Аляксандар Класкоўскі, палітоляг:
“Паколькі я сам журналіст, то выдатна ўяўляю, якая катаржная праца стаіць за гэтай процьмай перадач такога складанага, я б сказаў, нэрвовага фармату. Там вялікая галерэя выступоўцаў, але ўсе гэтыя пярэстыя сюжэты, россыпы развагаў зьнітаваныя інтэлектам і майстэрствам вядоўцы. З аднаго боку, ён пазьбягае такой эмацыйнай ангажаванасьці, ня цісьне на суразмоўцаў, але, разам з тым, не праміне, напрыклад, дасьціпна зрэзаць нейкага аматара звонкай, але пустой фразы. І ён заўжды чэпка трымае дыскусію ў сваім інтэлектуальным сілавым полі. Таму гэты зборнік я зь лёгкай душой раіў бы як дапаможнік для журфаку. Вось так робіцца прафэсійны мэдыяпрадукт”.