Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Драхакруста адсутнічае прафэсійны крэтынізм”


Выйшла 16-я кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” “Акцэнты Свабоды” Юрыя Дракахруста. Гэтая кніга — зборнік выбраных перадачаў праграмы Беларускай службы Радыё Свабода «Праскі акцэнт», якія выйшлі ў эфір у 2001—2008 гадох.



Філёляг і дыплямат Пётра Садоўскі:


Юры Драхакруст для мяне – чалавек беларускага Адраджэньня канца 80-х. Памятаю яго яшчэ танклявым і падхартаным, па фігуры чымсьці падобным да маладога генэрала Дэ Голя. Толькі з рудой курчавай барадой, зь ціхім спакойным голасам. Калі разважаў уголас, неяк як бы прыплюшчваў вочы і трохі адкідаў галаву назад: пытаючы ці выказваючыся, відаць, па-матэматычнаму нешта аналізаваў-маракаваў. На журналіста – на маё тадышняе ўспрыманьне – быў мала падобны… Стаў адным зь летапісцаў вызвольнага руху. Можа, больш дакладна – аналітыкам Адраджэньня… Ягонае незвычайнае прозьвішча я некалі этымалягізаваў для сябе як “паветраны зьмей” (па-нямецку “драхэн”, Drachen). Вось такі хударлявы і разумны зьмей, высока лётае і ўсё бачыць…

Слова “Адраджэньне” я заўсёды ўжываю абачліва і з засьцярогаю: што адраджаем? Тут бы знайсьці нейкае ёмкае слоўца, якое б пакрывала сэнс кшталту “злучэньне нацыянальнага часу”, – так бы мовіць, “ як спалучыць Сапегу і Машэрава?” Так, здаецца называўся адзін з “Праскіх акцэнтаў” 2001 году, дзе суразмоўцамі Юрыя былі Валянцін Акудовіч ды Ігар Бабкоў. Як сашчапіць у “лінейную пасьлядоўнасьць” у часе і прасторы беларускую рэчаіснасьць, што трэснула пад узьдзеяньнем глябальных разрываў?

На працягу гадоў дваццаці, як мне здаецца, Юры шукае на гэта адказ: як “дабудаваць” нацыянальную ідэнтычнасьць у эпоху глябалізацыі, калі большасьць вядучых нацыяў уступілі ў постнацыянальную эпоху? Ці магчымае пасьпяховае разьвіцьцё дзяржавы без нацыянальнай ідэі?

Калі я чытаў гутаркі аўтара з гасьцямі “Праскага акцэнту”, я лавіў сябе на думцы, што апошнія гадоў пятнаццаць Беларусь стаіць на месцы, як рака пад лёдам. Як у 2001-м, так у 2004-м і 2009-м гаворым пра адно і тое ж: Як зьмяніць выбарчае заканадаўства? Як інтэлігенцыі ставіцца да ўлады (“Дылемы беларускага Фаўста”)? Як вывесьці народ на плошчу? Як ставіцца да спадчыны БНР? Таму, на жаль і на радасьць: Юры Драхакруст актуальны і цікавы.

Не ў якасьці ўрачыстага камплімэнту з нагоды прэзэнтацыі кніжкі, а зусім шчыра, хачу сказаць: акцэнты, якія ставіць Юры з эўрапейскай Прагі, дапамагаюць слухачам (а цяпер ужо і чытачам у Інтэрнэце) наблізіцца да разуменьня таго, дзе мы знаходзімся і хто мы ёсьць. А, значыць, яны нас яднаюць, жывяць наш розум, вылучаюць праблему, якая нас хвалюе. Адбываецца такім чынам нешта кшталту штодзённага бесьперапыннага плебісцыту, што фармуе нашую ідэнтычнасьць. Пра такіх “чарвякоў нацыянальнага гною” пісалі і Хасэ Артэга-і-Гасэт, і Пэтэр Слётэрдайк, і Эрнэст Рэнан…

Гутаркі цікава чытаюцца. Мадэратар удала падбірае суразмоўцаў, дасьціпна, без саламяных штампаў, спрачаецца. У Драхакруста адсутнічае прафэсійны крэтынізм, уласьцівы шмат каму зь беларускіх журфакаўцаў. Як у выхаванца матэматычнай школы, у яго часта на выспу афарызмаў узьбіраюцца элегантныя эўрапейскія інтэлектуалізмы: “Глыбокая думка – гэта такая, адмаўленьне якой, – таксама глыбокая думка” (Нільс Бор).

Застаецца толькі сказаць слова ўдзячнасьці заснавальніку і каардынатару сэрыі “Бібліятэка Свабоды” Аляксандру Лукашуку, які выпускае з-пад крыла “Свабоды” разумныя і добрыя кніжкі. Радыё “Свабода” для сёньняшняй Беларусі – сапраўды, больш, чым проста радыё… Гэта я кажу, узгадваючы юбілейны плякат з нагоды 55-годзьдзя Беларускай рэдакцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG