Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забавы на бруднай рацэ


На рацэ Віцьба ў Віцебску ўпершыню за шмат гадоў пачала працу лодачная станцыя. Жадаючыя могуць за 5 000 арэндаваць на гадзіну лодку або катамаран ці “прагуляцца” па вадзе ў адмысловым празрыстым шары.


Віцябляне з радасцю сустрэлі магчымасьць не выяжджаючы з гораду адпачыць, але радасьць была нядоўгай — 11 чэрвеня Рэспубліканскі цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і здароўя забарніў купаньне ў Віцьбе.

Забарона гэтая ня можа быць нечаканай ні для жыхароў, ні для гарадзкіх уладаў, якія аддалі загад усталяваць зону адпачынку на бруднай рацэ — забарона выкарыстаньня Віцьбы ў культурна-бытавых мэтах абвяшчаецца некалькі гадоў запар. Гэта й ня дзіўна, бо на працягу 5 кілямэтраў рэчышча, што праходзіць па тэрыторыі гораду, у рэчку скідваюцца воды ліўневай каналізацыі. у тым ліку з тэрыторый прамысловых прадпрыемстваў. Ніякіх сыстэмаў ачысткі на гэтых стоках не прадугледжана.



У працэсе рэканструкцыі даліны Віцьбы, якая праходзіла ў канцы траўня па загадзе старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Касінца, рэчышча было ачышчанае ад сьмецьця пры дапамозе экскаватараў. На гэтым паляпшэньне гідралягічнага і экалягічнага стану вадаёму скончылася. На падобнае добраўпарадкаваньне былі выдаткаваныя 200 мільёнаў рублёў, якія сабралі віцябляне пад час суботніка і нядзельніка 14-15 сакавіка. На ачыстныя прыстасаваньні грошаў не знайшлося, дый не змаглі б іх пабудаваць за той кароткі тэрмін, які быў адведзены на адкрыццё зоны адпачынку.




Аднак, нягледзячы, на забарону купаньня, лодачная станцыя на Віцьбе працягвае працаваць у штатным рэжыме. Больш таго — у зоне адпачынку мне не ўдалося знайсьці ніводнай шыльды “Купаньне забаронена”, якая прадугледжана беларускім заканадаўствам у такіх выпадках. Публіка пакуль што з-за халоднага надвор’я не купаецца, адно катаецца на лодках ды вудзіць рыбу, але што будзе, калі вернецца сьпёка?



Грамадзкі рэдактар тыдня Cяржук Серабро нарадзіўся ў 1975 годзе ў вёсцы Баяры Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці ў сям’і вясковага настаўніка. Журналісцкую працу пачаў у 1995 г. у газэце “Выбар”, якую рэдагаваў вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ад 1999 году — кіраўнік выдавецкіх праграмаў ГА “Цэнтар моладзевых ініцыятываў “Контур”, а ў 2001 годзе стаў галоўным рэдактарам заснаванай “Контурам” абласной газэты “Віцебская трыбуна”. На жаль, у 2004 годзе газэту пазбавілі ліцэнзіі. У якасьці фотажурналіста супрацоўнічаў зь “Віцебскім кур’ерам”. У 2006 годзе стварыў уласную інтэрнэт-газэту “Народныя навіны Віцебска”, якую на сёньняшні момант штодня наведваюць каля 600 чалавек. Вядзе блог у Жывым Журнале.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG