Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каўшовік: Як Масква пазбавіла Беларусь алімпійскага чэмпіёнства


Уладзімер Каўшовік
Уладзімер Каўшовік

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Уладзімер Каўшовік з Мастоў. Сёлета яму 50 гадоў. Скончыў Інстытут замежных моваў. Валодае францускай і ангельскай. Сябра партыі КХП БНФ. Захапленьні: фота, відэа. Стваральнік сайту www.masty.org Працуе над мэтодыкай выкладаньня ангельскай мовы.


22-24 чэрвеня Гарадзеншчына прымала ўдзельнікаў IV Рэспубліканскай спартакіады школьнікаў. Спаборніцтвы па веславаньні праходзілі на Ваўпянскім вадасховішчы. Арганізатарамі выступалі Мастоўскі выканаўчы камітэт і мясцовая СДЮШОР-1 па веславаньні на байдарках і каноэ – цэнтар па падрыхтоўцы весьляроў Гарадзеншчыны.


Урачыстасьці адкрыцьця і ўзнагароджваньня адбыліся на тэрыторыі санаторыя “Энэргетык”. У выніку спаборніцтваў на дыстанцыях 500 і 1000 мэтраў першае месца заняла каманда Гомельскай вобласьці, другое – Менскай і трэцяе дасталася гарадзенцам.
Зь нецярплівасьцю чакалі прыезду трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча .


Прысутнічалі таксама легендарныя аліміпійцы Ўладзімер Раманоўскі і Зьдзіслаў Сарока.

У зборную каманду Савецкага Саюза апошняга ўключылі ў 16-гадовым узросьце. Праз два гады хлопец з правінцыйнага беларускага гарадка ўжо лёгка перамагаў самых тытуляваных сапернікаў. У 1976 годзе ён стаў чэмпіёнам СССР, быў уключаны ў алімпійскую каманду і афіцыйна заяўлены на дыстанцыю 500 мэтраў. Запасным лічыўся масквіч Аляксандар Рогай (1956 – 2004) . Аляксандар Рогаў быў пераможцам Кубку СССР. Гэта адзіныя афіцыйныя спаборніцтвы , якія Сарока прайграў Рогаву, але яны не ўплывалі на тое, хто будзе стартаваць на алімпіядзе, таму што галоўным адборачным стартам быў чэмпіянат СССР. Аднак у Манрэалі за гадзіну да старту, калі Зьдзіслаў пачаў зьбіраць лодку, каб разагрэцца, яму сказалі:

– А ты куда? Идёт Рогов. Мы перезаявили.

Праз многа гадоў, у прыватнай гутарцы зь Сілаевым, колішнім галоўным трэнэрам СССР, які ні перад кім у сваім жыцьці не апраўдваўся, Сарока пачуў такія словы:

– Здислав, ты понимаешь, это Москва поставила задачу, чтобы ехал москвич...

Пасьля такіх “гульняў” спадар Нядзельскі, былы галоўны трэнэр зборнай Польшы па байдарках і каноэ, прапанаваў Сароку пераехаць у Польшу і выступаць на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Зьдзіслаў адмовіўся. Зараз ён працуе намесьнікам дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па веславаньні на байдарках і каноэ.

У Зьдзіслава Сарокі за плячыма не было тады сваёй краіны – усяго толькі БССР: правінцыя вялікай імпэрыі, адзіны прадстаўнік якой – Анатоль Каптур ня мог разабрацца і ўзьняць голас у абарону, таму што сам прысутнічаў ў зборнай камандзе СССР з ласкі маскоўскіх інтрыганаў.

Прыдзе час выступаць на міжнародных спаборніцтвах і сёньняшнім удзельнікам IV спартакіялы школьнікаў. Адно можна сказаць пэўна: ім не давядзецца цярпець з-за інтрыг, як гэта было са многімі беларусамі за часамі СССР. І са Зьдіславам Сарокам, і з Уладзімерам Парфяновічам (ён ня ўдзельнічаў у алімпіяде ў Лос-Анжалесе з-за байкоту СССР гэтых нульняў), чы яшчэ двума хлопцамі з Мастоўшчыны, якім не далі дазвол на выезд з краіны для удзелу ў чэмпіянаце Эўропы сярод юніёраў у Вішы пад Парыжам (у аднаго бацька быў у палоне , а другі меў родзіча ў ЗША ).

Але пра гэта трэба ведаць, памятаць і распавядаць, асабліва на такіх мерапрыемствах, як мінулая спартакіяда.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG