Беларуска-іранскія кантакты пачыналіся з культуры, а іх гісторыя яшчэ мусіць быць напісаная. Узгадаем яркія эпізоды. У XVIII ст. князь Міхал Казімір Радзівіл заснаваў у Слуцку фабрыку паясоў з красамоўнай назвай — пэрсыярня. Сьпярша на ёй працавалі прывезеныя пэрсыяне і асманскія армяне ды туркі, але зусім неўзабаве іх зьмянілі мясцовыя майстры. Яны перарабілі арыентальныя ўзоры на беларускі густ, і гэта рамантычна апеў Максім Багдановіч. У 19-м стагодзьдзі ў Іране апынуўся філямат Аляксандар Ходзька, які стаў слынным іраністам ды перакладнікам пэрсыдзкай паэзіі на эўрапейскія мовы і прысьвячаў гэтаму краю вершы. Урэшце Пімен Панчанка па выніках сваёй службы ў складзе акупацыйнага кантынгенту Чырвонага войска ў Іране ў 1944-45 гадох напісаў "Іранскі дзёньнік"... Узаемадзеяньне беларускай і іранскай культураў давала свой плён, чаму спрыяла ўнікальная культурная спадчына Ірану.
У параўнаньні зь Беларусяй Іран не перажываў апусташальных грамадзкіх катаклізмаў глябальнага характару ў апошнія паўтара стагодзьдзя, там не расстрэльвалі дзясяткі паэтаў і не ссылалі на сьмерць мастакоў. Гэта спрыяла захаваньню непарыўнасьці культурнай традыцыі і яе натуральнаму разьвіцьцю. Нават іранскія мініятуры захаваліся як жанр да ХХІ стагодзьдзя. Гэта – адзін зь цікавейшых здабыткаў іранскае культуры. Сваімі "маленькімі", але ўсё ж карцінкамі іранцы фактычна праігнаравалі забарону на выяўленьне вобразаў адушаўлёных істотаў у ісламе. На іх знайшлося месца і рэлігійным матывам, і зусім фрывольным, нават непрыстойным сюжэтам. Вузкія вочы і мангалёідныя рысы на многіх раньніх мініятурах сьведчаць пра сярэднеазіяцкае, а мо і кітайскае, паходжаньне жанру. Канцэнтраванае маляваньне на маленечкай плошчы спрыяла выпрацоўцы своеасаблівай тэхнікі мініятуры, якая захавалася, хоць сёньняшнія мініятурысты малююць часам на зусім не мініятурных аркушах.
Мініятура атрымала разьвіцьцё перш за ўсё дзякуючы кніжкам вершаў, дзе іх уласна сьпярша і малявалі. Асаблівасьцю іранскае літаратуры ёсьць надзвычай вялікая роля паэзіі, тады як проза мела да нядаўняга часу другараднае значэньне. Клясычная і антычная літаратура любога народу – чытво дужа спэцыфічнае, але не ў Іране – бо ўявіце сабе, што тамака нават ня самыя адукаваныя людзі працытуюць вам пры нагодзе напісаную тысячу гадоў таму "Кнігу каралёў" Фірдаўсі, малапісьменныя сялянкі прапануюць пагадаць на кнізе Хафіза (сярэдневечнага песьняра), а кіроўца таксоўкі прыгадае пару радкоў з Саадзі, паэта часоў нашага княза Гедыміна. Неяк я быў агаломшаны, калі сівы дзядок вясковага выгляду, вучачы мяне жыцьцю на аўтобусным прыпынку, пачаў дэклямаваць Фірдаўсі. Я ўжо маўчу пра маніякальную прагу іранцаў уплюшчыць штосьці паэтычнае ў кожную імпрэзу, дарэчы і недарэчы.
Ніколькі не ідэалізую гэтае сытуацыі – веданьне страфы з Хафіза ні пра што ня кажа, але падкрэсьлю наяўнасьць самой традыцыі клясычнай паэзіі ў побыце, своеасаблівага культу нацыянальнай літаратуры сярод народу. Акурат праз такое сутыкненьне зь іраншчынай пачынаеш яшчэ больш цаніць беларускую паэзію...
Кніжны рынак у Іране надта багаты і жывы. Прытым перакладаецца і выдаецца мноства заходняй літаратуры, перадусім найноўшай – што тады зьдзіўляцца ступені вэстэрнізаванасьці краю і бунтоўнасьці яго насельнікаў. Аб'ёмы перакладу на пэрсыдзкую іншамоўных кніг у Іране блізкія да аб'ёмаў перакладу на арабскую ва ўсіх 25 (sic!) краінах арабскага сьвету, ня кажучы ўжо пра якісьці Пакістан. Гэтаму, зрэшты, спрыяе і недалучанасьць краіны да міжнародных канвэнцыяў аб аўтарскіх правах.
Знайсьці Гайдэгера ці Маркеса па-пэрсыдзку ў Тэгеране – не праблема, у цэнтры места ёсьць кілямэтровая «вуліца кнігарняў». Праўда, апошнюю кніжку Маркеса забаранілі да друку, але постфактум – пасьля таго як яна выйшла і разышлася. Больш за тое, кнігі культавых заходніх мысьліцеляў знаходзяць водгук нават сярод рэлігійных вучоных аятолаў, і той-сёй зь іх піша свае адказы якому-небудзь Вітгенштайну. На такой глебе новыя ідэалягічныя плыні растуць, як грыбы. Іран – гэта краіна ў жорсткіх ідэалягічных рамках, але аніяк не дыктатура, у тым ліку што датычыць інтэлектуальнай атмасфэры.
Захапляе дбайнае стаўленьне да пэрсыдзкай мовы, якую няспынна чысьцяць ад запазычаньняў – і навейшых эўрапейскіх, і старэйшых арабскіх, замест якіх бяруць старадаўнія слоўцы з клясычнай літаратуры ці наагул сярэднепэрсыдзкай мовы. Часам пасьля такіх нярэдкіх пурыстычных росшукаў кнігі робіцца цяжка чытаць. Гэта ўсё адно, каб хто пачаў масава выдаваць кніжкі па-беларуску з інавацыямі а-ля Ластоўскі і д-р Станкевіч. Адначасова ў адрозьненьне ад арабскіх краінаў, дзе вышэйшая адукацыя па прыродазнаўчых і тэхнічных дысцыплінах даступная толькі па-ангельску ці француску, у Іране абсалютна ўсе навукі выкладаюцца па-пэрсыдзку, балазе існуе адпаведная моўная база ды тэрміналёгія. Нават у гэтым Іран моцна адрозьніваецца ад амаль усіх краінаў свайго рэгіёну.
У апошнія гады Іран праславіўся сваім кіно. Пасьля Ісламскай рэвалюцыі складваецца новае іранскае кіно, вядомае за мяжой па працах Кіярустамі, Кабадзі, Маджыдзі ды інш. Гэта быў якасны пераход ад прапагандысцкіх ці прымітыўных камэрцыйных стужак часоў шагскай дыктатуры. Пры ўсіх ідэалягічных і рэлігійных абмежаваньнях, усталяваных рэвалюцыйным рэжымам, факт ёсьць фактам – пасьля рэвалюцыі Іран пачаў прадукаваць кіно, якое прыцягвае ўсё большую ўвагу сьвету. Ахвочыя могуць параўнаць ўзоры да- і парэвалюцыйнага кіно, якіх поўна ў інтэрнэце.
Адметная сама выключная разнастайнасьць сучаснага іранскага кінэматографу і наяўнасьць якаснага масавага кіно. У самім Іране мясцовыя фільмы глядзяцца і абмяркоўваюцца людзьмі ня менш за галівудзкія, а індыйскія фільмы, якія запаланілі суседні аднамоўны Аўганістан, наагул трымаюцца на маргіналіях, як кур'ёз. Гэта магчыма, бо штогод у краіне прадукуецца колькі дзясяткаў стужак.
Цікавым фэномэнам стала сям'я кінарэжысэра Махсэна Махмальбафа, цяпер вядомага таксама як прэсавы сакратар Мусаві за мяжой. Усе чальцы ягонай сям'і – жонка, дзьве дачкі і сын – таксама здымаюць файнае кіно. Праўда, найбольшай, сусьветнай вядомасьці як кінарэжысэры дасягнулі сам Махсэн і старэйшая дачка Саміра. Варта пачытаць іх ангельскамоўныя тэксты на www.makhmalbaf.com. Наведаўшы сайт Махмальбафаў, вы пераканаецеся, што сцэнары фільмаў могуць быць такімі ж цікавымі, як мастацкія аповесьці.
***
Сёньня Беларусь і Іран надаюць культурным кантактам невялікае значэньне. Напрыклад, ужо гадоў пяць, як іранская амбасада ніяк ня вырашыцца прафінансаваць перавыданьне перакладу Амара Хаяма на беларускую мову, зробленага Рыгорам Барадуліным. Аргумэнтацыя да болю знаёмая: "А нашто? Ёсьць жа па-расейску"...