гэта непрыемна чуць. Складаецца адчуваньне нейкіх вайсковых дзеяньняў.

Суседзі, у якіх таксама дзеці, скардзяцца, што ім ад гэтага некамфортна“.

Нягледзячы на шматлікасьць вайсковай тэхнікі ў горадзе, інцыдэнтаў з наездам на людзей не было. Падчас рэпэтыцыі паказальнага выступу роты ганаровай варты адзін салдат ня вытрымаў муштры і страціў прытомнасьць.

Жыхароў дамоў, вокны якіх выходзяць на месца правядзеньня афіцыйнага сьвята з удзелам кіраўніка дзяржавы, папярэдзілі, каб не адчынялі фортак і не падыходзілі да вокнаў.

Пасьля леташняга выбуху тых, хто прыйдзе на імпрэзу, будуць правяраць мэталадэтэктарамі, глядзець, што ў спартовых сумках і заплечніках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG