Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы любяць вайсковыя парады


Рэпэтыцыя параду, 30 чэрвеня
Рэпэтыцыя параду, 30 чэрвеня

3 ліпеня ў Менску пройдзе вайсковы парад, у якім будзе задзейнічана болей за 4 тысячы вайскоўцаў з баявой тэхнікай некалькіх пакаленьняў. Як ставяцца да вайсковых парадаў у Беларусі? Чаму адны іх любяць, а ў іншых такія мерапрыемствы выклікаюць сталую непрыязнасьць?

Вечар 30 чэрвеня ў Менску. Па праспэкце Незалежнасьці, насупраць парка Чалюскінцаў, у клюбах дыму і пылу грукочуць баявыя машыны пяхоты, за імі — самаходныя пушкі, потым цягачы з ракетамі. Гэта выходзіць на пазыцыі перад рэпэтыцыяй сьвяточнага параду калёна баявой тэхнікі. Едуць ужо 20 хвіліна, а натоўп гледачоў паабапал праспэкту ўсё гусьцейшы. Выходжу да менчукоў з дыктафонам і пытаюся, ці падабаюцца ім вайсковыя парады.

Дзяўчына: “Вельмі станоўча стаўлюся. Вельмі. Мне падабаецца”.

Карэсапандэнт: “А не шкада вам дарогі, асфальту?”

Дзяўчына:“Ну шкада, і што з таго?”.

Яе сяброўка: “Мяркую, раз на год — можна паглядзець на тэхніку. Юбілейная дата. Таму маё стаўленьне да гэтага — вельмі станоўчае”.

Карэспандэнт: “А што вам непасрэдна цікава: ракеты, танкі, ці што іншае?”

Дзяўчына: “Ды ўсё. Убачыць, што было падчас вайны — гэта вельмі цікава”.

Карэспандэнт: “Хіба вось гэтыя ракеты былі падчас вайны?”

Дзяўчына: “Ну ня ведаю, былі ці не. Але адчуваеш сілу гэтага, нават гук такі!”

Яе сяброўка: “Мы мала ў гэтым разумеем, але — ўсё роўна цікава”.

Адказы, якія я атрымаў яшчэ ад 10 суразмоўцаў, мала чым адрозьніваліся. Маладзёны як адзін казалі, што ім парады падабаюцца, мужчына зь сівой барадой сказаў, што яму цікава паглядзець, куды ідуць ягоныя падаткі і пераканацца, што яго ахоўваюць добра. Малады чалавек ў акулярах згадаў афарызм, што народ, які не хоча утрымліваць сваё войска, будзе утрымліваць чужое. Праверыўшы маё журналісцкае пасьведчаньне суразмоўца горда паведаміў, што “заўтра едзе ў ЗША”. “Там такіх парадаў не пабачыце”-паспрабаваў я паспрачацца, і атрымаў у адказ рубам: “А навошта ім парады? Яны ўвесь сьвет трымаюць”.

Чаму беларусы гэтак любяць вайсковыя парады? Гэта мэнталітэт народу ў атачэньні суседзяў, якія ў гісторыі не аднойчы станавіліся лютымі ворагамі? Ці комплекс непаўнавартасьці малога народу? Ці гаворку трэба весьці не пра народную, а выключна палітычную традыцыю?

Генадзь Сагановіч
Гісторык Генадзь Сагановіч кажа: да 19 стагодзьдзя беларусы вайсковых парадаў ня ведалі, традыцыі сьвяткаваньня вайсковых перамог былі, але ў іншым выглядзе. А рэгулярныя парады як дэманстрацыя магутнасьці — гэта пайшло ад імпэрый: спачатку расейскай, потым савецкай.

“Так, хутчэй гэта зьвязана з імпэрыямі. А раней былі проста трыюмфальныя шэсьці пасьля перамог, гэта ўсё ж крыху іншае”.

Уладзімер Арлоў
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў заўважае, што сярэднявечныя традыцыі не маглі не адыйсьці ў гісторыю, улічваючы тыя значныя перамены, якія адбыліся з краінай на шляху ад Вялікага княства Літоўскага да сучаснай Беларусі. Сучасны мэнталітэт беларусаў больш вызначаецца цяперашнім станам нацыі, мяркуе Уладзімер Арлоў.

“Усе такія вайсковыя гульні любяць дзеці. Мы ўсе гулялі ў салдацікаў, калі былі малыя. Я прынамсі гуляў. Калі чалавек сталее, ён больш сур’ёзнымі справамі займаецца. Таму для мяне такое захапленьне парадамі часткі нашага насельніцтва ёсьць прыкметай несфармаванасьці нашай нацыі. Гэтая нацыя знаходзіцца яшчэ ў такім нясталым, пераходным узросьце”.

Аляксандр Класкоўскі
Палітоляг Аляксандр Класкоўскі бачыць у захапленьні беларусаў вайсковымі парадамі найперш палітычны чыньнік. Паводле Класкоўскага, “парадаманія” штучна разьдзімаецца недэмакратычнымі ўладамі, якім няма чаго прад’явіць народу ў якасьці дасягненьня, акрамя “трывалай абароназдольнасьці”.

“Калі няма чаго ўладзе паказаць добрага ў сёньняшнім дні, сказаць, што вось мы для чалавека зрабілі тое і тое, тады пачынаецца гэтае банальнае эксплюатаваньне тэмы подзьвігу і тэмы сваёй ваеннай магутнасьці. Немагчыма ж сказаць, што мы зрабілі найлепшыя ўмовы ў нейкай галіне, паднялі дабрабыт, палепшылі сытуацыю з правамі чалавека. Тады і кажуць, што мы ўсім дадзім па зубах, хто на нас палезе. Вось такая зноў запускаецца няхітрая кружэлка”.

Аляксандр Класкоўскі адзначае, што парадаманія — прыкмета дыктатарскіх рэжымаў і згадвае пра Паўночную Карэю, Лівію. Схільнасьць некаторых эўрапейскіх краін, як Францыі, да вялікіх вайсковых сьвятаў палітоляг патлумачыў гістарычнай традыцыяй і пры гэтым заўважыў, што французы шукаюць новую стылістыку вайсковых сьвятаў. “Сёлета вось больш шырока адзначылі высадку саюзьнікаў у Нармандыі. Што да беларускіх чыноўнікаў, якія ў нас праводзяць гэтыя сьвяты, яны ад савецкіх традыцый адысьці ніяк ня могуць”.

Павал Казлоўскі
Былы міністар абароны Павал Казлоўскі сярод тых, хто лічыць: вайсковыя парады патрэбныя, пытаньне толькі ў іх якасьці і памерах.

“Старэўшаму пакаленьню вельмі важна, што не забылі іх подзьвіг, бо іх мала ўжо засталося. Я таксама дзіця вайны, я вязень фашызму. А маім дзецям гэта было меней цікава, унукі яшчэ меней ведалі. Таму, каб моладзь не забывалася, такія сьвяты патрэбныя. Іншае пытаньне — ці трэба такі вялікі парад?”

Карэспандэнт: “А вы як адказваеце на гэта пытаньне?”

Казлоўскі: “Я адказваю гэтак: ёсьць сродкі ў дзяржавы — хай праводзіць”.

У кіраўніка прэсавай службы Міністэрства абароны Паўла Раменчыка я запытаў, колькі будзе каштаваць вайсковы парад на сьвята 3 ліпеня?

“Гэта вам трэба спытаць ў мінфіне, у нас такіх зьвестак няма”.

Карэспандэнт: “А ёсьць нараканьні, што асфальт могуць пашкодзіць. Што скажаце?”.

Раменчык: “Пакуль не пашкодзілі. Тэхніка хадзіла па горадзе, ўсё нармальна”.

Былы партызан Андрэй Маркавец дайшоў з баямі да Эльбы, братаўся там з амэрыканскімі салдатамі. Вэтэран вайны ў канцы чэрвеня патрапіў у вайсковы шпіталь, што ў Бараўлянах пад Менскам. Пытаюся, ці шкадуе ён, што не пабачыць з вэтэранскай трыбуны танкі ды гарматы? Аказваецца, не шкадуе: у крайнім выпадку глядзеў бы на пяхоту ды кавалерыю.

“Вайсковая тэхніка на мяне наводзіць холад. Жах, дрэнныя думкі. Успамінаю, як ўсё бачыў у агні і дыме. Я ведаю, што з танку кветкі ня сыплюцца, а толькі агонь. Я на гэта нагледзеўся і мне лепш бы глядзець на парад фізкультурнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG