Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Увесьці мараторый — справа аднаго дня”


Як хутка беларускія ўлады могуць выканаць патрабаваньне Рады Эўропы адносна мараторыю на сьмяротнае пакараньне і чаму такі мараторый ня ўводзіўся дагэтуль? Што кажуць наконт гэтага праваабаронцы і вядомыя палітыкі?


Як хутка магчыма ўвядзеньне мараторыю на сьмяротную кару ў Беларусі? Гэтае пытаньне я задаў сёньня кіраўніку прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Паўлу Лёгкаму.

“Найперш пытаньне да таго, хто мае паўнамоцтвы прымаць такое рашэньне”, — адказаў Павал Лёгкі і дадаў, што асабіста ён думае наконт гэтага: “На маю думку, трэба ўзважыць наступствы такога рашэньня. Яно няпростае, бо на рэфэрэндуме 80% выказаліся супроць адмены сьмяротнай кары. Безумоўна, патрабаваньне ПАРЭ пачутае, над ім разважаюць, але адказу трэба пачакаць”.

Што думаюць пра мараторый вядомыя палітыкі і праваабаронцы? Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак мяркуе, што мараторый на сьмяротную кару даўно насьпеў:

“На маю думку, яго можна ўвесьці хоць сёньня. Шлях акрэсьлены Канстытуцыйным судом яшчэ ў 2004 годзе, і для гэтага дастаткова ўказу пра тое, што сьмяротныя прысуды не прыводзяцца ў выкананьне”.

Паводле праваабаронцы, у выпадку ўвядзеньня мараторыю трэба вызначыць месца, дзе будуць утрымліваць асуджаных да вышэйшай меры пакараньня. Для гэтага не падыходзіць, на думку праваабаронцы, менскі сьледчы ізалятар, дзе ўмовы ўтрыманьня асуджаных на сьмерць вязьняў шмат хто прыроўнівае да катаваньня. Таксама патрэбныя гарантыі, што людзей, якія падпалі пад мараторый, ніколі не пакараюць сьмерцю, нават калі мараторый зь нейкіх прычын адменяць. “Гэта было б бесчалавечна”, — мяркуе Алег Гулак.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб лічыць, што прыняцьце мараторыю — гэта экзамэн на эўрапейскасьць, які Беларусь павінна здаць пасьпяхова:

“Гэтае пытаньне не надуманае адмыслова для Беларусі. Гэта эўрапейская норма, эўрапейскі падыход, які ўжылі і для Беларусі. І другое: сёньня кіраўніцтву Беларусі лягчэй выканаць менавіта гэтае патрабаваньне, чым іншыя, больш складаныя”.

Старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч нагадаў, як у сярэдзіне 2004 году сустракаўся з эўрапейскімі чыноўнікамі ў якасьці адмысловага пасланьніка міністра замежных спраў. Тады была ўзгодненая “пакрокавая стратэгія” збліжэньня Беларусі з Эўропай, у якой прадугледжваўся і мараторый на сьмяротнае пакараньне:

“Але тады, у 2004 годзе, яшчэ ня быў гэтак адчувальны Эўразьвяз і наш інтарэс да яго. Цяпер узьнік такі імгненны інтарэс, і ўсе разумеюць, што пытаньне трэба вырашаць. Ведаючы сытуацыю ў парлямэнце, гэта не праблема. Быў бы ўказ прэзыдэнта, а парлямэнт яго хутка зацьвердзіць”.

Пры гэтым Сяргей Гайдукевіч не выключае, што пасьля ўвядзеньня Беларусьсю мараторыю на сьмяротнае пакараньне Эўропа можа паставіць і іншыя пытаньні па рэфармаваньні сытуацыі ў краіне.


Старшыня праваабарончай арганізацыі “Вясна” Алесь Бяляцкі спаслаўся на апошнія дасьледаваньні грамадзкай думкі, паводле якіх колькасьць прыхільнікаў сьмяротнага пакараньня ў Беларусі значна зьнізілася ў параўнаньні зь сярэдзінай 1990-х гадоў і ўжо фактычна роўная з колькасьцю тых, хто супроць сьмяротнай кары. Алесь Бяляцкі адзначае, што ў грамадзкую кампанію за адмену сьмяротнай кары ўключаецца ўсё болей вядомых асобаў:

“Адгукнулася ўжо шмат людзей, сярод іх і першы падпісант Беларускай Канстытуцыі спадар Мечыслаў Грыб, пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў, Сьвятлана Алексіевіч, вядомыя музыкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG